Мая мова — мой голас. Ці з’явіцца вывад беларускага маўлення ў Google Translate?

Дапамажыце сабраць галасы пад петыцыяй за ўключэнне вываду маўлення на беларускую мову ў дадатку Google Translate.

Фота Арыны Сянькевіч

Фота Арыны Сянькевіч

Беларусы склалі петыцыю на платформе sign.moveon.org. Яна накіравана на тое, каб прасіць Google зрабіць вывад маўлення на беларускую мову ў дадатку Google Translate. Давайце дапаможам сабраць пад ёй галасы!

Мэта — сабраць 100 000 галасоў пад петыцыяй у падтрымку беларускай мовы.

Пасля гэтага мы напішам камандзе Google Translate і ласкава папросім іх даць маўленчы вывад на беларускай мове. Гэта пашырыць моўную даступнасць, дасць нам магчымасць захавання мовы, а таксама заахвоціць выкарыстанне роднай мовы сярод маладых беларусаў.

Наша мова — наш голас: зробім так, каб беларускую мову пачулі!

Пішу, каб звярнуць увагу на праблему беларускай мовы, на якой сёння не размаўляе большасць беларускага насельніцтва ў паўсядзённым жыцці, а ЮНЕСКА аднесла да ліку «ўразлівых» (або тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення) некалькі гадоў таму.

Нягледзячы на сваю гістарычную і культурную значнасць мова сутыкалася і сутыкаецца з праблемамі з-за дамінавання рускай мовы ў рэгіёне.


Беларуская мова адыгрывала важную ролю ў Вялікім Княстве Літоўскім, якое было адной з найбуйнейшых і магутных дзяржаў Еўропы Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Падчас свайго росквіту ВКЛ ахоплівала вялікую тэрыторыю, якая ўключала частку сучасных Літвы, Беларусі, Украіны, Латвіі, Эстоніі і Расіі. Адным з найважнейшых юрыдычных дакументаў дзяржавы, напісаных на старабеларускай мове, быў Трэці Статут, які ўяўляў сабой прававы кодэкс, што дзейнічаў з сярэдзіны XVI да канца XVIII стагоддзя, ахопліваў шырокі спектр прававых пытанняў і садзейнічаў стварэнню прававой базы Вялікага Княства Літоўскага.

Ці можаце вы паверыць, што цяпер мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення? Але гэта сапраўды так.

Сёння як ніколі важна падтрымліваць і даваць магчымасць беларускаму народу размаўляць на роднай мове: я лічу, што развіццё мовы неабходна для захавання яе для будучых пакаленняў; калі мы не здолеем яе захаваць сёння — мы не здолеем выратаваць нацыю заўтра.

Апошнім часам назіраецца гістарычны ўсплёск жадання беларусаў размаўляць на роднай мове і глыбей вывучаць яе. І я бачу магчымасць падтрымаць беларусаў у гэтым пачынанні.

Як носьбіт мовы, каторая знаходзіцца пад пагрозай знікнення, прашу падтрымаць мяне ў прасоўванні гэтага допісу, каб яго ўбачыла як мага больш людзей.

mova_petycyja_da_google.jpg


Паштовы індэкс для Беларусі дадаём у фармаце: XXX-XX, без апошняй лічбы. (Платформа створана для Злучаных Штатаў, а мы карыстаемся ёй, бо большасць агульнадаступных платформаў заблакіравана ў Беларусі.)