Кампрамат, шантаж, ціск на сваякоў. Як спецслужбы вярбуюць беларусаў у дыяспарах

Суседнія з Беларуссю краіны ўводзяць усё больш абмежаванняў і кантролю на мяжы ў дачыненні да беларусаў праз пагрозу сваёй нацыянальнай бяспецы. Справа ў тым, што лукашэнкаўскія спецслужбы актывізавалі працу па вярбоўцы шпіёнаў і даносчыкаў сярод тых, хто з'ехаў за мяжу.

Беларусы насупраць лукашэнкаўскай амбасады ў Вільні. Фота Яўгена Ерчака

Беларусы насупраць лукашэнкаўскай амбасады ў Вільні. Фота Яўгена Ерчака

Пасля таго, як беларуская актывістка і палітык Вольга Цішкевіч, якая прыехала ў Літву пасля пратэстаў 2020 года, вярнулася ў Беларусь і дала інтэрв'ю прапагандысцкаму тэлеканалу АНТ, у якім крытыкавала беларускіх дэмакратаў, што жывуць у Вільні, пытанне пра бяспеку як саміх беларусаў у Літве, так і краіны, у якой яны знайшлі сховішча, зноў стала актуальным. Перад беларускімі актывістамі чарговы раз паўстала пытанне, як пазбегнуць пранікнення прадстаўнікоў рэжыму ў свае арганізацыі ў эміграцыі.

Да Цішкевіч застаецца шмат пытанняў: як яна, будучы сябрам буйной апазыцыйнай партыі «Народная грамада», магла пайсці на здзелку з рэжымам, чаму паспешліва пакінула Літву і вырашыла дзяліцца інфармацыяй пра апазіцыю з прапагандыстамі? Ясна тое, што сёння рэжым Лукашэнкі прыкладае вялікія намаганні для таго, каб пераследаваць сваіх апанентаў за мяжой. Гэта адбываецца з дапамогай вярбоўкі і шантажу, піша сайт Літоўскага радыё і тэлебачання.

«Напрыклад, сілавікі могуць знайсці карыстальніка, зарэгістраванага на "OnlyFans", а таксама відэазапісы і кантакты яго сваякоў, і затым выкарыстоўваць гэта для шантажу. Яны гавораць: "Твае сваякі не ведаюць пра гэта, але мы ім паведамім. Так што давай, працуй на нас», — гаворыць Андрэй Астаповіч, былы следчы, а цяпер актывіст, адзін са стваральнікаў арганізацыі «Белпол», якая аб'ядноўвае былых беларускіх сілавікоў.

Сёння «Белпол» расследуе злачынствы мінскага рэжыму, складае санкцыйныя спісы і адсочвае дзейнасць беларускіх сілавых органаў з-за мяжы.

Шляхі вярбоўкі

— Што вам вядома пра тое, як рэжым пагражае беларусам у эміграцыі?

— Пагроза досыць сур'ёзная. Калі ўзяць перыяд з 2020 года і наступныя два з паловай гады, то беларускія сілавікі былі занятыя ўнутранымі праблемамі і не маглі так актыўна дзейнічаць за мяжой. Цяпер, асабліва пасля пачатку вайны, сітуацыя змянілася. Чым больш задушаны супраціў і свабода слова ў Беларусі, тым больш у сілавікоў развязаныя рукі для дзеянняў па-за межамі краіны.


Глядзіце таксама

Гэтая актыўнасць распаўсюджваецца ў асноўным на краіны Еўрапейскага Саюза і Украіну і працягвае развівацца. Да падзей 2020 года многія супрацоўнікі беларускіх сілавых структур моцна адставалі ў такіх галінах, як IT-сфера, медыя, інтэрнэт. Цяпер тэндэнцыя застаецца ранейшай, таму што калі IT-спецыяліст можа зарабляць у звычайнай галіне каля 5000 еўра, то ў Беларусі заробкі адпаведных супрацоўнікаў у сілавым ведамстве не адрозніваюцца па цэнавым дыяпазоне ніяк ад радавых супрацоўнікаў. Таму ўзровень падрыхтоўкі сілавікоў ніжэйшы.

