Мінчанін, затрыманы ў Чырвоным Дворыку, не выйшаў на волю пасля 15 сутак. Яго асудзілі зноў
1 ліпеня Цімур Газізаў павінен быў выйсці на волю пасля 15-сутачнага арышту. Яго затрымалі на спекталі ў Чырвоным Дворыку. Але Цімура з ЦІПа так і не выпусцілі, бо супрацоўнікі ГУБАЗіКа каля 19:00 павезлі яго дадому для правядзення ператрусу, распавядае «Вясна».
2 ліпеня судовы працэс
супраць Газізава вяла суддзя Ленінскага раёна Юлія Інчына. У пачатку працэсу
мужчына заявіў, што нават не азнаёмлены з матэрыяламі яго справы. Суддзі
Інчынай з-за дрэннай сувязі давялося тройчы зачытаць пратакол па арт. 24.3
КаАП, згодна з якім «1 ліпеня каля 22:00 будучы падобным па прыкметах да асобы,
якая знаходзіцца ў вышуку Ленінскага РУУС за здзейсненае злачынства,
прадугледжанае арт. 339 КК, здзейсненае 20 жніўня на тэрыторыі Ленінскага
раёна, на неаднаразовыя просьбы прадаставіць дакументы, адказваў катэгарычнай
адмовай, чым аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі». Віну сваю Газізаў
не прызнаў і нават не зразумеў аб якім злачынстве ідзе гаворка, бо чуў гэта
ўпершыню.
Адвакат хадайнічаў аб
выкліку маці Газізава ў якасці сведкі для доказу таго, што супрацоўнікі
Ленінскага РУУС прысутнічалі пры ператрусе і таму асоба Газізава была
ўстаноўленая, а падставаў патрабаваць ад яго прадастаўлення дакументаў не было.
Суддзя Інчына ў хадайніцтве адмовіла.
Газізаў таксама
хадайнічаў аб выкліку ў якасці сведкі выпускніцу Кацярыну Віннікаву, асуджаную
ў той жа дзень, бо яна знаходзілася разам з Цімурам у РУУСе.
Супрацоўнікі ГУБАЗіК прапаноўвалі Газізаву падпісаць дакументы аб «недапушчальнасці ўдзелу ў
масавых мерапрыемствах».
На судзе Цімур распавёў,
што адбылося 1 ліпеня насамрэч:
«А 19:00 у мяне скончыўся арышт і пасля таго, як я атрымаў свае асабістыя рэчы, мяне пад рукі ўзялі тры супрацоўнікі ГУБАЗіК, а дакументы яны свае не паказалі. Сілавікі запатрабавалі праехаць з імі для правядзення ператрусу. Праз 15 хвілін у кватэры раптам з'явіліся два новыя супрацоўнікі, якія не прадставіліся і прыступілі да ператрусу. На кепцы аднаго з супрацоўнікаў было напісана «Ленінскае РУУС». Вопісаў рэчаў ніякіх не рабілі. Усяго ў кватэры было пяць супрацоўнікаў міліцыі. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа адмовілі мне ў выкліку адваката, а для мяне гэта было вельмі важна. Каля 20:30 мяне прывезлі ў РУУС, дзе мне зноў адмовілі ў адвакаце. Я сядзеў спакойна, паводзіў сябе вельмі асцярожна. Каля 22:00 супрацоўнік Зайцаў мне сказаў: «Мне ўсё роўна, хочаш ты падпісваць ці не, я зраблю ўсе 60 подпісаў за цябе і напішу «адмову». Ён пры мне дэманстратыўна пачаў падпісваць усе дакументы гэтым словам. Я не буду рабіць нешта, з-за чаго мог бы вярнуць зноў туды на суткі. Сэнс іх слоў быў у тым, што яны мяне, калі захочуць, то пасадзяць. Я зразумеў, што ў іх ёсць да мяне асабістая непрыязнасць. Мне яшчэ ў мінулым годзе начальнік Ленінскага РУУС палкоўнік міліцыі Капілевіч Віталь Вітальевіч казаў, што ў мяне будуць праблемы. А 20:30 маю асобу ўжо дакладна ведалі. Супрацоўнік Зайцаў мне зноў сказаў, што я яму нават не патрэбны, каб мяне пасадзіць».
Адвакат звяртае ўвагу
суда, што Газізава не азнаёмілі ні з адным дакументам і асобу яго не
ўстанаўлівалі. Сведку-міліцыянта на судзе Цімур не пазнаў, і сам сведка таксама
не змог апісаць мужчыну, але затое пацвердзіў паказанні ў пратаколе. Суддзя
Інчына адмовіла ў выкліку ўсіх сведак з боку абароны.
️Адвакат назваў гэты працэс тэатрам абсурду, бо
няма такога закона, які прадугледжваў бы пакаранне за адмову прадставіцца нават
супрацоўніку міліцыі, таму што гэта асабістае права, а не абавязак. Ён заявіў,
што яго падабаронны затрыманы незаконна і гэта прамое парушэнне правоў
Газізава. Гэтак жа незаконныя пратаколы і дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
Галоўным парушэннем стала адмова ў праве на абарону.
У выніку, нягледзячы на грубыя памылкі ў справе, у адмове выкліку адваката падчас ператрусу, ілжэсведчанне міліцыянта, на поўнае неадпаведнасць нормаў пратакола, суддзя Юлія Інчына арыштавала Газізава яшчэ на 15 сутак.