Актывісткі «Маці 328» плануюць прыпыніць галадоўку напярэдадні сустрэчы з Качанавай

Актывісткі ініцыятывы «Маці 328» плануюць прыпыніць галадоўку ў чаканні планаванай сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай

003_bas_20181007_maculevich_dsc8828_1.jpg


Пра гэта паведаміла БелаПАН адна з удзельніц акцыі пратэсту Ала Берналь. Паводле яе слоў, пасля сустрэчы некалькіх актывістак ініцыятывы «Маці 328» з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Мікалаем Снапковым, якая адбылася 27 чэрвеня, жанчын апавясцілі, што сустрэча з Качанавай павінна адбыцца да 10 ліпеня.

 «Таму 3 ліпеня плануем прыпыніць галадоўку. Будзем чакаць сустрэчы з Качанавай і глядзець, што і як яна вырашыць. Калі нашыя патрабаваньні будуць задаволеныя, то мы спыняем галадоўку, калі не — аднаўляем», — патлумачыла Ала Берналь.

На сёння галадоўку па-ранейшаму трымаюць чацвёра жанчын, іх самаадчуванне штодня пагаршаецца. «Нас штодня наведваюць медыкі і мы штодня падпісваем адмову ад шпіталізацыі», — распавяла Берналь.

Паводле яе слоў, у аўторак, 2 ліпеня, у галадоўніц-актывістак павінна прайсці медыцынскае абследаванне ў паліклініцы.

Галадоўка маці асуджаных па арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) праходзіць з 11 чэрвеня ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

З першага дня ў ёй удзельнічаюць Ала Берналь, Алена Кузьміна і Людміла Кулініч. 22 чэрвеня да іх далучылася Ларыса Жыгар. Жанчыны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Наталляй Качанавай, новым кіраўніком МУС Юрыем Караевым, а таксама карэкціроўкі антынаркатычных артыкулаў і стварэння камісіі па пераглядзе крымінальных спраў ужо асуджаных па арт. 328.

13 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні папраўкі, якія прадугледжваюць зніжэнне на два гады ніжніх межаў пакарання па ч. 2 і 3 арт. 328 КК. Як тлумачылі БелаПАН у парламенце, пасля ўступлення паправак у сілу для тых, хто ўжо асуджаны па ч. 2 і 3 арт. 328 КК, магчымы перагляд спраў, але не аўтаматычна, а па хадайніцтве асуджанага.