Мы дастаткова моцныя, калі разам. Давайце памятаць пра гэта
«Рэвалюцыя прайграла», «дэмсілы нічога не могуць», «рэжым перамог» — такія ўпадніцкія настроі часта бываюць і ўнутры краіны, і ў дыяспары. І нагод для радасці праўда мала. Але яны ёсць.
Я люблю арганізоўваць і праводзіць сацыялагічныя даследаванні, асабліва якасныя — кшталту глыбінных інтэрв'ю ці фокус-груп. Гэта ў немалой ступені цікава таму, што людзям можна задаць такое пытанне, пра якое яны ніколі раней не задумваліся. Вось ты задаў пытанне — і чалавек адразу літаральна «завісае». Ты практычна чуеш, як яго шасцярэнькі пачынаюць спрабаваць круціцца па-новаму, адразу з цяжкасцю, потым — хутчэй, піша сацыёлаг Генадзь Коршунаў для «Цэнтра новых ідэй». Чалавек пачынае гаварыць, разважаць і прыходзіць да адказу, часцяком нечаканага для сябе самога. Не заўсёды да відавочнага, не заўсёды да прыемнага, але прыходзіць. І часта потым кажа: «Дзякуй, цікава! Ніколі раней пра гэта не задумваўся!»
Ёсць яшчэ адзін, нават, напэўна, больш каштоўны варыянт «ашаламлення» — гэта калі ты задаеш рэспандэнту пытанне і сам тэарэтычна мяркуеш, якія варыянты адказаў могуць быць. Але раптам атрымліваеш адказы, якія не ўкладваюцца ў твае здагадкі і разрываюць шаблоны, якія склаліся на базе навуковых кніг і артыкулаў, вынікаў іншых даследаванняў або свайго ўласнага досведу. І тады ты сам шчыра дзякуеш. Менавіта дзеля гэтага праводзяцца глыбінныя інтэрв'ю і фокус-групы — каб разрываць шаблоны мыслення і разумець, як людзі думаюць на самой справе.
Сёлета з камандай я зрабіў некалькі даследаванняў, якія былі прысвечаныя вывучэнню беларускай дыяспары. Частка справаздач ужо апублікаваная. Па другіх даследаваннях справаздачы яшчэ пішуцца, па трэціх інфармацыя толькі збіраецца. І ў працэсе іх правядзення ў мяне здарылася, напэўна, рэкордная колькасць «ашаламленняў». Прычым як «асабістых», так і з боку рэспандэнтаў.
Мабыць, першым варта адзначыць праблематызацыю персанальнага (не)аднясення сябе да дыяспары. Тут маецца на ўвазе тое, што для істотнай часткі рэспандэнтаў, якія доўгі час знаходзяцца за мяжой, беларусаў па нацыянальнасці і грамадзян Беларусі па пашпарце, прыналежнасць да беларускай дыяспары не ўключаецца аўтаматычна.
Ці інакш: многія беларусы, знаходзячыся за мяжой ужо гадамі, часцяком дыстанцуюцца ад дыяспары, нават тэрміналагічна не прызнаючы сябе яе часткай.
З аднаго боку, тут адыгрывае ролю тое, што шмат у каго з нас была не свядомая, падрыхтаваная эміграцыя, а эвакуацыя і ўцёкі ад рэжыму. Многія выязджалі «на пару месяцаў», і яны да гэтага часу не ў эміграцыі, а ў «працяглай камандзіроўцы». Сітуацыю пагаршаюць абвяшчэнне дыяспаральных супольнасцей «экстрэмісцкімі» і рэпрэсіі супраць сваякоў дыяспаральных актывістаў. З іншага боку — мы самі сабе завышаем планку «ўдзелу». Мала быць беларусамі за мяжой, мала быць у беларускіх сеткавых супольнасцях або быць падпісанымі на дыяспаральныя ТГ-каналы, мала наведваць беларускія выставы і канцэрты…
Мне здаецца, што гэта адна з праяў таго феномену, які ў экспертных развагах фіксуецца як «беларускі максімалізм»: калі нешта рабіць, то выкладвацца на 100% і рабіць амаль ідэальна — ці ўвогуле не брацца. Гэта роўна як з пераходам на беларускую мову ў зносінах: «Не магу гаварыць ідэальна, таму наогул і пачынаць не буду».
Другое «ашаламленне» — крытэрыі ацэнкі «якасці» або сілы нашай дыяспары. Тут таксама працуе максімалізм, які ставіць вельмі высокую планку ацэнкі.
У выніку нараджаюцца нараканні адносна таго, што дыяспара, маўляў, не маналітная — маўляў, мы недастаткова добра арганізаваныя і слаба камунікуем. І наогул — вунь як дружна і магутна выступілі ў 2020-м, а цяпер што?
А цяпер мы ці не бачым, ці фенаменальна недаацэньваем тое, што маем. Тыя, хто хаця б трохі знаёмы з нашымі дыяспарамі, прынамсі, украінцы і расійцы ў Польшчы, выказваюць захапленне ўзроўнем нашай дыяспаральнай згуртаванасці і самаарганізацыі, прафесіяналізмам у вырашэнні любых пытанняў і гатоўнасцю падтрымаць адно аднаго — як на ўзроўні асабістым, так і на ўзроўні супольнасцей або малога бізнэсу. Так, заўсёды ёсць куды расці і развівацца, і над гэтым трэба працаваць. Але пры гэтым не трэба абясцэньваць дасягнутае, трэба паважаць, шанаваць і ганарыцца тым, чаго мы змаглі дамагчыся ў бягучых умовах.
Трэці момант — можа быць, і не самы дзіўны, але не менш важны.
Беларуская дыяспара не цёплая, а досыць прахалодная ў адносінах да іншых эмігранцкіх аб'яднанняў, што да раійскіх, што да ўкраінскіх.
Так, мы дапамагаем украінскім уцекачам і падтрымліваем Украіну ў вайне з Расіяй. Так, мы разумеем, што расійцы, якія з'ехалі ў 2022 годзе, — хутчэй нашы стратэгічныя хаўруснікі, чым палітычныя апаненты. Але «цалавацца ў дзясны» ні з тымі, ні з другімі мы не хочам і не будзем.
Як сказала ў інтэрв'ю адна ўкраінка, беларусы не моцна кагосьці клічуць на свае мерапрыемствы, хоць «дзверы ў іх заўсёды адчыненыя». Тлумачэнне гэтаму дала беларуска ў іншым інтэрв'ю: «Беларуская дыяспара дастаткова моцная, мы заўсёды аддаем перавагу сваім, чым іншым».
Так, нягледзячы на ўсе перыпетыі, беларуская дыяспара — моцная дыяспара. Давайце памятаць гэта, ганарыцца гэтым і дзейнічаць з апорай на гэты факт.