«Мы блізкія да вычарпання страху ў чытачоў незалежных СМІ». Шрайбман — пра «экстрэмізм» «Нашай Н*вы»

Эксперты — пра наступствы з'яўлення новых «экстрэмісцкіх фарміраванняў» і перспектывы незалежных СМІ.

smi1.jpg

Выданне «Наша Н*ва» па рашэнні КДБ прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. У лістападзе мінулага года тэлеграм-канал і сацсеткі «НН» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Пра тое, як падобныя рашэнні ўладаў уплываюць на працу незалежных СМІ і папулярных тэлеграм-каналаў, а таксама пра перспектывы недзяржаўнай прэсы «Филин» пагаварыў з экспертамі.

Алег Агееў: абвінавачанні ва ўдзеле ў экстрэмісцкіх фармаваннях прад'яўляюць тым, хто ўжо знаходзіцца пад вартай

— Гэтае рашэнне выклікае абурэнне, бо гаворка ўжо, як мінімум, пра трэцяе медыя, якое ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», — сказаў юрыст нядаўна закрытай уладамі «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Алег Агееў. — Гэта не адпавядае аніякім нормам міжнароднага права, якія тычацца свабоды слова. Дадзенае рашэнне відавочна выходзіць за рамкі міжнародных стандартаў па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам. Гэта адвольнае і непрапарцыйнае ўмяшанне дзяржавы ў дзейнасць СМІ, якое парушае ўсе стандарты незалежнасці медыя.

Суразмоўца падзяліўся асабістым меркаваннем аб тым, чаму ўлады ўзмацняюць прэсінг на незалежныя СМІ.

— Распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць. Сёння рэжыму хочацца большага ўплыву, хочацца крымінальных спраў. І таму тыя 15 сутак, якія можна атрымаць за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», ужо не адпавядаюць сённяшняму ўзроўню рэпрэсій.

Акрамя таго, паводле слоў Алега Агеева, дакладна вядома пра тое, што абвінавачанні ва ўдзеле ў «экстрэмісцкіх фарміраваннях» прад'яўляюць тым, хто ўжо знаходзіцца пад вартай: «Гэтым людзям дадаюць новыя абвінавачанні».

Гаворачы пра перспектывы, эксперт падкрэсліў, што за гады кіравання краінай Лукашэнкі незалежныя СМІ «прывыклі працаваць у вельмі кіслотных умовах»:

— Безумоўна, сённяшнія ўмовы непараўнальныя з тым, што адбывалася ў «мірныя часы». Зараз, ва ўмовах прававога дэфолту, ніякай абароны медыя і журналістаў ад дзяржавы ніхто не чакае. Тыя дзяржорганы, якія закліканы абараняць СМІ, ператварыліся ў органы карнага апарату.

Пры гэтым, паводле слоў Агеева, большасць медыя змаглі захаваць сваю аўдыторыю, рабочыя калектывы. Частка журналістаў вымушана была пакінуць краіну, частка да гэтага часу працуе ў Беларусі.

— Мне здаецца, што гэта чарговае выпрабаванне перад журналістамі. І яны, я думаю, з ім справяцца. Так, ёсць цяжкасці. Больш за 30 журналістаў знаходзяцца за кратамі, некаторыя асуджаныя. Але медыясектар па-ранейшаму працуе. І тут многае залежыць ад аўдыторыі. Ці будзе яна захоўваць цікавасць да незалежнага слова, інфармацыі. Гэта шматгранны працэс: акрамя непасрэднай працы СМІ, патрэбная зацікаўленасць грамадства ў выніках іх дзейнасці, — падсумаваў юрыст.

