«Раз вы забіраеце майго мужа, заўтра я прывяду вам сваіх дзяцей»
У Кобрыне працягваюцца суды над удзельнікамі пратэстных маршаў.
![kobryn_papovy_1_logo.jpg kobryn_papovy_1_logo.jpg](/img/v1/images/kobryn_papovy_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Марш у Кобрыне 30 жніўня
Так, 30 верасня суддзя Вадзім Здановіч аштрафаваў на 20 базавых велічынь беспрацоўнага Івана Бубліка, якога падчас маршу 27 верасня міліцыянты затрымалі з бел-чырвона-белым сцягам і на 72 гадзіны закратавалі ў ізалятары часовага ўтрымання.
1 кастрычніка за ўдзел у маршы 30 жніўня суддзя Таццяна Каберская пакарала штрафам у 12 базавых велічынь Андрэя Жука — бацьку чатырох дзяцей, два з якіх непаўнагадовыя, а трэці знаходзіцца на ўтрыманні.
![Кобрын. У залі суда 30 верасня Кобрын. У залі суда 30 верасня](/img/v1/images/kobryn_sudy_9_10.20_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кобрын. У залі суда 30 верасня
Спадар Андрэй вылучаецца інтэлігентнасцю,
спагадай і цікаўнасцю да нацыянальнай гістарычнай спадчыны. Пасля заканчэння Кобрынскай
сярэдняй школы №7 з залатым медалём атрымаў вышэйшую адукацыю і 10 гадоў
выкладаў фізічнае выхаванне ў сваёй роднай школе. Працаваў творча — з любоўю да
справы і дзяцей. Аднак вымушаны быў пакінуць настаўніцтва з-за фармалізму і дэградацыі
вучэбна-выхаваўчага працэсу, нізкіх заробкаў. Таму кожнае лета, калі ўсе калегі
адпачывалі, падзарабляў прамысловым альпінізмам. Потым працаваў інжынерам-будаўніком,
ахоўнікам, будаўніком у Расіі, станочнікам на мясцовай фабрыцы лялек “Палессе”,
намеснікам дырэктара прыватнай будаўнічай фірмы, таксістам, гандляром. Марыць
вярнуцца да настаўніцкай працы.
Сваю грамадзянскую пазіцыю Андрэй патлумачыў так: “Выхожу на маршы, каб разам з іншымі беларусамі пабудаваць краіну, якая стане ўтульным Домам для нашых нашчадкаў”.
![Андрэй Жук з жонкай Ірынай і малодшай дачкой Кірай Андрэй Жук з жонкай Ірынай і малодшай дачкой Кірай](/img/v1/images/kobryn_sudy_9_10.20_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Андрэй Жук з жонкай Ірынай і малодшай дачкой Кірай
Да пары яму і жонка Ірына. Пасля заканчэння Беларускага
дзяржаўнага ўніверсітэту фізічнай культуры і спорту працуе на “Палессі” і гуляе
ў тамтэйшай жаночай валейбольнай камандзе. Мужа і жонку яднаюць маральныя каштоўнасці,
грамадзянская пазіцыя і цёплыя сяброўскія адносіны.
І калі міліцыянты прыехалі забіраць Андрэя Жука, каб закратаваць яго на 72 гадзіны да суду, паміж спадарыняй Ірынай і супрацоўнікам Кобрынскага РАУС, маёрам Міхасём Вайтовічам адбыўся такі дыялог.
Вайтовіч: Каб карміць сваіх дзяцей, дайце мне спакойна два гады дарабіць да пенсіі.
Ірына: А што будзе потым?
Вайтовіч: А потым я пачну новае жыццё.
Ірына: Аднак з вашым мінулым цяжка будзе пачаць новае жыццё…
На гэтыя словы Вайтовіч нічога не адказаў, а свой намер затрымаць спадара Андрэя матываваў неабходнасцю нейтралізаваць мужчыну, “каб заўтра ён ня выйшаў на пляц”.
Ірына: А ён ня пойдзе на пляц, бо заўтра працуе…
Вайтовіч: З працы можна і сыйсці.
Ірына: Ах, так! Раз вы забіраеце майго мужа з працы, заўтра я прывяду вам сваіх дзяцей, вы іх будзеце карміць, а я намалюю вялікі транспарант і з ім — на пляц!
Вайтовіч: Тады і вас закрыю.
Ірына: Дык будзем сядзець разам з мужам, а вы мусіце гадаваць нашых дзяцей!
1 кастрычніка за ўдзел у маршы 23 жніўня суддзя Таццяна Каберская аштрафавала на 15 базавых велічынь юрыста Рамана Дзмітрука — адукаванага і далікатнага чалавека, бацьку чатырох дзяцей, у тым ліку двух малалетніх.
![Раман і Наталля Дзмітрукі Раман і Наталля Дзмітрукі](/img/v1/images/kobryn_sudy_9_10.20_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Раман і Наталля Дзмітрукі
Ягоны 23-хгадовы сын Георгій быў збіты
сілавікамі вечарам 11 жніўня, калі ішоў на малітву ў пратэстанцкую святыню праз
цэнтральны пляц гораду. Хлопца затрымалі невядомыя ў цывільным, закінулі ў
аўтазак, прывезлі ў мясцовы РАУС, прыціснулі тварам да сцяны, спачатку збівалі
рукамі і нагамі, а потым дручком па лытках і галёнцы. Склалі на затрыманага адміністрацыйны
пратакол, прымусілі яго падпісаць, але не дазволілі прачытаць. У Георгія
забралі тэлефон, адбіткам пальца разблакавалі, прагледзелі здымкі з папярэдніх
акцый пратэсту, увесь час пыталіся: “Чаго табе не хапае?”. Пасля трох гадзінаў
затрымання юнака вызвалілі.
Спроба зрабіць судова-медычную экспертызу была безвыніковай, бо ў РАУС адмовіліся прызнаць збіццё хлопца і накіраваць да экспертаў. Паколькі ў міліцыі прапанавалі зрабіць экспертызу за грошы, сям’я вырашыла вылучыць сродкі на медычнае абследаванне Георгія.
![Георгій Дзмітрук Георгій Дзмітрук](/img/v1/images/kobryn_sudy_9_10.20_5.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Георгій Дзмітрук
На судзе Раман Дзмітрук заявіў, што адміністрацыйны працэс парушае ягонае права на свабоднае выказванне свайго меркавання, супярэчыць міжнароднаму і нацыянальнаму заканадаўству. “Я нікога не ганьбіў, не прыніжаў, не прыносіў шкоды грамадзянам, не парушаў грамадскую бяспеку і парадак”, — адзначыў юрыст. Ён прыгадаў сустрэчу грамадскасці з кіраўніцтва раёну 20 жніўня, на якой начальнік Кобрынскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Андрэй Дулевіч прылюдна даў санкцыю ўладаў на правядзенне мірных акцый пратэсту. “Таму я прашу спыніць працэс і апраўдаць мяне”, — падкрэсліў Раман Дзмітрук.
1 кастрычніка Таццяна Каберская аштрафавала на 5 базавых велічынь Рыгора Ігнацюка за выступ на акцыі 16 жніўня і прысудзіла 10 сутак арышту Аляксею Герасімуку за ўдзел у маршы 6 верасня. 10 жніўня спадар Аляксей быў затрыманы і збіты сілавікамі на цэнтральным пляцы Кобрыну, а затым асуджаны на 10 сутах арышту, з якіх пяць адседзеў ў Кобрыні і Івацэвічах.