У СІЗА №1 пераблыталі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака
У СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску канваіры пераблыталі палітвязняў Марыю Калеснікаву і Максіма Знака.
Пра кур'ёзны выпадак распавяла прэс-служба Віктара Бабарыкі.
Максім Знак і Марыя Калеснікава сустракаюцца з адвакатамі ў кабінетах для асабліва небяспечных злачынцаў, якія прысуджаныя да пажыццёвага тэрміну або смяротнага пакарання.
У СІЗА на Валадарскага два такіх кабінета — №24 і №29. «Асабліва небяспечных» Калеснікаву і Знака ад адвакатаў аддзяляюць глухія дзверы, невялікае акенца і сетка. Яны знаходзяцца ў абстаноўцы, у якой вельмі складана вывучаць дакументы і весці запісы. Дакументы можна перадаць толькі праз канваіра. Размовы таксама праслухоўваюцца.
Сустрэчы ж са следчымі праходзяць у звычайных кабінетах, але калі Калеснікава і адвакатка павінны мець зносіны далей у гэты дзень, то іх пераводзяць у адзін з двух асаблівых кабінетаў.
19 студзеня адбыўся казус. Адвакатка Людміла Казак чакала Калеснікаву. Але замест падабароннай у кабінет завялі Знака.
«Гэта не да мяне», — сказала адвакатка канваірам.
«Не, гэта да вас», — прагучаў адказ, і дзверы за Максімам Знакам зачынілі на замок.
Максім усміхнуўся, перадаваў прывітанні. Пасля адвакатка сустрэлася і з Калеснікавай.
Калеснікава і Знак, якія ўваходзілі ў штаб Бабарыкі, а потым у Каардынацыйную раду, знаходзяцца пад вартай з пачатку верасня 2020 года. Абодвух праваабаронцы прызналі палітвязнямі.