Тым не менш, за кошт пратэстаў і пераарыентацыі на сацсеткі, Тэлеграм-акаўнты і інтэрнэт у цэлым некаторыя падраздзяленні, такія як ААЦ (Аператыўна-аналітычны цэнтр), КДБ, ГУБАЗіК, асобныя падраздзяленні Міністэрства ўнутраных спраў набылі неабходны досвед.

Яны пачалі ствараць спецыяльныя базы даных і змяняць заканадаўства. З канца 2022 года і да цяперашняга часу ўсе прадпрыемствы, якія вядуць эканамічную дзейнасць у Беларусі або маюць серверы на яе тэрыторыі, абавязаны ўсталёўваць спецыяльнае абсталяванне для інтэграцыі ў адзіную сістэму кантролю, праз якую адбываецца поўны кантроль з боку ўсіх сілавых структур.

Яны маюць доступ да ўсяго, пачынаючы з таксі: да інфармацыі пра ўсе паездкі і замовы. Яны ведаюць, хто куды ездзіць, якую ежу хто і куды дастаўляе, што купляе праз анлайн-сэрвісы. Гэта дазваляе ім ажыццяўляць поўны кантроль.

Гэтая сістэма дазваляе эфектыўна весці агентурную дзейнасць, атрымліваць інфармацыю і вербаваць людзей за мяжой з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Вярбоўка, калі параўноўваць з часамі халоднай вайны, пераарыентавалася на інтэрнэт.

Ёсць некалькі асноўных метадаў вярбоўкі. Першы — пад чужым сцягам. Напрыклад, яны могуць прадстаўляцца як брытанская выведка або брытанскі эканамічны форум, які адсочвае размеркаванне грантаў. Ці, напрыклад, Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы, ці як прадстаўнікі ўкраінскіх спецслужб. Тое ж самае адбывалася, напрыклад, з Рыка Крыгерам, калі яму пісалі нібыта ад асобы прадстаўнікоў палка Каліноўскага. Пад выглядам барацьбы з рэжымам Лукашэнкі яны бяруць чалавека ў апрацоўку, просяць выконваць патрэбныя ім дзеянні, каб у тым ліку яго захапіць за нібыта які-небудзь «тэрарызм» або іншыя агрэсіўныя дзеянні, а потым ужо ім «гандляваць» або выкарыстоўваць у мэтах прапаганды.

Наступны метад — праз сайты па пошуку працы. У розных Тэлеграм-суполках шукаюць людзей і прапануюць простыя заданні: перавезці скрынку з Вільні ў Варшаву. Чалавек перавозіць, зарабляе на гэтым грошы, а потым яму пішуць: «Вы перавезлі выбухоўку C4 (або сакрэтныя файлы). Калі не будзеце з намі супрацоўнічаць, мы перададзім звесткі пра вас у зацікаўленыя службы Еўрасаюза. Калі гэтыя звесткі трапяць у спецслужбы, вас альбо пасадзяць, альбо выдадуць нам, і будзе яшчэ горш». І такім чынам яны вярбуюць людзей.

Яшчэ адзін метад — шантаж праз кампрамат. Яны вывучаюць сацсеткі, знаходзяць кантакты чалавека. Існуюць аналітычныя праграмы, напрыклад «Maltego», якія дазваляюць правесці поўны аналіз сацсетак: хто вашы сваякі, сябры, з кім вы больш за ўсё маеце зносіны. Для нас, для «BELPOL», яны недаступныя. Таму што гэтыя праграмы вельмі прасунутыя і каштуюць дорага — гадавая ліцэнзія можа каштаваць 25 тысяч еўра.

Атрымаўшы ў дачыненні да чалавека неабходныя звесткі, спецслужбы знаходзяць варыянты іх выкарыстання. Напрыклад, яны могуць знайсці карыстальніка, зарэгістраванага на «OnlyFans», знайсці відэазапісы і кантакты яго сваякоў і затым выкарыстоўваць гэта для шантажу.

Яны гавораць: «Твае сваякі не ведаюць пра гэта, але мы ім паведамім. Так што давай, працуй на нас, раз ты знаходзішся ў дыяспары, інакш мы ўсім раскажам, чым ты займаешся, якія сайты наведваеш» — і гэтак далей.

