Мір і Нясвіж адрэстаўравалі, на замак у Горадні забыліся
Пасля закрыцця праграмы «Замкі Беларусі» працы ў Старым замку ў момант спыніліся.
![cam02927.jpg cam02927.jpg](/img/v1/userfiles/images/cam02927.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гарадзенскі Стары замак — ці не першае, што паказваюць турыстам у горадзе над Нёмнам, разам з Каложай і Фарным касцёлам. Усё ж такі адзіны каралеўскі замак у Беларусі: тут узводзіў сцены з чырвонай цэглы і каменю Вітаўт, адсюль на паляванні ды войны выязджаў Сцяпан Батура.
Зараз жа выгляд замку інакш як скрушным назваць цяжка: абабітая тынкоўка, іржавая бляха на даху, папялішчы ды смецце на тэрыторыі, у куце двара — пад дажджом сумуюць старыя сячкарні, экспанаты для няздзейсненага музею сельскай гаспадаркі. «Савецкая Беларусь» нават знайшла метафару для замку: «дабротны барак».
![cam02954.jpg cam02954.jpg](/img/v1/userfiles/images/cam02954.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як жа атрымалася, што каралеўскі замак, які фігураваў у праграме «Замкі Беларусі», разам з Мірам і Нясвіжам, апынуўся «за бортам» у стане руіны?
Грошы — на праект, а раскопкі ўжо на энтузіязме
Пачнем з таго, што запачаткаваная Паўлам Латушкам у 2012-м праграма «Замкі Беларусі», з вясны 2016-га гэтага году паспяхова спыніла сваё існаванне. Замкі ў Міры, Нясвіжы і Лідзе фінансаванне атрымаць паспелі ды з розным поспехам, але ўсё ж такі былі адноўленыя. На Стары Замак у Горадні грошы таксама вылучаліся: прыкладам, у другой палове 2014-га ўкладанні склалі 7 млрд недэнамінаваных рублёў.
![cam02928.jpg cam02928.jpg](/img/v1/userfiles/images/cam02928.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цікава, што грошы збольшага пайшлі на падрыхтоўку праекту рэстаўрацыі. Нават археалагічныя даследаванні 2014–2015 гадоў праводзіліся фактычна на энтузіязме музейных супрацоўнікаў, без дадатковага падтрымання ды ўкладанняў. Пра пачатак будаўніцтва на тэрыторыі ўжо і гаворкі не ідзе.
![cam02930.jpg cam02930.jpg](/img/v1/userfiles/images/cam02930.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Зараз можна канстатаваць, што навуковы кіраўнік праекту Уладзімір Бачкоў звольнены з Гроднаграмадзянпраекту, куды ён быў наняты акурат для працы па замку, ды і сам ягоны праект выклікае нямала спрэчак. Прыкладам, гісторыкі так і не дамовіліся наконт колькасці паверхаў у вежах ды размяшчэння тых ці іншых будынкаў.
З трох аркадаў у «Казематах Батуры» засталіся толькі дзве
Разам з тым, замак імкліва разбураецца. У рамках падрыхтоўкі да рэстаўрацыі з уязной брамы была збітая тынкоўка, таму зіму, што надыходзіць, частка замкавых канструкцыяў можа перажыць са стратамі: ніхто не ведае як павядзе сябе цэгла з сумнеўным расшчэпам пад уздзеяннем вільгаці і маразоў. Як кажуць гісторыкі, зводы брамы выкладзеныя ўсяго ў адзін шыхт цэглы, таму канструкцыя можа пасыпацца ў любы момант.
![cam02936.jpg cam02936.jpg](/img/v1/userfiles/images/cam02936.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Калі брамная вежа стала праблемай толькі пасля пачатку «цьмянай» рэстаўрацыі, то «Казематы Батуры» павольна разбураюцца ўжо цягам добрых 30 гадоў, ад часу, калі былі адкрытыя археолагамі.
З трох аркадаў, выкладзеных з познасярэднявечнай цэглы-пальчаткі, захавалася толькі адна, і тая – з падпоркай. Абарончай канструкцыі з шыферу, якая хоць неяк ратавала руіны, няма з пачатку 2000-х гадоў. Затое побач поўна пустых шклянак ды смецця. Нічога дзіўнага, бо від з замкавай гары сапраўды выдатны.
