Як у Беларусі вярбуюць у КДБ. Гісторыя актывіста Алеся Крата
Грамадскі актывіст Алесь Крот да канца 2023 года працягваў жыць у Беларусі, нягледзячы на сваю дзейнасць у НДА. Яго затрымалі і спрабавалі завербаваць у КДБ.
Беларусь сучасная — затрыманні, ператрусы, вобшукі, турма… Чацвёрты год трываюць масавыя катаванні, да якіх падключаныя абсалютна ўсе сілавыя структуры. Праўда, розніца паміж імі ўсё ж ёсць: кожны павінен дзеяць у рамках сваіх першасных абавязкаў. ГУБАЗіК збівае, КДБ – вярбуе. Пра адную з такіх вярбовак нам распавёў грамадскі актывіст Алесь Крот у інтэрв'ю «Белсату».
Актывізм і жыццё пасля 2020-га
Алесь Крот збольшага вядомы сваёй дзейнасцю ў абароне правоў студэнтаў і моладзі. Доўгі час узначальваў прафсаюзную групу «Студэнцкая рада», Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА», а таксама некаторы час быў прадстаўніком моладзевага крыла Беларусі ў ААН.
«Я доўгі час займаўся грамадскай дзейнасцю, працаваў у розных студэнцкіх, моладзевых і апошнім часам ва ўрбаністычных ініцыятывах і арганізацыях. Больш за 10 год мяне не затрымлівалі. Апошні раз гэта было хіба ў 2013-2014 годзе, пасля чаго ніякіх адміністратыўных ці крымінальных спагнанняў да мяне не было», – распавядае Алесь.
Мужчына, нягледзячы на зачыстку НДА у краіне яшчэ ў 2021 годзе і масавы ад’езд калегаў і сяброў, працягваў жыць у Беларусі ажно да канца 2023 года. Актывіст тлумачыць гэты крок тым, што не хацеў з’язджаць і не бачыў прычыны для гэтага, бо нічога супрацьзаконнага ў ягоных дзеяннях не было:
«Нідзе ніякія каментары я не пакідаў і фотаздымкаў не вывешваў, за якія на мяне маглі б завесці якую-небудзь крымінальную справу».
Затрыманне
Да мінулага года ў жыцці актывіста быццам усё было даволі спакойна: АМАП не прыходзіў, на размовы не выклікалі. Ажно да 19 кастрычніка 2023-га. Менавіта ў той чацвер сілавыя структуры ўзгадалі пра ягонае існаванне.
«Прыйшлі да мяне па месцы рэгістрацыі. Чакалі маіх родных, калі тыя выйдуць з дому, каб з іхнай дапамогай трапіць у кватэру. Я ў гэты момант спаў. Забеглі 4 супрацоўнікі ў масках са зброяй і крыкам: «На падлогу!». Разам з імі былі яшчэ 3 чалавекі ў цывільным. Пакуль я ляжаў на падлозе, на мяне апранулі кайданкі, паднялі і далі прачытаць пастанову на вобшук у кватэры па справе нумар… – і вельмі доўгая лічба справы. Я спытаўся, што гэта за такі нумар, на што мне адказалі, што гэта агульная крымінальная справа па экстрэмізму за 2020 год».
Пастанова была падпісаная КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Паўтары-дзве гадзіны ў кватэры мужчыны адбываўся ператрус, падчас якога сілавікі знайшлі налепкі «экстрэмісцкага» характару з выявай «Пагоні», «БЧБ», а таксама з надпісамі ў падтрымку Украіны і супраць гвалту.
Але на гэтым супрацоўнікі сілавых ведамстваў вырашылі не спыняцца. Яны спраўдзілі, ці ёсць яшчэ нейкая нерухомасць на тым жа прозвішчы, і знайшлі лецішча ў 15 кіламетрах ад Мінска. Праўда, актывісту яно не належала – і вобшук па гэтым адрасе ніякага плёну не даў.
Што ж да паводзінаў саміх сілавікоў, паводле мужчыны, прэтэнзіяў ён не мае, бо тыя дзейнічалі досыць далікатна, улічваючы ўсю сітуацыю:
«Затрымлівалі мяне вельмі інтэлігентна, ніякага фізічнага гвалту ў дачыненні да мяне не было. Калі ў мяне запатрабавалі пароль ад тэлефону і ад лэптопу, не было нейкага сэнсу іх хаваць, можа, гэта таксама адлюстравалася на адносінах да мяне. У масках (група захопу) былі АМАПаўцы, але нават з іхнага боку прымянення фізічнай сілы не адбылося. Працавалі са мной больш псіхалагічна праз запалохванне наяўнасцю нейкай тэчкі, з-за якой можна сесці вельмі надоўга».
