Шэсць палітычных партый Беларусі заклікалі ўлады не разгортваць рэпрэсіі
Шэсць палітычных партый выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады Беларусі не разгортваць рэпрэсіі на падставе прыналежнасці людзей да партый ці грамадскіх аб’яднанняў, паведамляе «Радыё Рацыя».
Тэкст дакумента апублікаваны на сайце Партыі БНФ.
Апрача старшыні Партыі БНФ заяву падпісалі кіраўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай партыі «Зялёныя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.
Нагодай для супольнай заявы стала «выкарыстанне ў крымінальнай справе супраць сябры БНФ Вітольда Ашурка ў якасці доказу абвінавачання сяброўскага пасведчання пра прыналежнасць да партыі».
«Справа Вітольда Ашурка стала працягам маштабнай кампаніі рэпрэсій супраць палітычных апанентаў аўтарытарнай улады, іншадумцаў і дзеячаў грамадзянскай супольнасці, — адзначана ў дакуменце. — Разам з журналістамі, праваабронцамі, блогерамі і ўдзельнікамі мірных акцый пратэсту актывісты палітычных партый сталі мішэнню для рэпрэсій ад самага пачатку мінулагодняй выбарчай кампаніі. Лідары і актывісты шэрагу партый рознага ідэалагічнага кірунку знаходзяцца за кратамі паводле палітычна матываваных прысудаў. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення рэпрэсій».
«Разам з тым у справе Вітольда Ашурка паўстала акалічнасць, якая можа сведчыць пра надыход новай, яшчэ больш абуральнай і непрымальнай рэпрэсіўнай практыкі. У межах судовага разбору ў якасці аднаго з доказаў узгадвалася сяброўскае пасведчанне, выдадзенае Вітольду Ашурку як сябру Партыі БНФ згодна з патрабаваннем ч. 10 арт. 13 закона «Аб палітычных партыях». Азначанае сяброўскае пасведчанне было ўзгаданае ў прысудзе ў якасці рэчавага доказу. Суд пастанавіў знішчыць сяброўскае пасведчанне сябра Партыі БНФ Вітольда Ашурка», — адзначана ў дакуменце.
Падпісанты заявы звярнулі ўвагу на тое, што судовы працэс па справе Ашурка разглядаўся ў закрытым рэжыме, таму грамадскасць «не можа даць поўную ацэнку таго, якім чынам і дзеля якой мэты абвінавачанне прадставіла для судовага разгляду сяброўскае пасведчанне члена партыі, якія абставіны абвінавачанне даказвала гэтым дакументам, якая ацэнка гэтаму была дадзеная судом з пункту гледжання крытэраў датычнасці, дапушчальнасці, дастатковасці і законнасці атрымання доказаў».
Яны падкрэслілі, што, паводле закона «Аб палітычных партыях», прыналежнасць альбо непрыналежнасць грамадзяніна да палітычнай партыі «не могуць служыць падставай для абмежавання яго правоў і свабодаў».
У згаданых партыях лічаць, што ўключэнне ў склад доказаў дакумента пра сяброўства абвінавачанага ў палітычнай партыі «з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем палітычнай скіраванасці гэтай крымінальнай справы і можа сведчыць пра з’яўленне новай формы палітычных рэпрэсій, калі прыналежнасць чалавека да легальнай палітычнай партыі можа служыць падставай для крымінальнага пераследу, для выстаўлення абвінавачання ў палітычным злачынстве альбо для пацверджання абцяжарваючых абставінаў».
Прысуд, адзначана ў заяве, «выклікае асаблівую трывогу» ў сувязі з тым, што «органы юстыцыі працягваюць маштабную праверку беларускіх партый, у тым ліку запатрабаваўшы персанальныя спісы сябраў партый».
З улікам усяго гэтага падпісанты дакумента заявілі, што «выкарыстанне факта сяброўства ў палітычнай партыі ў межах крымінальнай справы, вывучэнне ў якасці доказу абвінавачання па судовай справе сяброўскага пасведчання і вынясенне судом пастановы пра знішчэнне сяброўскага пасведчання сябры партыі супярэчыць патрабаванням закона «Аб палітычных партыях» і нормам арт. 98 і 105 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса».
«Мы перасцерагаем улады ад разгортвання новай формы палітычных рэпрэсій у сувязі з прыналежнасцю людзей да палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку са злоўжываннем фармальнымі патрабаваннямі закона датычна абавязковасці фіксаванага сяброўства ў аб’яднаннях і парадку ўліку сябраў партыяў і рухаў», — падкрэслена ў заяве.
18 студзеня суд Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) прызнаў гарадзенскага абласнога каардынатара руху «За Свабоду», сябра Партыі БНФ Вітольда Ашурка вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і нападзе на міліцыянера (арт. 364 КК) падчас акцыі пратэсту ў раённым цэнтры 9 жніўня 2020 года. Суддзя Максім Філатаў пакараў яго пазбаўленнем волі на пяць гадоў з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму.
Суддзя пастанавіў спагнаць з актывіста на карысць прызнанага пацярпелым супрацоўніка міліцыі 1.000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды і 81 рубель дзяржпошліны, а таксама знішчыць канфіскаваныя ў Ашурка бел-чырвона-белыя сцягі і сяброўскі білет Партыі БНФ.БелаПАН, www.racyja.com, narodny.org