Грамадзянку Швейцарыі асудзілі на два з паловай года калоніі за сарваную балаклаву
У судзе Савецкага раёна Мінска суд вынес прысуд Наталлі Хершэ — беларусцы, якая 12 гадоў жыве ў Швейцарыі. На жаночым маршы 19 верасня жанчына сарвала балаклаву з амапаўца, пасля чаго на яе завялі крымінальную справу. Сёння Наталля выступіла з апошнім словам. Прысуд — два з паловай года калоніі, піша news.tut.by.

Фота: TUT.BY
— Я жыву ў еўрапейскай дэмакратычнай краіне, дзе дэмакратычныя прынцыпы і свабоды з'яўляюцца неабходнай умовай праўлення на ўсіх узроўнях і паралелях улады. Дзе права свабоды слова і мірных сходаў вызначаны Канстытуцыяй і гарантуюцца дзяржавай. Дзе паліцэйскія не хаваюць твараў перад мірнымі дэманстрантамі. Менавіта такой я бачу маю Радзіму — Беларусь будучыні, свабодную Беларусь, — сказала абвінавачаная.
Суддзя Сяргей Шаціла пастанавіў задаволіць грамадзянскі пазоў супрацоўніка АМАП Сяргея Кончыка і выплаціць яму кампенсацыю ў выглядзе 1000 рублёў. Наталлю Херше суддзя прызнаў вінаватай па ч. 2. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 2 гады і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму. Такое ж пакаранне раней запытаў для яе пракурор.
Суддзя таксама пастанавіў знішчыць бел-чырвона-белы сцяг, які быў канфіскаваны ў Наталлі.
Пасля абвяшчэння прысуду сваякі сталі крычаць "Ганьба!". Брат Наталлі паведаміў, што адвакат будзе абскарджваць прысуд.
"Сцягнула балаклаву, тым самым сапсавала форменнае абмундзіраванне"
Наталлю затрымалі 19 верасня каля 17 гадзін у рамках адміністрацыйнага парушэння артыкула 23.34 КаАП. Пры затрыманні, паводле пратакола, Наталля не падпарадкавалася патрабаванню супрацоўнікаў прайсці ў спецаўтатранспарт, спрабавала схавацца, а калі яе дзеянні былі спыненыя супрацоўнікам АМАПа Кончыкам, яна наўмысна аказала супраціў з гвалтам: вырывалася і ўпіралася, схапіла Кончыка за твар і падрапала, сцягнула балаклаву, тым самым сапсавала форменнае абмундзіраванне (парвала балаклаву) і нанесла цялесныя траўмы. Жанчына сваю віну не прызнала ў тым, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу і што нанесла цялесныя пашкоджанні. Паводле яе слоў, яна прызнае, што ўдзельнічала ў мірнай акцыі пратэсту і спрабавала зняць балаклаву.

Фота: TUT.BY Пацярпелы-22-гадовы Сяргей Кончык, супрацоўнік АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама
Пацярпелы Кончык напісаў іскавую заяву на Наталлю Хершэ. У якасці сумы кампенсацыі маральнай шкоды ён паказаў 100 рублёў. Але ў зале судовага паседжання ён адзначыў, што хацеў бы павысіць кампенсацыю да 1000 рублёў, а ў выпадку станоўчага зыходу ён ахвяруе гэтыя грошы ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі.

Ну судзе таксама прысутнічае амбасадар Швейцарыі ў Беларусі Клод Альтэрматт. Фота: TUT.BY