«Ніякаваты» імідж Беларусі

«Імідж — нішто, смага — усё», — сцвярджае знакамітая рэклама. Але, што датычна Беларусі, то гэты рэкламны слоган не спрацоўвае. І гэта праявілася на фоне скандалу з затрыманнем у Бангкоку самалёта з 40 тонамі зброі. На жаль, адным з членаў экіпажа самалёта быў беларус.



d8d31bd778da8bdd536187c36e48892b.jpg

«Імідж — нішто, смага — усё», — сцвярджае знакамітая рэклама. Але, што датычна Беларусі, то гэты рэкламны слоган не спрацоўвае. І гэта праявілася на фоне скандалу з затрыманнем у Бангкоку самалёта з 40 тонамі зброі. На жаль, адным з членаў экіпажа самалёта быў беларус.
Самалёт ІЛ–76 амаль з 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і пераноснымі зенітна-ракетнымі комплексамі, быў затрыманы 12 снежня ў Бангкоку, дзе прызямліўся для дазапраўкі. Затрыманы пяць членаў экіпажа — чатыры грамадзяніна Казахстана і грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў, які працаваў бортінжынерам. 14 снежня крымінальны суд Бангкока пастанавіў узяць пад варту экіпаж самалёта і падоўжыў тэрмін яго затрымання на 12 дзён.
Экіпажу прад’яўлена абвінавачанне ў нелегальнай транспарціроўцы зброі і даванні ілжывай інфармацыі ўладам Тайланда пра характар грузу. Згодна з тайскімі законамі, лётчыкам пагражае пажыццёвы турэмны тэрмін. Члены экіпажа сцвярджаюць, што не ведалі пра характар грузу. Паводле іх слоў, яны перавозілі абсталяванне для бурэння нафтавых свідравін.
Самалёт зарэгістраваны ў Грузіі, але нядаўна. У яго казахстанскі гаспадар. Фрахтавала самалёт украінская фірма, якая з’яўляецца філіялам новазеландскай фірмы, а з кім звязана тая — пакуль не зразумела. У суправаджальных дакументах на груз, нават у авіянакладной, атрымальнік грузу наогул не названы. Дазволы на пралёт тэрыторый розных краін у самалёта былі на ўвесь зваротны шлях праз Шры Ланку і ААЭ да Украіны, і зброю маглі выгрузіць у любым пункце маршруту.
Тым не менш, 15 снежня газета «Гардыян» выказала меркаванне пра тое, што адпраўным пунктам затрыманага ў Тайландзе з нелегальным грузам зброі ІЛ–76 была Беларусь.
Зразумела, прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі ў інтэрв’ю БелаПАН заявіў, што «гэта зноў выдумкі, якія ўзніклі толькі таму, што адзін з членаў экіпажа грамадзянін Беларусі». Аднак гэта яскрава сведчыць, які імідж мае Беларусь на міжнароднай арэне. Здаецца, у сусветнай свядомасці паняцці «нелегальная зброя» і «Беларусь» звязаныя вельмі шчыльна. Як толькі ўзнікаюць чуткі пра пастаўкі расійскіх зенітных комплексаў С–300 у Іран — адразу ж замежная прэса піша: «праз Беларусь». Як толькі знаходзяць інфармацыю пра пастаўкі з Венесуэлы зброі для баевікоў з групоўкі Рэвалюцыйных сілаў Калумбіі — адразу прагучала: «зброю пастаўляла Беларусь у Венесуэлу». І вельмі цяжка пазбавіцца ад гэтага іміджу.
А такі імідж нам значна шкодзіць. Асабліва ў тыя часы, калі мы імкнёмся развіваць дыялог з Еўропай.
Зразумела ж, такое ўспрыманне Беларусі за дзень не зменіш. Але, здаецца, ніхто не хоча нічога мяняць. Большую ўвагу мы надаём «унутранаму» іміджу, асабліва напярэдадні выбараў.
