Мінскім актывістам пагражалі затрыманнем пры раздачы паштовак у Слуцку

«Супрацоўнік Слуцкага РАУС прапанаваў: альбо ціха і хутка знікнуць разам з сваімі карткамі, альбо быць затрыманым», — актывіст ініцыятывы «За помнік абаронцам Случчыны» Мікіта Краснакуцкі распавёў пра інцындэнт падчас раздачы інфармацыйнай паштоўкі пра эскіз помніка Слуцкім паўстанцам 5 кастрычніка.

Мікіта Краснакуцкі раздае паштоўкі 

Мікіта Краснакуцкі раздае паштоўкі 

Сёння, 5 кастрычніка, маладыя грамадскія актывісты Сяржук Дубіна і Мікіта Краснакуцкі адмыслова прыехалі з Мінску, каб нагадаць случанам пра абаронцаў Незалежнасці нашай краіны і пазнаёміць з электроннымі эскізамі помніка. Як і 1 кастрычніка, удзельнікі ініцыятывы мелі пры сабе паперы сябраў ініцыятыўнай групы Аліны Нагорнай. На працягу гадзіны (з 14 да 15) хлопцы паспелі раздаць нямала паштовак з інфармацыяй аб важнай падзеі ў гісторыі Беларусі і спасылкай на сайт 1920.by
Дзеянне адбывалася каля ўваходу на гарадскі стадыён. Сёння тут сабраліся сотні случакоў, каб паглядзець на гульню паміж ФК “Слуцк” і барысаўскім “ БАТЭ”. Дзеля забеспячэння парадку на такіх масавых мерапрыемствах прысутнічае шмат супрацоўнікаў міліцыі. Тых, хто апрануты ў цывільную форму, немагчыма адрозніць ад звычайных гараджан. На вачах карэспандэнта НЧ а пятнаццатай гадзіне адзін з такіх супрацоўнікаў у цывільным пацікавіўся зместам паштоўкі пра эскізы помніка. Мікіта Краснакуцкі натхнённа і з запалам распавёў пра важнасць ведаў аб гістарычных падзеях Случчыны і парэкамендаваў паўдзельнічаць у выбары эскізу помніка на сайце 1920.by. Той доўга і ўважліва слухаў, пасля паклаў паштоўку ў кішэню, паказаў сваё пасведчанне супрацоўніка РАУС і параіў маладзёну зрабіць свой выбар: “Альбо ціха і хуценька ты знікаеш з гэтага месца, альбо я буду вымушаны цябе затрымаць”. Зразумела, што малады чалавек вырашыў за лепшае перамясціцца далей ад міліцэйскага натоўпу.
Сяржук Дубіна размаўляў з случакамі на іншай тэрыторыі, і таму пазбег такой цікавай размовы з ахоўнікамі правапарадку. Абодва мінчукі лічаць, што Слуцк чысты і прыгожы горад, нягледзячы на знешні савецкі антураж.
— Крыху засмучае, што я, жыхар Мінска, прыехаў распавядаць пра гістарычную старонку горада случакам. Лепей было б наадварот, – уздыхае хлопец.
Па словах грамадскага актывіста, з неаднолькавых рэакцый гараджан на праблемную гісторыю відавочна, што не ўсе случакі абыякавыя, і тут таксама ёсць патэнцыял для працы па развіццю сапраўднага патрыятызму.