Асноўны ціск ідзе праз кампрамат, дзеянні пад чужым сцягам, а таксама любяць ціснуць на сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, пагражаючы ім праблемамі. Менавіта таму мы бачым такія масавыя ператрусы, асабліва сёлета, у актыўных сябраў дыяспары.

Праблем з вярбоўкай у іх не будзе, і гэтая праблема будзе толькі нарастаць. Усё больш людзей, як мінімум, будуць проста сыходзіць з гэтых супольнасцей. Ад тых, хто не паддаецца вярбоўцы, яны могуць запатрабаваць проста знікнуць з дэмакратычнага руху, выйсці з павесткі, каб не ствараць праблем. Так сілавікі паступаюць, калі бачаць, што чалавек дакладна не пойдзе на супрацоўніцтва. Некаторыя, як публічныя, так і тыя, хто працуюць у цені, вымушаныя сыходзіць.

— Як беларусы, якія жывуць па-за межамі Беларусі, могуць гэтаму процідзейнічаць?

— Найлепшы спосаб — ніколі не выходзіць на такі кантакт, уважліва сачыць за тым, што вы публікуеце, дзе і на якія тэмы вы размаўляеце, у якіх чатах і суполках вы ёсць. Трэба заўсёды захоўваць крытычнае мысленне пры выкананні тых ці іншых дзеянняў.


Глядзіце таксама

Але для кожнага чалавека парады будуць рознымі, бо пра яго ўсю інфармацыю збіраюць асобна. І як у тым ці іншым выпадку дзейнічаць, агульную інструкцыю даць складана. Гэта так не працуе.

Але калі вам прапануюць нейкую працу, трэба старанна правяраць, хто менавіта прапануе і якія даныя пра іх вядомыя. Аднак усе гэтыя суполкі з прапановамі лёгкага заробку, там практычна заўсёды будзе вярбоўка. Расійскія спецслужбы, напрыклад, нашмат больш паспяховыя ў гэтай галіне, і іх праца пастаўлена на паток, яны кантралююць мноства сайтаў і могуць дазволіць сабе ўліваць велізарныя рэсурсы ў гэтыя аперацыі. Беларусь не так развітая ў гэтым плане, але пагрозы ўсё роўна сур'ёзныя.

Чалавек можа думаць, што дзейнічае на карысць бяспекі дыяспары або краіны, у якой знаходзіцца, а на самой справе выконваць дзеянні, якія выгадныя рэжыму. Так адбылося з падпаламі [гандлёвых] цэнтраў у Польшчы — [якія адбыліся ў чэрвені гэтага года] — гэта было арганізавана пад чужым сцягам.

Яшчэ адна небяспека — антыпрапаганда з боку рэжыму, якая ўвесь час лье бруд на дэмакратычную супольнасць і яе лідараў за мяжой. Таксама небяспеку ўяўляюць прасоўванне негатыўных тэзісаў і тэндэнцый на перамовах [з саюзнікамі беларускіх дэмакратаў].

Напрыклад, нядаўна ў Вільні прайшла канферэнцыя «Новая Беларусь», там было шмат прадстаўнікоў замежных дзяржаў, дыпламатаў. Удзельнікі канферэнцыі выказваліся пра тое, куды мы рухаемся, што нас хвалюе і гэтак далей. Там з боку некаторых удзельнікаў гучалі заявы пра бязвізавы рэжым для беларусаў у ЕС, адкрыццё межаў і гэтак далей.

(На грамадскай дыскусіі, прысвечанай інтэграцыі беларусаў у еўрапейскую супольнасць, актывістка, каардынатарка народных амбасад Беларусі Аляксандра Мамаева прапанавала ўвесці для беларусаў бязвізавы рэжым у краінах ЕС. Паводле слоў некаторых удзельнікаў канферэнцыі, гэтая прапанова выклікала здзіўленне ў еўрапейскіх дыпламатаў, якія знаходзіліся ў зале, бо ў кантэксце вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі еўрапейскія ўрады, у першую чаргу, думаюць пра забеспячэнне бяспекі для сваіх краін.)

