Беларускія НДА: Спыніць крымінальны пераслед за збор і выкарыстанне дабрачынных ахвяраванняў

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці выступілі з заявай з нагоды правядзення праверкі ДФР дзейнасці Офіса па правах людзей з інваліднасцю.

belngo.info

belngo.info

21 студзеня Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю распачаў праверку Асветніцкай праваабарончай установы “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”. У КДК былі дастаўленыя дырэктар арганізацыі Сяргей Драздоўскі і юрыст Алег Граблеўскі, у бухгалтара арганізацыі Таццяны Крышталь былі вынятыя тэлефон і кампутар, невядомыя спрабавалі трапіць у кватэру былога намесніка дырэктара арганізацыі Міхаіла Мацкевіча. У якасці падставы для праверкі КДК агучыў падазрэнні ў прыўлашчванні грашовых сродкаў, што былі атрыманыя “Офісам па правах людзей з інваліднасцю” ў выглядзе дабрачынных ахвяраванняў і міжнароднай дапамогі дзеля мэтаў аказання дапамогі асобам з інваліднасцю (арт. 210 Крымінальнага кодэксу). Ціск і затрыманні ў дачыненьні да супрацоўнікаў арганізацыі быў зафіксаваны і раней у сувязі з іх удзелам у мірных сходах.
«Мы разглядаем гэтую праверку як працяг шэрагу актаў уціску і крымінальных справаў, якія былі ўзбуджаныя ў апошнія месяцы ў сувязі са зборам, атрыманнем і выкарыстаннем дабрачыннай грашовай дапамогі ў Беларусі, — пішуць аўтары заявы. — На падставе аказання матэрыяльнай дапамогі ахвярам парушэння правоў чалавека ўжо былі кінутыя за краты журналіст Андрэй Аляксандраў і праваабаронца Леанід Судаленка. Абвінавачанні ў крымінальных правапарушэннях датычна сродкаў, якія паступалі з-за мяжы, былі высунутыя супраць супрацоўнікаў установы “Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб”. Дзяржаўныя СМІ працягваюць кампанію дэзынфармацыі і застрашэння грамадзянаў датычна дзейнасці фондаў салідарнасці, якія аказваюць дабрачынную дапамогу жыхарам Беларусі.
Шматлікія некамерцыйныя арганізацыі Беларусі пачынаючы ад другой паловы 2020 года сутыкнуліся з пазачарговымі праверкамі і безпадстаўнымі запытамі дакументаў, у тым ліку датычна выкарыстання замежнай ці ўнутранай бязвыплатнай дапамогі. І хоць у абсалютнай большасці праверкі засведчылі адсутнасць нямэтавага выкарыстання дапамогі арганізацыямі, у шэрагу відавочна палітычна матываваных выпадкаў наступствамі праверак былі крымінальныя справы (Дабрачынная ўстанова “Палеская дабрыня” ды інш).
Улады Беларусі здаўна практыкуюць зламысныя абвінавачанні ў эканамічных злачынствах дзеля абгрунтавання палітычных рэпрэсіяў: у мінулыя гады па абвінавачанні ва ўхіленні ад падаткаў прыцягваліся да крымінальнай адказнасці старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік інфармацыйнай агенцыі “Белапан” Алесь Ліпай ды іншыя.
У сувязі з гэтым мы лічым неабходным падкрэсліць, што дзейнасць арганізацыяў грамадзянскай супольнасці па пошуку, прыцягненні і выкарыстанні рэсурсаў для сваёй працы з'яўляецца законнай і знаходзіцца пад абаронай міжнародных стандартаў свабоды асацыяцыяў. У тым ліку згодна з гэтымі стандартамі атрыманне фінансавых рэсурсаў з-за мяжы ёсць законным складнікам свабоды асацыяцыяў і не павінна служыць падставай для крымінальнага пераследу».
Аўтары заявы нагадваюць, што, паводле міжнародных стандартаў і кіруючых прынцыпаў АБСЕ і Рады Еўропы, дзяржавы не павінны перашкаджаць атрыманню фінансавання з замежных і міжнародных крыніцаў, паколькі такое фінансаванне дапамагае развіваць патэнцыял грамадзянскай супольнасці і спрыяе сацыяльнаму, эканамічнаму і чалавечаму развіццю краіны. Падатковае заканадаўства павінна разглядаць ахвяраванні з замежных крыніцаў гэтаксама як ўнутраныя ахвяраванні, яно не павінна абкладаць іх падаткам на прыбытак ды іншымі падаткамі. Атрыманне замежнага фінансавання структурамі грамадзянскай супольнасці не павінна цягнуць за сабой негатыўныя наступствы. Крыміналізацыя і дэлегітымізацыя дзейнасці арганізацыяў грамадзянскай супольнасці на падставе крыніцы фінансавання недапушчальная.
