Мастака Алеся Пушкіна звольнілі з працы
У любы момант яго могуць затрымаць, паведамляе ініцыятыва BY_culture.
Сёння Алеся Пушкіна звольнілі з ААТ «Белрэстаўрацыя», дзе ён працаваў мастаком-рэстаўратарам. Начальніца аддзела кадраў прапанавала яму напісаць заяву па ўласным жаданні, Алесь адмовіўся і сказаў, што хоча працаваць на карысць Беларусі надалей, на што атрымаў адказ, што ўсё адно будзе звольнены, а прычыну — прыдумаюць.
Нагадаем, супраць Алеся Пушкіна пракуратурай Гродна заведзеная крымінальная справа за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму» (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Ведаючы пра гэта, мастак вярнуўся з Кіева, варыянту заставацца за мяжой ён не разлядаў. Па вяртанні Пушкіна а 2-й гадзіне ночы ў вёсцы Бобр, дзе жыве мастак, быў ператрус. Яго праводзілі ў хаце і ў майстэрні.
«Прыязджалі людзі з Гродзенскага аддзела Следчага камітэта і пяцёра амапаўцаў. Забралі тэлефоны і тэхніку ўсіх чальцоў сям'і, у тым ліку непаўналетніх сына і дачкі. У майстэрні панішчылі карціны, пабілі шкло», — пісалі калегі.
Справа датычыць карціны аўтарства Пушкіна, якая была на выставе ў Гродне. Па гэтай жа справе быў затрыманы і сёння выйшаў на волю Павел Мажэйка — стваральнік «Цэнтра гарадскога жыцця», дзе адбылася выстава Алеся Пушкіна.
Паводле паведамлення пракуратуры, 19 сакавіка на выставе дэманстравалі партрэт Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства Пушкіна.
Як сцвярджае пракуратура, Жыхар у 1946 годзе «ўзначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў, якія цягам 9 гадоў у Пастаўскім раёне забівалі міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асоб, падпальвалі адміністрацыйныя будынкі і рабілі дыверсіі на чыгунцы».
Падтрымаць рэпрэсаваных беларускіх творцаў можна тут (сродкі ідуць у тым ліку на юрыдычную падтрымку.)