Калі такое чуеш, асабліва ў кантэксце таго, што адбываецца ў Літве, Польшчы ці, напрыклад, пра забойствы ў Германіі, калі шчыра, узнікаюць пытанні: на каго вы наогул працуеце і што ў вас з галавой? Хоць пытанне хутчэй не ў галаве, а ў тым, чыю павестку вы прасоўваеце. Чаму вы гэта робіце і навошта?

— Як вы правяраеце лаяльнасць і намеры беларусаў, якія задзейнічаныя ў дэмакратычным руху або проста знаходзяцца ў эміграцыі?

— Гісторыя не ведае прыкладаў, калі б усе базы даных дзяржавы, уключаючы спецслужбы, былі атрыманыя дэмакратычнай супольнасцю, гэта значыць апазіцыяй у выгнанні. У нас ёсць усе магчымыя інструменты для верыфікацыі. Нават па новых пашпартах, якія могуць падрабляць і выдаваць, напрыклад, байцам ПВК «Вагнер». Мы можам сказаць, што гэты пашпарт фіктыўны, таму што ў яго няма гісторыі, гэтага чалавека не існуе.

«Вагнераўцам» цяпер можа быць 20-30 гадоў, 40. Чалавек не можа ўзнікнуць з ніадкуль — у яго павінна быць гісторыя. У нас ёсць усе пашпарты, падатковыя адлічэнні за ўсё жыццё кожнага чалавека, месцы працы, зарэгістраваныя нумары тэлефонаў, учыненыя злачынствы, адміністрацыйныя правапарушэнні — літаральна ўсё.


Глядзіце таксама

У мяне як у следчага быў доступ прыкладна да 70% гэтых баз, і цяпер у «Белполе» ў мяне ёсць доступ да таго ж. Аднак некаторыя базы, напрыклад, памежныя, былі недаступныя. Але гэты інструмент існуе, і ён ёсць не толькі ў нас, але і ў іншых, напрыклад, у «Кіберпартызанаў».

Да гэтага часу ніхто не прапанаваў тлумачальную канцэпцыю верыфікацыі, хоць яна і відавочная. Напрыклад, у Латвіі, у дзень выдаюць каля 20-30 віз беларусам, праверыць якіх для нашай арганізацыі — пасільная праца. Калі б дзяржорганы звярталіся да нас з запытамі, мы маглі б праверыць, ці сапраўды чалавек працаваў там, дзе ўказаў, ці мае сувязі з сілавымі структурамі, якія злачынствы здзяйсняў. У нас ёсць даныя нават пра тых, хто атрымлівае пашпарты прыкрыцця, уключаючы агентаў у пагонах і завербаваных грамадзянскіх асоб.

У Беларусі і Расіі ёсць такія структуры, як ГРУ і КДБ, якія маюць права на сілавую дзейнасць за мяжой

У іх ёсць пашпарты прыкрыцця як на сапраўдныя, так і на падробленыя асобы. Мы нават верыфікавалі гэтыя пашпарты і ведаем, хто працуе на якую спецслужбу. Але ў нас няма наладжанай працы ні з адной краінай. Мы спрабавалі, але паколькі мы не з'яўляемся палітычнай структурай і не ходзім на важныя сустрэчы з высокімі палітыкамі ЕС, гэтую прапанову не ўдалося рэалізаваць, нягледзячы на тое, што базы даных у нас ужо тры гады.

Існуючыя пагрозы, такія як падпалы гандлёвых цэнтраў, затрыманне агентаў з дыяспары, забойствы ў Германіі — усё гэта застаецца бескантрольным. Наша арганізацыя прытрымліваецца таго, што неабходна нарэшце стварыць працоўны інструмент для верыфікацыі тых, каму выдаюцца візы. Ці, напрыклад, калі карэспандэнты АНТ прыязджаюць у Літву, здымаюць фільмы і бескантрольна вяртаюцца ў Беларусь, такія сітуацыі можна было б прадухіліць.

