Маміны гісторыі: Чаму плачуць мамы

Мацярынства абвастрае пачуцці, робіць іх глыбейшымі. Яно адкрывае ў жанчыне неймаверных маштабаў любоў і шчасце, і ў той жа час – нясцерпную, да фізічнага болю, тугу.

spytajce_u_pedyjatra_logo.jpg



Адна сяброўка прызналася мне, што першы месяц пасля нараджэння дзіцяці плакала кожны дзень. У мяне штодзённых слёз не было, але раз-пораз яны прарываліся навонкі літаральна на роўным месцы.

Паступова стадыя звышчуллівасці прайшла (ну, амаль), і я хачу сказаць: калі вы нядаўна сталі мамай і, здаецца, ніякіх нагодаў для суму быць не павінна, а вочы ўвесь час на мокрым месцы – не хвалюйцеся, з вамі ўсё ў парадку. Падчас цяжарнасці, родаў і пасля іх жаночы арганізм перажывае такія гарманальныя штормы, што было б дзіўна, калі б яны не адбіваліся на эмацыйным стане.

Чаму ж плачуць маладыя мамы?

Адна з першых прычын – пачуццё бездапаможнасці. Фізічна ты адчуваеш сябе руінай і, здаецца, так застанецца назаўжды. Табе цяжка насіць уласнае цела (якое, хоць і пазбавілася паловы набранай за цяжарнасць вагі, выглядае яшчэ не надта прывабна), не кажучы ўжо пра дадатковы 3 – 4-кілаграмовы баласт, які трэба гушкаць. Асабліва бяссілле накрывае ўначы, калі са сну літаральна не можаш падняць немаўля, якое нечакана расплакалася ці прачнулася паесці. 

У дадатак да фізічных цяжкасцяў увесь час грызе думка, што ты нешта робіш не так, не спраўляешся і нават шкодзіш свайму дзіцяці (чым – сказаць складана, пралактынавы мозг не выдае ніякіх лагічных тлумачэнняў, яго проста накрывае пачуццё, што ты дрэнная маці). 

Што праўда, мацярынскія слёзы бываюць не толькі ад негатыўных адчуванняў. Памятаю адзін з самых яркіх момантаў першага месяца пасля родаў. Я карміла сына грудзьмі, і мяне накрыла хваля проста бязмежнага шчасця (прывітанне, аксітацын!), я ляжала, прыціскала да сябе маленькі цёплы камячок і залівалася слязьмі крыштальнай радасці і захаплення. Гэта, канечне, было ваў – такога я ніколі яшчэ не перажывала.

Увогуле нараджэнне дзіцяці зрабіла мяне надзвычай сентыментальнай. Я плакала ад таго, якая беззаганная і дасканалая істота – немаўля, і як бы яго не сапсаваць выхаваннем. Плакала ад таго, які сын прыгожы (кожная мама лічыць свайго дзіцёнка такім, і для яе гэта чыстая праўда), хаця спачатку, па шчырасці, складана было разгледзець прыгажосць у гэтым зморшчаным малюпасіку. Плакала ад яго шчырасці і безабароннасці. Плакала, калі нехта з родных ішоў з сынам гуляць, даючы мне час для сябе, а я не разумела, навошта мне гэты час, калі побач няма дзіцяці. Бывала, лавіла сябе на пашчыпванні ў вачох, нават калі проста пакідала яго ў адным пакоі, такога вясёлага і даверлівага, а сама сыходзіла па справах у іншы. А колькі слёз пралілося ад яго ўсмешкі і замілаванага назірання за яго сном!

Цяпер я ўсё яшчэ плачу ад навін пра пакуты дзяцей. Ад таго, як страшна выпускаць малечу ў гэты свет. Нават цяпер, набіраючы гэты тэкст, я плачу. І не ведаю, ці пройдзе гэта калі-небудзь або застанецца са мной да канца.