Журналіст Віталь Цыганкоў: Рэжым змагаецца з чалавечай мараллю, прыстойнасцю, сумленнем

Беларускі журналіст Віталь Цыганкоў на сваёй старонцы з фэйсбуку ўзгадаў арышт выпускніцы юрфака Кацярыны Віннікавай і паразважаў аб тым, з чым на самой справе змагаецца рэжым Аляксандра Лукашэнкі. 

9fea4105_2de0_475e_9156_0433c1777196_w1200_r1_1.webp

— Калі дзяўчына на выпускным вечары ў БДУ падзякавала сваім выкладчыкам, сярод якіх былі і тыя, хто зараз за кратамі — я адразу падумаў: «Пасадзяць», — піша Віталь Цыганкоў. — 

Не трэба шмат розуму для такога прагнозу, ёй сапраўды далі 15 сутак за «пікетаваньне шляхам выказвання грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары».

Мне здаецца, гэты выпадак як ніякі іншы красамоўна характарызуе, з чым на самой справе змагаецца рэжым.

Рэжым змагаецца з чалавечай мараллю, прыстойнасцю, сумленнем.

Рэжым кажа: мы не дазволім праяўляць добрыя пачуцці, удзячнасць, павагу да сваіх настаўнікаў. Рэжым не змагаецца з апазіцыяй, яны змагаюцца супраць любых праяваў добрых і прыстойных пачуццяў у прынцыпе, яны змагаюцца за расчалавечванне чалавека.

Калі ў вашым асяроддзі ёсць ябацька, то раскажыце яму пра гэты выпадак. Дзяўчыну пасадзілі, бо яна выказала падзяку сваім настаўнікам за тое, што добра яе вучылі. Гэта не ўдзельнік акцыі пратэсту, нават не журналіст, які робіць сваю працу, не аналітык, які выказвае свае меркаванні.

Хай ваш знаёмы ябацька смела кажа: «Я падтрымліваю, трэба саджаць людзей за тое, што яны шануюць сваіх настаўнікаў».

Тады вы зразумееце, што вас з ім падзяляюць не палітычныя разыходжанні, вас падзяляе стаўленне да агульначалавечых каштоўнасцяў.

Хай таварыш Прэйгерман скажа, што дзяўчына праявіла няспеласць і сваім добрым словам пра выкладчыкаў падарвала беларускі сувэрэнітэт. Хай таварыш Мельянцоў скажа, што дзяўчына сваёй прамовай на выпускным падштурхнула Беларусь у бок Расіі. Хай таварыш Іофэ скажа, што тут не ўсё так адназначна, і вінаваты абодва бакі, і што пасадка гэтай дзяўчыны — гэты вымушаны адказ рэжыму на еўрапейскія санкцыі.

Але як на маю думку, дык няма больш выразнага і адназначнага выпадку дэманстрацыі чыстага зла. Калі садзяць у турму не палітычнага апанента, не ўдзельніка пратэстных акцыяў — а дзяўчыну, якая сказала добрае слова пра сваіх настаўнікаў.