Метад кіравання абсалютнага зла 26 гадоў заставаўся нязменным — біць і забіваць

Што такое абсалюнае зло ў беларускім вымярэнні? Пра гэта разважае на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Сяргей Дубавец.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Калі ў пачатку 1990-х дырэктар саўгаса збіваў сваіх работнікаў, многія думалі: а можа так і трэба. Але навісла пагроза крымінальнай справы. І калі, каб пазбегнуць яе, дырэктар пішчом пралез у прэзідэнты, мала хто зразумеў, што беларусы выбралі сабе абсалютнае зло.

Калі ў 1995-м спецназ проста ў Авальнай залі збіў у кроў дэпутатаў Вярхоўнага Савету, Ігар Гермянчук у сваёй СВАБОДЗЕ напісаў, што «Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара», а Васіль Быкаў назваў новы рэжым хунтай. Але большасць беларусаў працягвалі думаць: а можа так і трэба, і не гатовыя былі прызнаць абсалютнае зло.

Калі ў 1996-м адбывалася Менская Вясна, на вуліцы выходзілі дзясяткі тысяч пратэстоўцаў, калі сотні былі збітыя і кінутыя ў турмы, калі «памерлі», зьніклі і былі забітыя апаненты рэжыму, шмат хто яшчэ меў надзею на тое, што зло — не абсалютнае.

Тым часам працавалі іміджмэйкеры, спрабуючы надаць абсалютнаму злу чалавечае аблічча: пасылалі з ім малалетняга Колю на ўсякія саміты (каб пачвара з дзіцёнкам не выглядала такой ужо пачварай), атачалі яго прыгажунямі на ўборцы бульбы ці кавуноў, саджалі мілага сабачку яму ў сумку…

Але метад кіравання абсалютнага зла заставаўся нязменным — біць і забіваць. Гэтак была збітая Плошча ў 2006-м і Плошча ў 2010-м. Ужо тады пра абсалютнае зло падумала большасць. Карцінка нерэальнага шчаслівага жыцця на БТ спалучалася з забаронай на закон пра хатні гвалт. Абсалютнае зло ўсё больш адмяжоўвалася ад народа, бачачы ў ім свайго абсалютнага ворага.

Вырас хлопчык Коля, зніклі прыгажуні, на БТ прапагандуюць чужыя людзі, месца мілага сабачкі занялі «красаўчыкі» з аўтаматам…

У 2020-м абсалютнае зло ўбачылі ўсе.