Арцём Шрайбман: улады хочуць зрабіць незалежныя крыніцы інфармацыі максімальна таксічнымі

У снежні суд прызнаў «экстрэмісцкай» інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала, які належыць палітычнаму аналітыку Арцёму Шрайбману. У каментары ён ацаніў наступствы дзеянняў сілавікоў:

— Я думаю, што вельмі складана вылучыць эфект дзеянняў улады з агульнага трэнду падзення аўдыторыі беларускіх тэлеграм-каналаў. Напрыклад, ёсць устойлівы трэнд: некалькі месяцаў, а па некаторых каналах хутка ўжо будзе год, як ідуць адпіскі чытачоў. Людзі баяцца, дэпалітызуюцца, адключаюцца ад кантэнту, які прыносіць ім дэпрэсіўныя навіны.

На думку эксперта, паведамленні пра прызнанне медыя «экстрэмісцкім фарміраваннем» дадаткова адпужвае нейкую частку аўдыторыі: «Але казаць пра тое, што без гэтых запалохванняў колькасць чытачоў засталася б на ранейшым узроўні, я б не стаў».

Арцём Шрайбман падзяліўся асабістым досведам. Паводле яго слоў, пасля прызнання яго канала «экстрэмісцкім» у першыя дні назіраўся актыўны рост колькасці праглядаў. А потым працягнулася тэндэнцыя, якая была да гэтага: адпіскі, зніжэнне аўдыторыі — з вышэйзгаданых прычын.

— На маю працу гэта ніяк не паўплывала, таму што я знаходжуся не ў Беларусі і ў мяне няма падставы перажываць пра падобныя дзеянні беларускіх уладаў.

Эксперт не выключае, што большасць з тых, хто асцерагаецца адказнасці за падпіску на «экстрэмісцкія» рэсурсы, ужо адпісаліся ад іх. І на іх новыя дзеянні ўладаў ужо не паўплываюць.

— Думаю, мы блізкія да вычарпання эфекту страху. Але дэпалітызацыя будзе працягвацца, яна доўжыцца ўжо шмат месяцаў. Гэта аб'ектыўны працэс, ён не звязаны з працай ГУБАЗіКа і рашэннямі судоў. І калі на сумленні рашэнняў аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі публікацый «НН» ляжыць 10% страты чытацкай аўдыторыі — можа быць, але не ўпэўнены, што больш. Я б не пераацэньваў эфект гэтых дзеянняў уладаў.

Прызнанне медыя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», на думку суразмоўцы, патрэбнае ўладам, каб зрабіць незалежныя крыніцы інфармацыі максімальна таксічнымі для беларускай аўдыторыі:

— Каб людзі баяліся дзяліцца інфармацыяй у сваім коле зносін, у чатах і сацсетках. Зрабіць гэта небяспечным і знізіць аўдыторыю СМІ.

Перспектывы незалежнай прэсы цалкам залежаць ад перспектыў палітычнай сітуацыі ў краіне, перакананы Арцём Шрайбман. Пры захаванні статус-кво будзе назірацца далейшае падзенне ў дэпрэсію аўдыторыі, у далейшую дэпалітызацыю.

А таксама ў радыкалізацыю тых, хто працягне чэрпаць інфармацыю з незалежных крыніц:

— Людзі апускаюцца ў інфармацыйнае поле, у якім яны знаходзяцца з 2020-га, нянавісць да ўладаў толькі мацнее ў адданай аўдыторыі незалежных СМІ.

На думку эксперта, гэта будзе адбывацца і далей, пакуль палітычная атмасфера ў краіне не зменіцца.

— Калі гэта адбудзецца і ў палітыку вернуцца масы беларусаў, тыя ж, якія ў ёй былі ў 2020-м, калі дэпалітызацыя зменіцца новай палітызацыяй, мы ўбачым новы ўсплёск аўдыторыі. Я думаю, тут нашмат важней аб'ектыўныя, якія не залежаць ад прэсы, фактары, чым намаганні ўладаў па блакаванні СМІ. Бо ў выніку блакаваць цалкам патокі інфармацыі можна, толькі адключыўшы Інтэрнет. У астатнім — пытанне ў жаданні аўдыторыі чытаць СМІ, пакуль ёсць VPN, тэлеграм-каналы і YouTube.