![cam02941.jpg cam02941.jpg](/img/v1/userfiles/images/cam02941.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Атрымліваецца, што грошаў няма ня тое, што на пабудову чагосьці новага, але нават на кансервацыю старых элементаў?
«Нам прапануюць пачвару Франкенштэйна»
«Стан Старога замку — гэта абраза для ўсёй беларускай культуры, — лічыць гісторык Андрэй Чарнякевіч, — бо замак мае быць нашай візітоўкай, а не тым, чым ёсць цяпер. З іншага боку, тыя праекты, якія нам зараз прапануюць – гэта нават не сурагат, а «фантазія на тэму», пачвара Франкенштэйна».
Чарнякевіч сумняецца, ці патрэбная наогул гораду копія замку, прадугледжаная праектам Бачкова: рэканструкцыя на часы Сцяпана Батуры. Маўляў, значна лепш і танней захаваць тое, што ёсць: ад схаванай пад драўляным саркафагам Ніжняй царквы ХІІ ст. да муроў ХІХ ст., якія ўжо таксама маюць сваю гісторыю: там, прыкладам, трымалі пад вартай паўстанцаў 1863 году.
![cam02951.jpg cam02951.jpg](/img/v1/userfiles/images/cam02951.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адначасна Чарнякевіч захапляецца самаахвярнай працай археолагаў: «Археолагі ў гэтым выпадку заслугоўваюць найвышэйшай пашаны. Гэта ўсё робіцца на энтузіязме! Калі ж да гэтага дакласці яшчэ грашовае фінансаванне, заробкі, умовы і г.д., вы ўбачыце зусім іншы прадукт, а не сізіфаву працу. З іншага боку мы бачым непрыхаваны цынізм уладаў, бо ўсе разумеюць, што далей за праект праца не пойдзе. На ратаванне замку рэсурсу не хопіць».
«Грошаў не было, няма і не будзе»
Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў лічыць, што праграма «Замкі Беларусі» адразу ж, як была прынятая, не мела дастатковага фінансавання. На гарадзенскі замак грошаў тым больш не хапала, а калі яны з’яўляліся — іх хутка засвойвалі.
![cam02953.jpg cam02953.jpg](/img/v1/userfiles/images/cam02953.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мясцовыя ўлады, у сваю чаргу, не выдаюць сродкаў на рэстаўрацыю аб’ектаў, бо з 1992 г. усе абласныя цэнтры не маюць такога радка ў бюджэце. А дагэтуль быў радок: «Рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры», старшыня гарвыканкаму гэтымі грашыма распараджаўся.
«Я не бачу перспектываў, прынамсі, пакуль я жывы, а мне 60 год, хаця б завяршэння праектных працаў, — канстатуе Трусаў, — Прыпыненая ж праца не толькі па гарадзенскім замку, але і па ўсёй праграме «Замкі Беларусі». Грошаў не было ў мінулым годзе, няма ў гэтым, не будзе і ў наступным».
«Рэстаўраваць варта, але з папраўкай на 100-200 год»
Звяртае ўвагу гісторык і на тое, што ў праекце няма ані слова пра інтэр’еры замку на часы Сцяпана Батуры, іх кошт ды імаверную крыніцу паходжання.
![cam02946.jpg cam02946.jpg](/img/v1/userfiles/images/cam02946.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Каробку ж можна пабудаваць, але трэба зрабіць усё і ўнутры, пачынаючы ад паркету, сканчаючы столямі і жырандолямі. Дзе гэта ўсё браць і за які кошт?» — разводзіць рукамі гісторык.
Наагул жа Трусаў лічыць, што яшчэ ў 1990-я варта было ўкладацца ў рэканструкцыю Новага замку, збудаванага ў XVIII ст. для правядзення соймаў Рэчы Паспалітай. Улічваючы, што ўкладанні былі б у разы меншыя, хаця б адзін з гарадзенскіх замкаў на сённяшні дзень быў бы ў гатовым выглядзе.
Калі ж брацца за Стары замак, паводле Трусава, то аднаўляць яго варта станам на XVII-XVIII стст. Па-першае, існуюць дакладныя «дрэздэнскія чарцяжы», якія яго апісваюць. Па-другое, гэта была б рэстаўрацыя з меншымі «купюрамі», хай вонкава, магчыма, замак і не быў бы такім шыкоўным.
Паводле belsat.eu