14 снежня на нарадзе аб задачах па вырашэнні найбольш актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2010 годзе Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі — як друкаваныя, так і электронныя. «Сродкі масавай інфармацыі ніяк сёння не працуюць. Тэлевізар: як у вас, так і, на шчасце для нас, за мяжой глядзець няма чаго. Радыё ў Беларусі ўжо ніхто не слухае. А па тэлевізары глядзяць кліпы, і тое не ўсе. Забаўлялаўка, усё гэта не цікава», — сказаў Лукашэнка.
Паводле слоў Лукашэнкі, у яго склалася ўражанне, што «там ужо і кіраўнікі забылі, што яны з’яўляюцца суб’ектамі ідэалагічнай работы». У гэтай сувязі Лукашэнка звярнуў увагу кіраўніка сваёй адміністрацыі Уладзіміра Макея на недастатковасць ідэалагічнай работы, што праводзіцца ў краіне.
Ён лічыць таксама неабходным звярнуць пільную ўвагу на работу СМІ ў рэгіёнах. Рэгіянальныя масмедыя «не павінны займацца ўсхваленнем мясцовай улады, і калі ёсць факты для крытыкі, то не замоўчваць іх, як бы гэта ні гучала непрыемна для мясцовай улады».
Можна было б толькі ўхваляць гэтую крытыку прэзідэнта. Можна было б спадзявацца на тое, што Лукашэнка нарэшце зразумеў старую фразу: «Прэса — вартавы сабака дэмакратыі». Але, па-першае, такія заявы ён рабіў ужо не раз, і нічога не змянялася. Па-другое, непакоіць тое, што «крытыка» шчыльна ўвязваецца з «ідэалогіяй». І, па-трэцяе, апошнія тэндэнцыі зусім не спрыяюць таму, каб спадзявацца, што СМІ ў нас нарэшце будуць больш вольнымі.
На гэтым тыдні стала вядома, што ўжо падрыхтаваны праект указа аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента інтэрнэта. Праект дакумента, у прыватнасці, прадугледжвае рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў у парадку, які вызначаецца Саветам міністраў Беларусі па ўзгадненні з Аператыўна-аналітычным цэнтрам (ААЦ) пры прэзідэнце, а звесткі аб зарэгістраваных рэсурсах перадаюцца ў ААЦ у парадку і аб’ёмах, якія вызначаюцца гэтым цэнтрам. Згодна з дакументам, аператары электрасувязі, а таксама іншыя юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі па выкарыстанні інтэрнэта, абавязаныя ідэнтыфікаваць карыстальнікаў, якім яны аказалі паслугі.
То бок, гэта будзе татальны кантроль інтэрнэта. Але такімі праектамі нас пужалі яшчэ з 2003 года, так што нам ужо не боязна. Гэтых «страшылак» было дастаткова, каб кожны карыстальнік глабальнай сеткі навучыўся карыстацца ананімайзерамі і проксі-серверамі. Але насцярожвае сама тэндэнцыя таго, што дзяржава імкнецца ператварыцца ў «Вялікага Брата» і кантраляваць усё і ўся. Сёння інтэрнэт — заўтра да кожнага ў ложак палезуць.
І гэта таксама адбіваецца на іміджы Беларусі.
Але калі каму і трэба даць медаль за паляпшэнне іміджу беларускіх тавараў на сусветным рынку, дык гэта не лорду Бэлу, місія якога скончылася правалам, а першаму сакратару гандлёва-эканамічнага аддзела пасольства Швецыі ў Расіі Андрэсу Марціну Форсу.
Як паведаміла расійская тэлекампанія НТБ, Форс ездзіў у Беларусь, дзе купляў недарагую панчошна-шкарпэткавую прадукцыю, якую здаваў на рэалізацыю ў расійскія крамы. 14 снежня НТБ паказала відэазапіс з камер патаемнага назірання, на якім бачна, як іншаземец разгружае каробкі са службовага аўтамабіля, расклейвае рэкламныя аб’явы і здае тавар у краму на вуліцы Кахоўка.
Дзякуючы сваёй дыпламатычнай недатыкальнасці Форсу ўдавалася пазбягаць праверак на мяжы і выплаты адпаведных пошлін.
Калі нават дыпламаты займаюцца кантрабандай беларускай прадукцыі, значыць, яна чагосьці вартая?