Мікалай Сванідзэ просіць Андрэя Шведа вызваліць Марыю Калеснікаву
Вядомы расійскі журналіст, член Савета па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пры прэзідэнце Расіі Мікалай Сванідзэ напісаў ліст Андрэю Шведу, які займае пасаду генеральнага пракурора Беларусі, па сітуацыі з Марыяй Калеснікавай.
«Паважаны Андрэй Іванавіч, я мог бы нагадаць Вам аб тым, што Калеснікава затрыманая за выказванне свайго меркавання, і гэтае затрыманне ёсць парушэннем базавага права чалавека — права на свабоду слова. Я б мог нагадаць таксама, што Калеснікава заўсёды дзейнічала публічна і адкрыта і ніколі не дэманстравала намераў пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», — цытуе ліст Сванідзэ да Шведа TUT.BY.
Сванідзэ просіць таксама ўлічыць, што ўмовы ўтрымання Марыі могуць нанесці непапраўную шкоду яе здароўю: яе, якая не паліць, трымаюць у камеры з паляць, з-за чаго ў яе развіўся пастаянны кашаль, а просьба аб сустрэчы з лекарам з лістапада не задаволеная, гаворыцца ў лісце.
«Уяўляецца, што Калеснікава не нясе грамадскай небяспекі і прымяненне да яе меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту з’яўляецца залішняй і непрапарцыйна жорсткай» — адзначае Мікалай Сванідзэ, і з улікам абставінаў і асобы Калеснікавай просіць ацаніць мэтазгоднасць утрымання яе пад вартай і прыняць гуманнае рашэнне.
Нагадаем, каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі і чалец прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава 7 верасня была выкрадзеная невядомымі, а раніцай 8 верасня Telegram-канал дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» паведаміў, што ўначы Калеснікава, а таксама сябры Каардынацыйнай рады Раднянкоў і Краўцоў «спрабавалі незаконна пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь» і што Калеснікаву затрымалі. Пазней выявілася, што Калеснікаву спрабавалі гвалтоўна вывезці за мяжу, але пры гэтай спробе яна парвала свой пашпарт.
Калеснікава заключана пад варту 8 верасня, 16 верасня ёй прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па ч. 3 артыкула 361 КК Беларусі (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або сеткі Інтэрнэт).
Калеснікаву прызналі палітвязнем і вязнем сумлення. Разам з іншымі апанентамі беларускага рэжыму Еўрапарламент прысудзіў ёй прэмію імя Сахарава за ўнёсак у барацьбу за правы чалавека.
Ліст Сванідзэ адпраўлены 13 студзеня.