«Акт палітычнай расправы». Марыя Калеснікава патрабуе генпракурора спыніць яе крымінальныя справы

Аляксандр Калеснікаў, бацька зняволенай актывісткі Марыі Калеснікавай, расказаў, што напярэдадні з ёй сустрэлася адвакатка Людміла Казак.

jajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajajaja_54.jpg


Па яго словах, дачка падрыхтавала заяву ў Генеральную пракуратуру з хадайніцтвам аб прыпыненні крымінальнага пераследу па наноў пачатых справах, перадае Радыё Свабода.

Абвінавачванне сцвярджае, што яе дзеянні нібыта спрыялі «росту пратэстных настрояў». Марыя, у сваю чаргу, расцэньвае гэта як «беспрэцэдэнтны ціск і акт палітычнай расправы».

Другую навіну Аляксандр Калеснікаў назваў «добрай»: упершыню за доўгі час дачка пабачыла... снег і вакзал у Жодзіне.

«Учора пасля працяглага перапынку атрымаў дзве весткі ад дачкі — невялікі ліст і паштоўку. Маша каротка расказвае пра сваё “рамантычнае падарожжа” з Жодзіна ў Мінск. Нічога новага няма, акрамя таго, што мяне вельмі расчуліла: апісвае гэта як “прыгоду”. Можаце ўявіць: цягам больш чым трох месяцаў не бачыла нават снегу. Вось якія перажывала эмоцыі і пачуцці: “У працэсе пераезду радавалася снегу і начной цішыні на жодзінскім вакзале. Менавіта адтуль ехаў цягнік на Мінск”», — працытаваў бацька допіс дачкі. Напачатку студзеня Марыю Калеснікаву перавялі з Жодзінскай турмы ў ў СІЗА №1 Мінска.

Нагадаем, каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі і чалец прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава 7 верасня была выкрадзеная невядомымі, а раніцай 8 верасня Telegram-канал дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» паведаміў, што ўначы Калеснікава, а таксама сябры Каардынацыйнай рады Раднянкоў і Краўцоў «спрабавалі незаконна пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь» і што Калеснікаву затрымалі. Пазней выявілася, што Калеснікаву спрабавалі гвалтоўна вывезці за мяжу, але пры гэтай спробе яна парвала свой пашпарт.

Калеснікава заключана пад варту 8 верасня, 16 верасня ёй прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па ч. 3 артыкула 361 КК Беларусі (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або сеткі Інтэрнэт).

Калеснікаву прызналі палітвязнем і вязнем сумлення. Разам з іншымі апанентамі беларускага рэжыму Еўрапарламент прысудзіў ёй прэмію імя Сахарава за ўнёсак у барацьбу за правы чалавека.