Два з паловай гады за сарваную балаклаву. Судзяць грамадзянку Швейцарыі
У судзе Савецкага раёна Мінска судзяць Наталлю Хершэ — беларуску, якая 12 гадоў жыве ў Швейцарыі. На жаночым маршы 19 верасня жанчына сарвала балаклаву з амапаўца, пасля чаго на яе завялі крымінальную справу. Сёння Наталля выступіла з апошнім словам.
![natalya_khershe_2020_12_07_11_00_48.jpg natalya_khershe_2020_12_07_11_00_48.jpg](/img/v1/images/natalya_khershe_2020_12_07_11_00_48.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Я жыву ў еўрапейскай дэмакратычнай краіне, дзе дэмакратычныя прынцыпы і свабоды з'яўляюцца неабходнай умовай праўлення на ўсіх узроўнях і паралелях улады. Дзе права свабоды слова і мірных сходаў вызначаны Канстытуцыяй і гарантуюцца дзяржавай. Дзе паліцыянты не хаваюць абліччаў перад мірнымі дэманстрантамі. Менавіта такой я бачу маю радзіму — Беларусь будучыні, свабодную Беларусь, — сказала абвінавачаная.
Сёння а 15-й гадзіне суддзя абвесціць прысуд. Раней пракурор запрасіў для Наталлі Хершэ два з паловай гады пазбаўлення волі.
Наталлю затрымалі 19 верасня каля 17 гадзін у рамках адміністрацыйнага парушэння артыкула 23.34 КаАП РБ. Пры затрыманні, паводле звестак пратакола, Наталля не падпарадкавалася патрабаванню супрацоўнікаў прайсці ў спецаўтатранспарт, спрабавала схавацца, а калі яе дзеянні былі прыпыненыя супрацоўнікам АМАПа Кончыкам, яна наўмысна аказала супраціў з гвалтам: вырывалася і ўпіралася, схапіла Кончыка за твар і падрапала, сцягнула балаклаву, тым самым сапсавала форменнае абмундзіраванне (парвала балаклаву) і нанесла цялесныя траўмы. Жанчына сваю віну не прызнае ў тым, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу і што нанесла цялесныя пашкоджанні. Паводле яе слоў, яна прызнае, што ўдзельнічала ў мірнай акцыі пратэсту і спрабавала зняць балаклаву.
Наталлю судзяць па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў). Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна" (пазбаўлены рэгістрацыі), пацярпелым на судзе праходзіць 22-гадовы Сяргей Кончык, супрацоўнік АМАПу ГУУС Мінгарвыканкама. Суддзя — Сяргей Шаціла.
![Пацярпелы Сяргей Кончык Пацярпелы Сяргей Кончык](/img/v1/images/sergey_konchik_2020_12_07_11_02_43.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пацярпелы Сяргей Кончык
Пацярпелы Кончык напісаў іскавую заяву на Наталлю Хершэ. У якасці сумы кампенсацыі маральнай шкоды ён паказаў 100 рублёў. Але ў зале судовага пасяджэння ён адзначыў, што хацеў бы павысіць кампенсацыю да 1000 рублёў, а ў выпадку станоўчага зыходу ён ахвяруе гэтыя грошы ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі.
![posol_shveycarii_2020_12_07_11_03_06.jpg posol_shveycarii_2020_12_07_11_03_06.jpg](/img/v1/images/posol_shveycarii_2020_12_07_11_03_06.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На судзе таксама прысутнічае пасол Швейцарыі ў Беларусі Клод Альтэрмат
tut.by