— Выпадак з актывісткай Вольгай Цішкевіч, якая жыла ў Вільні, а потым вярнулася ў Беларусь і дала на тэлебачанні інтэрв'ю прапагандысту Ігару Туру, падзялілася кампраматам на беларускія дэмакратычныя арганізацыі ў Літве. Што вам вядома пра гэты канкрэтны выпадак або, магчыма, пра іншыя падобныя выпадкі? І што вы ведаеце пра тое, як наогул адбываецца працэс, калі людзі аказваюцца ў актывісцкіх колах дыяспары, а потым нейкім чынам вяртаюцца ў Беларусь? Што ім за гэта прапануюць і гэтак далей?

— Я не буду сцвярджаць, што мы ведаем усе дэталі таго, як менавіта адбылося вяртанне Цішкевіч у Беларусь і як яна дала інтэрв'ю Туру. Магу толькі меркаваць, зыходзячы з назіранняў і досведу.

Хутчэй за ўсё, перамовы з ёю пачаліся яшчэ ў Літве. Чалавек можа пайсці на супрацоўніцтва з розных прычын: не змог уладкавацца, цяжкі эканамічны і псіхалагічны стан, чужая краіна. Магчыма, на яе ціснулі праз сваякоў або знайшлі нейкі кампрамат. Не выключана, што канфлікты ўнутры дыяспары таксама адыгралі сваю ролю — там у яе было шмат рознагалоссяў, і на дадзеным фоне яна магла сама звярнуцца да беларускіх структур.


Глядзіце таксама

Ёсць верагоднасць, што, знаходзячыся яшчэ ў Літве, яна ўжо пачала перадаваць інфармацыю тым, хто яе завербаваў. Калі яе роля ў актывісцкіх колах пачала змяншацца, альбо гэтыя структуры самі перасталі дзейнічаць актыўна, яе маглі выкарыстоўваць у якасці «карты» ў інфармацыйнай вайне, прапанаваўшы гарантыю бяспекі ў абмен на супрацоўніцтва. Аднак я б такім гарантыям не давяраў — цяпер яна дэманструе, што на волі, без кайданкоў, але праз некалькі месяцаў, магчыма, мы прачытаем артыкул пра тое, што ёй прысудзілі некалькі гадоў. Такое ўжо бывала.

Адсачыць такія выпадкі вельмі складана

— Але як гэта рабіць, што вы прапануеце?

— Напрыклад, у Варшаве існуе Цэнтр беларускай салідарнасці, што аказвае юрыдычную і медыцынскую дапамогу беларусам, якія выехалі. Гэта першасная апрацоўка, але нават такія цэнтры могуць не заўсёды прадбачыць, што здарыцца з людзьмі, калі тыя вяртаюцца ў Беларусь.

Стварыце цэнтр, прысвечаны агентурнай дзейнасці — першасны цэнтр, куды людзі маглі б звярнуцца, калі іх спрабуюць вербаваць, пагражаюць ім ці просяць даць інфармацыю, якую яны не хочуць выдаваць. Гэта павінен быць свайго кшталту аддзел паўпаліцыі або паўсакрэтнай службы па зваротах грамадзян. У такім цэнтры людзі маглі б вывучаць звароты і даваць парады. У бягучай сітуацыі людзі звяртаюцца па дапамогу да асабістых кантактаў або публічных супрацоўнікаў, якія разбіраюцца ў праблеме і спрабуюць дапамагчы.


Глядзіце таксама

У бягучых умовах гэта немагчыма вырашыць іншым спосабам. Ні адзін артыкул або фільм з інструкцыяй не зможа вырашыць усе праблемы. У кожнага выпадку ўнікальны кантэкст. Адны людзі могуць перабольшваць пагрозу, іншыя — баяцца таго, чаго не варта баяцца. Важна мець зносіны з чалавекам, аналізаваць паведамленні і правяраць акаўнты. Ёсць розныя спосабы праверкі акаўнтаў.

Аднак без стварэння такога цэнтра гэта зрабіць немагчыма. Мы як арганізацыя не можам ахапіць усе аспекты самастойна. Па-першае, мы не можам закрыць усе палітычныя пытанні. У нас няма неабходных рэсурсаў для стварэння цэнтра па працы з грамадзянамі ў нашым офісе. Мы не раскрываем месцазнаходжанне нашага офіса, каб захаваць бяспеку.