Ні каліва спадзеву

У выбарчай кампаніі 2012 года можна паставіць кропку. Нарэшце гэтыя бессэнсоўныя дзеі атрымалі свой лагічны фінал. Быццам бы абраныя тыя, хто трэба, быццам бы хадзілі абіраць, але, відавочна, грамадзянам Беларусі на гэта ўжо напляваць. Выбаркаму час задумацца не толькі пра лічбы ў выніковых пратаколах. Але і як запаўняць участкі для галасавання хаця б фантомамі беларусаў.



golosovanne_3.jpg

«Беларусь набліжаецца да савецкіх стандартаў выбараў, калі людзям абыякава, за каго галасаваць і як праходзяць выбары наогул», — адзначыў намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч, падводзячы вынікі кампаніі па назіранню «Праваабаронцы за свабодныя выбары. У параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі ў 2010 годзе, сёлета істотна адрозніваюцца паказчыкі па яўцы ў незалежных назіральнікаў і сябраў участковых камісій.

Упершыню назіральнікі заявілі пра тое, што ў Беларусі выкарыстоўваецца механізм «выбарчых каруселяў». Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына падчас прэс-канферэнцыі аспрэчыла гэты факт. А назіральнікі, якія заявілі пра падобныя маніпуляцыі, патрапілі 23 верасня ў міліцыю. Паводле іх слоў, адны і тыя ж выбаршчыкі галасавалі ў межах адной выбарчай акругі на некалькіх участках, каб яўка ў цэлым была больш высокай.

Апазіцыя прызнаць вынікі выбараў адмовілася. Паводле заявы сямі апазіцыйных структур (Аб’яднаная грамадзянская партыя, «Малады фронт» (Чэхія), аргкамітэты па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) і «Беларускі рух», Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Рада беларускай інтэлігенцыі і грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь), цяпер яны распачынаюць кампанію па інфармаванні грамадзян «аб рэальных выніках выбараў».

«Тое, што ў Беларусі адбылося, не можа лічыцца выбарамі, гэта былі псеўдавыбары ў ілжэпарламент», — цытуе лідара АГП Анатоля Лябедзьку БелаПАН. — Па тых дадзеных, што мы атрымалі ад нашых людзей, якія ўдзельнічалі ў розных сетках незалежнага назірання, мы канстатуем: больш за палову выбаршчыкаў Беларусі не прынялі ўдзел у галасаванні. Па Мінску гэтая лічба яшчэ больш страшная для ўлады — дзве траціны выбаршчыкаў не прыйшлі на ўчасткі. Гэта пацвярджаецца дадзенымі назіральнікаў і тых, хто працаваў у камісіях. Гэта дае нам падставы заявіць, што так званыя «выбары» не адбыліся, яны не могуць мець юрыдычных наступстваў для Беларусі. У нас няма абраных дэпутатаў, няма парламента, на яго месцы ўтварылася чорная дзірка».

Ці можна бліжэйшым часам чакаць кансалідаванай шырокамаштабнай інфармацыйнай кампаніі? Пытанне хіба што рытарычнае, з шэрагу «калі беларуская апазіцыя аб’яднаецца?». Больш верагодна назіраць вялацякучую кампанію, якая быццам бы павінна нагадваць пра жыццяздольнасць апазіцыі, але насамрэч ні на што не будзе ўплываць. Цяпер у лепшым выпадку ад беларускай апазіцыі можна чакаць нейкага «нарошчвання масы» перад галоўным боем пяцігодкі — прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года. Але з улікам іх аддаленасці, раздробленага стану апазіцыйных структур і шырокай хвалі эміграцыі палітычных лідараў, якія дыстанцыйна збіраюцца змяняць палітычны рэжым у Беларусі, даводзіцца спадзявацца толькі на татэм усёмагутнага крызісу. Праўда, кіраўніцтва Беларусі выдатна разумее яго сілу, і, адпаведна, будзе ўсімі праведнымі і не толькі шляхамі шукаць абыходы.

Між іншым, назіральнікі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе заявілі, што парламенцкія выбары не адпавядаюць міжнародным стандартам. Пазіцыю АБСЕ падтрымалі Еўрасаюз і ЗША. «Парламенцкія выбары ўяўляюць сабой яшчэ адну страчаную магчымасць правесці выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў Беларусі», — кранальна сфармулявалі тэзу аб фальсіфікацыях у сумеснай заяве Кэтрын Эштан — высокі прадстаўнік Саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі і віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай Камісіі, і Штэфан Фюле — камісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыцы суседства. Гэта азначае, што ніякіх пацяпленняў, вызваленняў палітвязняў бліжэйшым часам чакаць не даводзіцца. Як і рэалізацыі еўрапейскіх праграм, кшталту «Дыялога для мадэрнізацыі». Часы нескарыстаных магчымасцяў і статыкі.

На гэтым тле, канешне, найбольш пытанняў узнікае да лідараў апазіцыйных структур: што далей, чаго чакаць у 2015-м? Але праблема ў тым, што наўрад ці нехта зможа даць уцямны адказ або прапанаваць варыянт, пад якім безагаворачна з пакораю і рэальнай гатоўнасцю да дзеянняў распішуцца астатнія акторы. Калі нават у такой дробязі і нічога не вырашальнай кампаніі (бо што яны значаць!), як парламенцкія выбары, не атрымалася дзейнічаць адзіным сціснутым кулаком, то ў часе прэзідэнцкай кампаніі зноў на поўную хаду папруць асабістыя амбіцыя, і на свет народзіцца чарговы шматасабовы цмок. І выглядае будучыня беспрасветна — ні табе пераменаў, ні нават спадзеву на іх мажлівасць. Хіба што паўстане радыкальнае пытанне выжывання, а бегчы не будзе куды. Але ж гэта варварскі варыянт, не будзем пра горшае...