Міхаіл Жамчужны: 500 сутак у ШІЗА і 100 дзён да вызвалення

Днямі атрымаў ліст ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Ён прабыў 20 сутак у ШІЗА (як заўсёды, за адмову прайсці ў той атрад, дзе, па яго інфармацыі, знаходзяцца асобы з нізкім турэмным статусам). Цяпер атрымаў «дэмбельскі акорд» — тры месяцы ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Гэта азначае, што ён можа атаварвацца ў турэмным шапіку, атрымліваць карэспандэнцыю і адпраўляць лісты.

2c1d1046656edddd5b34d744b3e4e165_xl_1.jpg


Жамчужны піша, што стаў верыць у нумаралогію. На 11.11.2020 года выпала роўна 500 сутак яго амаль бесперапыннага знаходжання ў ШІЗА. Цяпер у яго маецца падстава для падачы заяўкі ў Кнігу штогадовых рэкордаў Гінеса па працягласці знаходжання ў штрафным ізалятары (праўда, прыйдзецца заснавальнікам кнігі растлумачыць, што такое ШІЗА і ў чым сэнс доўгачасовага ў ім знаходжання).

Вось як Жамчужны апісвае сваё знаходжанне ў гэтым бетонным склепе без вокнаў і дзвярэй: «... 8 градусаў на вуліцы, 8 градусаў у трубе. Разам атрымліваецца 16. Наматаўся на трубу, як удаў, і правёў час, як на Канарах».

Яшчэ адна «радасць» Жамчужнага: яму засталося адбыць да заканчэння тэрміну зняволення 100 сутак. Як ён піша, шэсць з паловай гадоў прайшлі ў выпрабаваннях духу і ў яднанні з сябрамі, якія ў думках былі з ім. Паводле яго разлікаў, ён выйдзе на волю 19.02.2021 года (запомнім гэтую дату і будзем рыхтавацца да сустрэчы. А можа быць, яна адбудзецца і раней?)

Жамчужны цікавіцца навінамі «з волі». Ведае пра геройскія паводзіны Ніны Багінскай, сцяганосца беларускіх пратэстаў.

У канцы ліста Жамчужны віншуе праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў і ўсіх прыхільнікаў прававой дзяржавы з Міжнародным днём правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня (у гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека, дзе замацаваныя асноўныя правы і свабоды чалавека).

Даведка НЧ.Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 годзе ў Віцебску. Працаваў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак.

Першым у краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Ва універсітэце кіраваў лабараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду. Нечакана дзейнасцю навукоўцаў зацікавіўся КДБ. Супраць кіраўніка лабараторыі распачалі крымінальную справу. Жамчужнаму прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ, даць паказанні супраць начальства. Ён адхіліў гэтыя прапановы, і ў 2007 годзе яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

Жамчужны спрабаваў абскардзіць свой прысуд, аднак справа была складаная: яна тычылася навуковых распрацовак і вымагала вялікіх грошай на адвакатаў, спрактыкаваных у гэтай сферы.

Пасля вызвалення ў 2012 годзе Жамчужны ад ідэі рэабілітаваць сваё імя адмовіўся і на працу ва універсітэт прынцыпова не вярнуўся. Ён далучыўся да праваабарончай арганізацыі «Платформа», дзе займаўся зборам інфармацыі пра сітуацыю ў месцах зняволення. Пасля ліквідацыі «Платформы» пагадзіўся стаць заснавальнікам новай арганізацыі «Платформа інавэйшн».

Жамчужнага арыштавалі праз тыдзень пасля абвяшчэння прысуду ў дачыненні да дырэктара «Платформа інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі. Падрабязнасці пра абставіны крымінальнай справы супраць Жамчужнага не выдаюцца. Адвакат адмовіўся ад кантактаў, матывуючы гэта падпіскай пра неразгалошванне звестак. Аднак удалося высветліць, што Жамчужнаму інкрымінавалі абвінавачванне па некалькіх артыкулах КК — 376 (ч.1, ч.2), 375 (ч.1), 431 (ч.1, ч.2). Гэта — наўмыснае разгалошванне службовых сакрэтаў, незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама дача хабару.

10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватымі прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі разгледзела касацыйную скаргу на прыгавор і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Цяпер Жамчужны знаходзіцца ў калоніі №9 у Горках (Магілёўская вобласць).

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Міхаіла Жамчужнага палітычным зняволеным.