Паводле актывіста, ужо постфактум ён зразумеў, што хутчэй за ўсё такая спецаперацыя адразу мела на мэце прымус да супрацы.
Допыт
Пасля ператрусаў мужчыну павезлі ў аддзел КДБ, які знаходзіцца па вуліцы Казлова, і завялі ў невялікі пакойчык перад асноўнай прахадной. Там ужо чакаў супрацоўнік, які праводзіў вобшук па месцы прапіскі. Пазней да яго далучыўся яшчэ адзін сілавік, падобна, больш высокага звання. Акурат ён і праводзіў далейшую размову-допыт.
«Збольшага іх цікавіла мая грамадская дзейнасць, чым я займаўся, з кім я знаёмы, куды я ездзіў, ці знаёмы з тымі, хто цяпер прымае ўдзел у розных беларускіх дэмакратычных арганізацыях за мяжой. Я чуў ад іх: «Мы і так усё ведаем», і не хацелася іншы раз спраўджваць, а што дакладна яны ведаюць. Праз гадзіну-паўтары гэтай размовы мне далі на выбар 2 опцыі: ехаць у турму альбо падпісаць паперу аб супрацоўніцтве. Хвілін 15 я вагаўся, але зразумеў, што цяпер і за меншыя хібы могуць завесці рэальны крымінальны артыкул, таму вырашыў пагадзіцца на другі варыянт, каб выйсці і мінімізаваць наступствы для сябе».
Толькі ў гэты момант актывісту далі падпісаць пратакол вобшуку, які ўсё яшчэ не быў запоўнены. Тэхніку (тэлефон і лэптоп), а таксама дакументы яму аддалі і адпусцілі, папярэдзіўшы, што праз некаторы час з ім скантактуюцца. Але на гэтым прыгоды таго дня не скончыліся:
«Прыкладна праз 4 гадзіны мой акаўнт у Тэлеграме заблакавалі. А так як увесь дзень мой тэлефон знаходзіўся ў іх, яны здолелі падключыць свой акаўнт да майго. І калі ўбачылі гэтае блакаванне, палічылі яго падазроным. Увечары таго ж дня яны сустрэлі мяне побач з домам і забралі пашпарт, каб я не здолеў збегчы за мяжу».
Па словах маладога чалавека, больш ніякіх артыкулаў яму не інкрымінавалі, толькі той першапачатковы, што быў запісаны ў пастанове на вобшук. Не было вядома, і ў якім стане ён цяпер знаходзіцца:
«У той пастанове, як я памятаю, а я на той момант стаяў у кайданках распрануты і мог ад нечаканасці ўсяго не запомніць, не было напісана, у якім я статусе — сведкі ці падазраванага».
Супраца
Супрацоўнік КДБ не прымусіў сябе чакаць доўга і цягам літаральна некалькіх дзён патэлефанаваў мужчыну з прапановай сустрэцца і абмеркаваць далейшую супрацу. На сустрэчы было дамоўлена стварыць новы тэлеграм-акаўнт, бо стары ўсё яшчэ быў заблакаваны, і даслаць свой новы нік-нэйм куратару, каб той мог падтрымліваць сувязь з Алесем праз Тэлеграм.
Яшчэ адная сустрэча, а іх усяго было дзве, адбылася ў рэстарацыі хуткага харчвання «KFC».
«Размовы вяліся тыя ж, як і на допыце, але з большай канкрэтыкай пра тое, куды я ездзіў, каго ведаю, якія кантакты засталіся, а таксама пра тое, як мяне можна выкарыстоўваць і куды адправіць. Моцнага псіхалагічнага ціску пры гэтым я не адчуваў, так разумею, што ўсё ж першасна яны выкарыстоўваюць такі сродак супрацоўніцтва, як подкуп і сяброўства, хаця ніхто не застрахаваны ад альтэрнатывы ў выглядзе застрашэння і пагрозаў».
Апынулася, што КДБ цікавіла ў першую чаргу магчымасць удзелу ў мерапрыемствах рознага грамадскага і палітычнага характару, стажыроўках, сустрэчах такіх арганізацый, як КР, Офіс Ціханоўскай, Офіс Латушкі, Беларускі дом правоў чалавека, ПЦ «Вясна». Ім была патрэбная інфармацыя пра тое, хто ўдзельнічае ў гэтых мерапрыемствах, адкуль ідзе іхнае фінансаванне.
«Я так разумею, ім трэба цяпер шчыльна працаваць па замежных арганізацыях, таму што занадта актыўна яны сябе паводзяць, таму іх і хочуць тэрмінова “прыструніць”».
Псіхічны стан
Па словах мужчыны, такія сустрэчы моцна выбівалі з каляіны, бо галоўнай мэтай у яго было захаванне годнасці, каб не нашкодзіць у першую чаргу тым, хто яшчэ застаецца ў Беларусі. Але і ствараць выгляд супрацы было неабходным.
«Калі ты ўжо знаходзішся пад кіраўніцтвам КДБ, то ніякага спакою і пачуцця бяспекі ты ўжо не адчуваеш.
Ты не можаш быць упэўнены ў тым, наколькі гэтыя дамоўленасці будуць працаваць у доўгатэрміновай перспектыве, таму што ніхто не ведае, праз які час ты станеш ім непатрэбны. Таксама ніхто не выключае той факт, што пакуль з табой працуюць супрацоўнікі КДБ, табой не зацікавяцца іншыя структуры».
Алесь перастаў нармальна спаць, чакаў, калі за ім зноў прыйдуць, пастаянна прыслухоўваўся да таго, што адбываецца звонку кватэры. Паводле яго, ад гэтай параноі пачынаеш запамінаць людзей на вуліцы і адносіцца да ўсіх з падазрэннем, таксама пачынаюць палохаюць машыны, асабліва тыя, што стаяць з уключанымі фарамі пад тваім пад’ездам.
«Псіхалагічна гэта вельмі складана перажываць, таму што ты знаходзішся ў пастаянным стрэсе, пастаяннай напрузе. З другога боку, проста падстаўляць іншых людзей, быць агентам, які можа патэнцыйна паламаць лёс іншых людзей… Таксама вельмі не хацелася, бо адчуваеш сваю вялізарную адказнасць. І дзеля таго, каб не падстаўляць сябе і іншых, я нікому не казаў, што адбываецца».
Зварот
Больш чым праз месяц ад пачатку гэтай гісторыі мужчына ўсё ж здолеў пакінуць Беларусь. Цяпер ён знаходзіцца ў бяспецы і вырашыў апублічыць інфармацыю пра ўсё, што з ім адбывалася апошні час удома.
«Перш за ўсё гэта дзеля сваёй бяспекі, каб да мяне не ўзніклі пытанні, што я, магчыма, працягваю супрацу з беларускім КДБ, а таксама каб ім не было цікава надалей мяне выкарыстоўваць, бо я ўжо засвечаны».
Алесь падкрэслівае, што ніхто цяпер у Беларусі не застрахаваны ад падобнага, ціск на грамадзянаў працягваецца незалежна ад таго, ці актыўныя яны цяпер.
«Я б параіў першасна быць рацыянальнымі ў сваіх дзеяннях, першапачаткова ацаніце свае шанцы і наступствы. Пастарайцеся не агаворваць іншых людзей і годна трымацца нават пры неспрыяльных абставінах, нават перад магчымым рэальным тэрмінам у турме, бо тое, што з вамі здарылася, яно ўжо адбылося, але нават у такіх абставінах трэба заставацца чалавекам».
Мужчына падкрэслівае: не трэба недаацэньваць магчымасці супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, але і пераацэньваць іх таксама не варта. Таму, калі ў вас ёсць магчымасць зрабіць сітуацыю больш бяспечнай, варта гэта рабіць, нават пры варыянце выглядаць дзіўнавата. Асабліва гэта датычна бяспекі перадачы нейкай інфармацыі. І здаровая параноя пры гэтым павінная захоўвацца, але не больш за тое, колькі патрабуе сітуацыя, каб з часам канчаткова не паехаў дах.
«Спрабуйце пераключацца і не задумвайцеся пра перспектывы адседзець ад 2 да 7 год, таму што гэта можа вас па выніку з’есці. Калі ў вас ёсць хаця б невялікі шанец паўплываць на свой лёс, абавязкова выкарыстайце яго, гэта ўсяляк лепей — мець нейкае сваё значэнне, а не проста аддаваць сябе ў рукі іншых людзей. Сёння вы можаце быць сябрамі-супрацоўнікамі, як вы раней дамовіліся, а заўтра – вы непатрэбныя і вас могуць перадаць іншым структурам».
Таксама Алесь раіць запамінаць усё, што з вамі адбываецца і што вам кажуць, каб пасля па магчымасці разгледзець некалькі варыянтаў развіцця падзеяў і абраць для сябе лепшы. Варта прытрымлівацца інфармацыйнай гігіены: лепш за ўсё пераехаць у новую кватэру, дзе дакладна не будзе кампраметуючых вас матэрыялаў, памяняць свой тэлефон на новы, зрабіць новую сімку і акаўнты ў сацсетках, асабліва ў Тэлеграме. Таксама не варта актыўна карыстацца банкаўскімі картамі, бо ўсе аперацыі, пераводы, замовы маніторацца, таму пры патрэбе не складае вялікай праблемы дастаць гэтую інфармацыю.