Мінкультуры: Мы ўзгаднялі пракладку кабелю па-за мяжой ахоўнай зоны Курапатаў
Міністэрства культуры ўзгадняла пракладку сілавога кабелю па-за мяжой ахоўнай зоны гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-х – 40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты», гаворыцца ў адказе першага намесніка міністра культуры Наталлі Карчэўскай на зварот грамадскасці.
Паводле адказу, сваім лістом ад 23 чэрвеня 2016 году Мінкультуры ўзгадніла з ААТ «Астодэвелопмент» месца размяшчэння кабельных ліній згодна прадастаўленым схемам. Наталля Карчэўская звярнула ўвагу грамадскасці на тое, што ўзгадненне ажыццяўлялася пры ўмове пракладкі і абслугоўвання кабелю ў паласе адводу аўтадарогі Заслаўе-Калідзішчы, якія знаходзяцца па-за мяжой ахоўнай зоны Курапатаў. Другой умовай узгаднення была неабходнасць выканання земляных работ з прыцягненнем археолагаў.
Разам з тым, у адказе Наталлі Карчэўскай адзначаецца, што забеспячэнне на тэрыторыі вакол Курапатаў патрабаванняў заканадаўства ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці адносіцца да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Нагадаем, што 29 лістапада 2019 году ў вясковым доме культуры аграгарадку Лясны пад Мінскам адбылося грамадскае абмеркаванне ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праекту кампаніі А-100 «Будаўніцтва жылога раёну з інжынерна-транспартнай інфраструктурай і аб’ектамі сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання насельніцтва каля вёскі Копішча Мінскага раёну. Кабельныя лініі электраперадачы напружаннем 10 кілавольт».Падчас грамадскага абмеркавання азначалася, што ў ахоўнай зоне Курапатаў на паўночны захад ад яе раней была пракладзена дзеючая траса інжынерных камунікацый (для вады, газу, электрычнасці, цяпла, тэлефоннай сувязі і каналізацыі). Побач з гэтай дзеючай трасай зноўку ў ахоўнай зоне Курапатаў мяркуецца пракласці новую трасу пад кабель у 10 кілавольт.
Апроч таго, каля паловы даўжыні трасы запланаванай пракладкі кабелю ўздоўж Заслаўскай шашы таксама праходзіць не ў створы існуючай трасы інжынерных камунікацый у паласе адводу аўтадарогі, а ў ахоўнай зоне Курапатаў.
Разам з тым, архітэктары — аўтары праекту пракладкі гэтага кабелю — не звярталіся да археолагаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі з пытаннямі, што тычацца навуковага суправаджэння названага праекту.
Як стала вядома грамадскасці, 23 чэрвеня 2016 года Міністэрства культуры ўзгадніла праектную дакументацыю па пракладцы кабелю на падставе таго, што ў ахоўнай зоне Курапатаў «дазваляецца эксплуатацыя і рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый».
На меркаванне аўтараў звароту ў Мінкультуры, у гэтым узгадненні закладзена памылка, бо плануецца не рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый, а пракладка новага кабелю, якога раней не было, бо не было жылога раёну ля вёскі Копішча, да якога гэты кабель пракладаецца.
Грамадзяне прасілі чыноўнікаў адклікаць названае ўзгадненне Міністэрства культуры ад 23 чэрвеня 2016 года, паколькі ў ахоўнай зоне Курапатаў дазваляецца пракладка толькі тых падземных інжынерных камунікацый, што неабходныя для эксплуатацыі аб’ектаў ушанавання памяці ахвяраў, а не іншага прызначэння.
Сярод падпісантаў лісту – старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг Валянціна Вяргей, мовазнаўца Вінцук Вячорка, бард Зміцер Захарэвіч, мастакі Генадзь Драздоў, Аляксей Марачкін, Ігар Марачкін і аўтар гэтага артыкулу.