Фільм гродзенскага рэжысёра аб лёсе веруючых у перыяд атэізму заняў першае месца ў конкурсе «Згадаць усё»

Праца гродзенскага рэжысёра Аляксандра Ганеца заняла першае месца ў відэа-конкурсе Беларускага архіва вуснай гісторыі «Згадаць усё: вера за савецкім часам».

2_14_1.jpg


Відэапраект гродзенца расказвае пра рэлігійнае жыццё за савецкім часам у Гродзенскай вобласці на прыкладзе аднаго чалавека — жыхаркі вёскі Лунна, якая некалі жыла ў Гродне, Лізаветы Мікалаеўны Ганец.
«Для мяне, як для рэжысёра і аператара, стаяла задача на падставе размовы са сведкам таго часу падрабязна раскрыць тэму і як мага больш поўна атрымаць інфармацыі ад удзельніка тых падзей. Усяго на конкурс было пададзена каля 60 прац. У кастрычніку абвясцілі пераможцаў, а ў пачатку лістапада мяне ўзнагародзілі за першае месца», — распавядае Аляксандр Ганец.
Цяпер ідзе даследаванне, перагляд ролі і функцыі простага чалавека ў драматычным лёсе тагачаснай царквы, лічыць рэжысёр. Пакуль жывыя сведкі тых падзей, моладзі трэба выкарыстоўваць магутнасці сваіх камер у тэлефонах не толькі для «сэлфi», але і для такіх праектаў у тым ліку, перакананы Аляксандр.
«Гэта праекты, якія дапамогуць засведчыць памылкі і гераізм асобных людзей. Прыадчыніць заслону асабістых перажыванняў і матываў», — дадаў рэжысёр.


Мэтай конкурсу была атрымаць вусныя сведчанні пра рэлігійнае жыццё ў часы ганенняў на веру, бо за палітычнымі падзеямі незаўважаным застаецца лёс простага чалавека, які павінен быў захоўваць любоў да Бога, веру, свае перакананні насуперак абставінам. Арганізатарам конкурсу выступілі рэлігійная арганізацыя Братэрства ў гонар Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія і Беларускі архіў вуснай гісторыі.
Руслан Кулевіч, hrodna.life