Мінінфарм не паведамляе, якія заўвагі наконт паправак у закон аб СМІ будуць прынятыя

Адбылася сустрэча рабочай групы Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ па дапрацоўцы да другога чытання праекта зменаў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

minsk_7.jpg

У сустрэчы бралі ўдзел, у тым ліку, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, намеснік міністра Павел Лёгкі, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека Андрэй Навумовіч, старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец, прадстаўнікі медыя: Onliner.by, Tut.by, Радыё «Свабода», БелаПАН, «Советской Белоруссии», дэпутат Ганна Канапацкая, прадстаўнік Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў, дырэктар Прэс-клуба Беларусь Мікалай Анішчанка, адзін з лідараў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.
Старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец распавёў прэс-службе ГА «БАЖ», што падчас сустрэчы дэпутат Ганна Канапацкая звярнула ўвагу на норму, якая прадугледжвае пазасудовую блакіроўку інтэрнэт-рэсурсаў і немагчымасць аспрэчыць гэта ў судзе.
«Гэта вельмі жорсткая мера, бо нават папярэджанні СМІ, якія выдае Міністэрства інфармацыі, можна аспрэчыць у судзе. Прадстаўніца Tut.by Людміла Чэкіна звярнула ўвагу, што аднаўленне доступу да інтэрнэт-рэсурса, паводле распрацоўшчыкаў законапраекта, будзе адбывацца пасля звароту ў Міністэрства інфармацыі, які можна разглядаць цягам месяца. Для інтэрнэт-рэсурса прыпыненне працы на такі тэрмін можа азначаць фактычна знішчэнне», — адзначыў Бастунец.
Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі пытанні адміністрацыйнай адказнасці інтэрнэт-рэсурсаў за распаўсюд забароненай інфармацыі, пры тым што дакладна не вызначана, якая ж канкрэтна інфармацыя будзе адносіцца да забароненай; больш жорсткія правілы рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў як сеткавых выданняў.
Згадвалі і пра працэдуру верыфікацыі інтэрнэт-карыстальнікаў.
«Відавочна, Міністэрства інфармацыі не мае намеру адмаўляцца ад гэтай ідэі, але плануецца дадатковай пастановай тлумачыць працэдуру, і Мінінфарм, быццам бы, чакае прапаноў наконт гэтага ад медыя», — патлумачыў Андрэй Бастунец.
Дыскусія адбывалася прыкладна 2,5 гадзіны. Павел Лёгкі сказаў, што над некаторымі прапановамі-пярэчаннямі ўжо вядзецца праца, бо яны былі агучаныя раней.
Але што дакладна і ў якім аб’ёме Міністэрства інфармацыі ўлічыць — невядома.
«Я падзякаваў за тое, што законапраект для азнаямлення нам быў дасланы загадзя, а не постфактум. Хаця ў ідэале гэта трэба было зрабіць яшчэ на стадыі распрацоўкі дакумента, да ўнясення яго на рагляд у парламенце. Таксама было б добрай практыкай звярнуцца ў Офіс па правах чалавека АБСЕ.
Увогуле я падкрэсліў падчас сустрэчы, што гэты законапраект — учорашні дзень. Мы латаем старыя мяхі для новага віна, бо сітуацыя медыйная змяняецца. І Міністэрства інфармацыі з яго цяперашнімі паўнамоцтвамі таксама не адпавядае патрабаванням часу», — расказаў Андрэй Бастунец.
Таксама закраналася пытанне статусу журналістаў-фрылансераў. Але канкрэтныя фармулёўкі не прагучалі і пытанне так і засталося адкрытым.
Паводле baj.by