«Біятэст» прысвяціў Гародні серыю новых гатункаў гарбаты
«Гарадзенская гарбата», «Дзень», «Ноч» і «Водары прыроды»: новыя чайныя напіткі прэзентавалі ў Гродне.Прэзентацыя новай лінейкі прадуктаў ад прадпрыемства «Біятэст» прайшла 3 лістапада ў аптэцы-музеі. Кампанія прысвяціла гораду серыю гарбаты.
Шэсць зёлкавых збораў і фота старых вуліц
Сёлета гродзенская аптэка-музей святкуе 20-годдзе. Да гэтага юбілею яе ўласнік — кампанія «Біятэст» — і прымеркаваў новую серыю гарбаты з трох пазіцый. Асноўная з іх мае назву «Гарадзенская гарбата» і ўключае ў сябе шэсць відаў зёлкавых збораў. Кожны від па-свойму аформлены і мае свае асаблівыя складнікі.
У афармленні выкарыстаны старыя фотаздымкі цэнтральных вуліц горада. У кожную ўпакоўку ўкладзены буклет са старой і сучаснай выявамі адной з вуліц Гродна і інфармацыяй аб ёй на беларускай і рускай мовах. Таксама ў буклеце надрукаваны спосаб прыгатавання гарбаты, а ў сярэдзіну ўкладзены фільтр-пакет — для тых, хто не любіць заварваць гарбату россыпам.
«Ідэя стварэння гэтай калекцыі — падкрэсліць культурны складнік горада, паказаць, што Гродна — значны, прыгожы, сучасны горад на прасторы Беларусі», — адзначае прадстаўнік кампаніі «Біятэст» Дзмітрый.
«Водары прыроды» — з арнаментам і вершамі
Другая пазіцыя — чайныя напіткі «Дзень» і «Ноч». Яны выпускаюцца як асобна, так і ў сумешчанай упакоўцы. Як сцвярджаюць вытворцы, гарбата «Дзень» дапаможа адчуць бадзёрасць з раніцы, а «Ноч» — расслабіцца пасля складанага дня.
Трэцяя пазіцыя — «Водары прыроды» — таксама выпускаецца як у асобных упакоўках («Зіма», «Лета», «Вясна», «Восень»), так і ў зборы. Кожная ўпакоўка ўпрыгожана традыцыйным арнаментам і ўзорамі, якія адпавядаюць пэўным святам («Зіма» — Каляды, «Вясна» — Гуканне вясны, «Лета» — Купалле, «Восень» — Дажынкі). У пачкі з гарбатай укладзены чатырохрадкоўі беларускіх паэтаў.
Адна назва — для гродзенцаў, іншыя — для другіх рэгіёнаў
Спачатку планавалася стварыць толькі «Гарадзенскую гарбату». Дзве іншыя серыі — яе адгалінаванні. Склад у іх аднолькавы: «Дзень», «Ноч» супадае па складзе з «Гарадзенскай гарбатай» №1 і №2, «Зіма», «Лета», «Вясна», «Восень» — з гарбатай №3, 4, 5, 6 адпаведна.
Прадстаўнік кампаніі Дзмітрый тлумачыць гэта тым, што «Гарадзенская гарбата» мае ў асноўным рэгіянальны накірунак, а «Водары прыроды» скіраваны на ўсю Беларусь і выступаюць хутчэй як падарункавы варыянт. На наступным тыдні плануецца выпуск падарункавай упакоўкі «Гарадзенскай гарбаты», якая будзе змяшчаць усе шэсць відаў зёлкавага напітку.
Усе чайныя напіткі складаюцца толькі з натуральных кампанентаў. У іх складзе няма ні араматызатараў, ні смакавых дадаткаў, ні кафеіну. Для стварэння гарбаты выкарыстоўваюць у асноўным беларускую натуральную сыравіну. З-за мяжы пастаўляюцца толькі экзатычныя кампаненты, такія, як аніс, цынамон ці лаванда. У склад кожнай гарбаты ўваходзіць 7-9 кампанентаў. Набыць новую калекцыю гарбаты можна ў аптэцы-музеі.
Сёння ў прадпрыемства «Біятэст» два вялікія накірункі дзейнасці — рознічны гандаль лекавымі прэпаратамі і вытворчасць натуральных прэпаратаў на аснове лекавых раслін. Дадатковы накірунак — культурніца-дабрачынны: у найстарэйшай аптэцы Беларусі дзейнічае музейная экспазіцыя, убачыць якую можна бясплатна.
Паводле hrodna.life