Мэтр журналістыкі наведаў Мінск

На гэтым тыдні ў Мінску знаходзіўся адзін з самых вядомых шведскіх журналістаў Эрык Фіхтэліус. 15 лютага ў офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў мэтр сустрэўся са сваімі беларускімі калегамі, а днём пазней выступіў з лекцыяй у Інстытуце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.

На гэтым тыдні ў Мінску знаходзіўся адзін з самых вядомых шведскіх журналістаў Эрык Фіхтэліус. 15 лютага ў офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў мэтр сустрэўся са сваімі беларускімі калегамі, а днём пазней выступіў з лекцыяй у Інстытуце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.
Эрык Фіхтэліус вядомы беларускім журналістам перш за ўсё як аўтар падручніка “Дзесяць запаветаў журналістыкі, а ў сябе на радзіме — як знакаміты майстар журналісцкіх расследаванняў, радыё- і тэлежурналіст, які аддаў працы ў СМІ больш за сорак гадоў. Ён быў адным з самых папулярных рэпарцёраў рэдакцыі “Актуэльт — праграмы навін першага каналу Шведскага тэлебачання (SVT1), а раней працаваў загадчыкам рэдакцыі навін “Рэха на Шведскім радыё, быў часовым прафесарам Інстытута журналістыкі, СМІ і камунікацыі пры Стакгольмскім універсітэце.
Кіраўніца сумеснага праекта шведскага інстытута павышэння кваліфікацыі журналістаў FOJO і ГА БАЖ Агнета Якабсан адзначыла, што Эрыка Фіхтэліуса дагэтуль пазнаюць у твар на вуліцах Стакгольма і іншых гарадоў Швецыі, хоць ён ужо колькі год не з’яўляецца на экранах тэлевізараў, бо займаецца пераважна адукацыйнай працай. Адкрытая лекцыя шведа ў офісе БАЖ зацікавіла каля двух дзесяткаў журналістаў, сярод якіх былі сябры як БАЖ, так і ГА «Беларускі саюз журналістаў».
Эрык Фіхтэліус зрабіў акцэнт на тым, што каштоўнасць праўдзівага факту вышэйшая за іншыя каштоўнасці. “Праўда мусіць даводзіцца да кожнага, незалежна ад наступстваў яе публікацыі, гэта значыць, што нават калі такая праўда можа нашкодзіць добрым людзям, яе нельга хаваць. Гэта могуць рабіць палітыкі, прапагандысты, супрацоўнікі прэс-служб, але толькі не журналісты, — падкрэсліў Эрык Фіхтэліус.
Паводле яго слоў, журналісты, у сваю чаргу, ні ў якім разе не маюць права выкрываць свае крыніцы інфармацыі. У Швецыі, напрыклад, прадугледжана нават крымінальная адказнасць для прадстаўнікоў уладных і сілавых структураў ужо толькі за тое, што яны хаця б запытаюцца ў журналіста, адкуль ён узяў тую ці іншую інфармацыю. Дарэчы, такая ж адказнасць прадугледжана і для самога журналіста, калі той назаве крыніцу інфармацыі насуперак яе жаданню.
Па словах Агнеты Якабсан, візіт Эрыка Фіхтэліуса ў Беларусь рыхтаваўся некалькі гадоў.