«Мы, як прадстаўнікі арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, лічым пераслед прадстаўнікоў “Офіса па правах людзей з інваліднасцю” палітычна матываваным і звязваем ціск на арганізацыю з актыўнай грамадскай пазіцыяй ды іх дзейнасцю на карысць паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, — адзначаецца ў заяве. — Ведаючы “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” як адказную і аўтарытэтную арганізацыю, даўняга ўдзельніка беларускага праваабарончага руху, мы рашуча адвяргаем абвінавачанні ў нямэтавым выкарыстанні сродкаў арганізацыі. Гэтыя абвінавачанні мы разглядаем як падступныя крокі па дыскрэдытацыі добрага імя і рэпутацыі “Офіса па правах людзей з інваліднасцю”.
Мы лічым, што дадатковыя праверкі атрымання некамерцыйнымі арганізацыямі замежнай бязвыплатнай дапамогі і запужванне актывістаў маюць на мэце ўскладненне ўмоваў дзейнасці НКА».
У заяве прадстаўнікі НДА нагадваюц, што летась беларускія ўлады прынялі Дэкрэт №3 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які дадаткова пагоршыў ранейшыя абмежаванні доступу НКА да замежнага фінансавання; увялі абавязковую справаздачнасць аб мерах супраць адмывання грошай, што ёсць непрапарцыйнай мерай, не адпаведнай ацэнцы рызыкаў; спынілі аперацыі папулярных краўдфандынгавых платформаў MolaMola і Ulej, якія ў неспрыяльных прававых умовах дазвалялі няўрадавым ініцыятывам знаходзіць фінансавую падтрымку для сваёй дзейнасці з унутраных крыніцаў.
Прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасці патрабуюць:
– Спыніць ціск на “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” ды іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку спыніць неабгрунтаванае і празмернае выкарыстанне праверак ды іншых сродкаў кантролю за дзейнасцю арганізацыяў.– Спыніць усе спробы крымінальнага пераследу беларускіх праваабаронцаў і актывістаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ў сувязі з іх законнай дзейнасцю па аказанні дабрачыннай ды іншай дапамогі пацярпелым ад парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку неадкладна вызваліць Андрэя Аляксандрава, Леаніда Судаленку, Юлію Слуцкую ды ўсіх актывістаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасці.– Спыніць практыку застрашэння і пераследу грамадзянаў у сувязі з атрыманнем, размеркаваннем і выкарыстаннем дабрачыннай дапамогі, як з крыніцаў унутры Беларусі, так і з-за мяжы, а таксама ліквідаваць празмерныя нарматыўныя абмежаванні ў гэтай сферы.– Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў і свабоды выказваьня меркаванняў у поствыбарчы пэеыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.
Да заявы далучыліся:
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў БеларусіЦэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend)ПЦ “Вясна”Простае таварыства “Ініцыятыва Forb”Human ConstantaБеларускі Хельсінкскі камітэтНавукова-даследчая ўстанова “Аналітычная группа “ЦЕТ”МГА “ЕўраБеларусь”ГА “Цэнтар сацыяльных інавацыяў”ГБА “Гарадзенскі дзіцячы хоспіс”Праваабарончы рух “Наша Беларусь”Задзіночанне беларускіх студэнтаўБеларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”ГА “Экадом”Праваабарончы цэнтр “Прававая дапамогу насельніцтву”Беларускі Пэн-цэнтрБеларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава