«Мы прызнаем віну нашых дзяцей, але хочам, каб яны былі пакараныя справядліва»

Жанчыны з руху «Маці 328» каля Кіеўскага сквера правялі дазволены ўладамі пікет супраць жорсткіх прысудаў іх дзецям.

img_6799_novyj_razmer_logo.jpg

Удзельніцы трымалі самаробныя плакаты, на якіх былі пазначаныя імя, узрост і прысуд, які атрымалі іх дзеці. Таксама на месцы пікета быў усталяваны вялікі стэнд, дзе былі пералічаныя патрабаванні пікетоўшчыц.


Жанчыны, што ўдзельнічалі ў пікеце, дамагаюцца перагляду крымінальных справаў і перакваліфікацыі абвінавачванняў па наркатычным артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса, паводле якога асудзілі іх дзяцей, з больш жорсткіх частак артыкула на больш мяккія. Хаця розніца у фармулёўках у 2-4 частках («распаўсюд наркотыкаў»), здавалалася б, неістотная, тэрміны зняволення істотна адрозніваюцца.
Удзельніцы пікета лічаць, што іх дзеці сталі ахвярамі кампаніі па жорсткай барацьбе з наркотыкамі і закладнікамі карнай сістэмы, якая, каб абгрунтаваць сваю шматлікасць і прадэманстраваць эфектыўнасць, наўмысна праводзіла ў крымінальных справах спажыўцоў наркотыкаў, як распаўсюднікаў, а індывідуальных распаўсюднікаў як удзельнікаў арганізаванай злачыннай групоўкі. Пры гэтым не выключана, што асобныя следчыя, каб выслужыцца і атрымаць чарговыя зорачкі, афармлялі крымінальныя справы паводле больш жорсткіх частак артыкула 328 КК.


Жанчыны хочуць дабіцца праўды ў судах і пракуратуры, пішуць скаргі, плацяць пошліны, але пакуль што атрымліваюць адпіскі. «Наглядныя скаргі разглядаюцца фармальна. Аналагічныя выпадкі кваліфікуюць па-рознаму і даюць розныя пакаранні. Мы прызнаем віну нашых дзяцей. Але хочам, каб яны былі пакараныя справядліва», — кажуць удзельніцы пікету. Яны таксама звяртаюць увагу на гуманітарны аспект: «Калоніі і турмы не выпраўляюць, а калечаць людзей. Тыя, хто адседзеў, вернуцца ў грамадства больш азлобленымі. Наркаманаў трэба лячыць, а не караць».
Падтрымаць пікетоўшчыц прыйшла праваабаронца Тамара Сяргей. Яна кансультавала жанчын і давала парады, як правільна складаць звароты і падаваць скаргі, каб шанцы на станоўчы вынік іх разгляду былі максімальныя.

Тамара Сяргей

Тамара Сяргей

«Мы будзем штомесячна звяртацца ў Генпракуратуру і Вярхоўны суд з патрабаваннем перагледзець нашыя справы. Я згодная, каб было пакаранне 8-9 гадоў, але не 14», — кажа жыхарка Слоніма Алена, якая дамагаецца, каб абвінавачванне сыну было перакваліфікаванае з ч.4 артыкула 328 («дзеянне арганізаванай групоўкі») на ч.3 артыкула 328. Ейны сын на дадзены момант адбывае пакаранне ў 14 гадоў.

aliena_sa_slonima_logo.jpg

Спадарыня Алена са Слоніма
«Мы хочам, каб нашыя дзеці былі пакараныя справядліва, за тое, што яны насамрэч здзейснілі, а не таму, што хтосьці вельмі захацеў атрымаць чарговыя зорачкі на пагоны», — дадае яе сяброўка.
Удзельніцы пікету імкнуцца прабіць глухую сцяну судовай сістэмы і дамагчыся рэальнага, а не фармальнага перагляду справаў:
«Суд звычайна пагаджаецца з абвінавачваннем. Меркаванне адваката ігнаруецца. Мы такім чынам праходзім касацыйную, апеляцыйную інстанцыю. Потым адвакат піша наглядную скаргу. І раптам нейкім цудам пракуратура выносіць пратэст па справе. Але гарадскі і Вярхоўны суд гэта ігнаруюць. Мы хочам, каб суддзя не проста адказвала адпіскай, а каб праходзіла судовае паседжанне, выступаў адвакат, пракурор», — дадае спадарыня Алена.
У пікеце ўдзельнічала 9 чалавек. За акцыяй назіралі 2 міліцыянера ў цывільным.

img_6802_novyj_razmer_logo.jpg


Фота аўтара