На Гродзеншчыне пачалі эксгумацыю — шукаюць парэшткі брата Кастуся Каліноўскага
Следчы камітэт пачаў эксгумацыю меркаванага пахавання Віктара Каліноўскага — старэйшага брата кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў. Генетычная экспертыза можа пацвердзіць, што ў Вільні на Гедымінавай гары знайшлі менавіта Кастуся Каліноўскага, паведпамляе «Свабода».
![Магіла Віктара Каліноўскага (пасярэдзіне, на дальнім плане) Магіла Віктара Каліноўскага (пасярэдзіне, на дальнім плане)](/img/v1/images/33e7087c_2b61_441f_9b0a_79bd114c237f_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Магіла Віктара Каліноўскага (пасярэдзіне, на дальнім плане)
Падрыхтоўчыя працы пачаліся пачаліся 8 ліпеня, сказаў Свабодзе праваабаронца Уладзімер Хільмановіч. Ён удзельнічае ў працэсе як прадстаўнік грамадскасці і назіральнік.
У Свіслачы па абедзе прайшла нарада з удзелам прадстаўнікоў Следчага камітэту Мінску і Гродна, беларускіх і літоўскіх археолагаў, літоўскай амбасады. На ёй абмеркавалі парадак правядзення працаў.
8 ліпеня помнік і надмагілле з імем Віктара Каліноўскага дэмантуюць. Адновяць іх праз некалькі месяцаў, пасля правядзення ўсіх працаў.
9 ліпеня пачнуць пад адмысловым шатром рабіць раскоп, шукаць парэшткі. Што знойдуць, возьмуць на экспертызу.
Хільмановіч кажа: калі ДНК парэшткаў пад помнікам не супадзе з ДНК меркаваных парэшткаў Кастуся Каліноўскага, то невядома, ці працягнуць пошукі далей.
«Хутчэй за ўсё, што не, бо гэтая магіла — адзіная зачэпка. Ніхто не аспрэчваў, што гэтыя раскопкі маюць латарэйны характар. Дыяпазон магілы можа быць шырокі. Наўрад ці яны будуць пашыраць раскоп», — мяркуе Хільмановіч.
![Каля магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы Каля магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы](/img/v1/images/4cd762e0_387b_4fca_acf8_a717188e2c89_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Каля магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы
Дакладнае месца пахавання Віктара Каліноўскага невядомае, акрамя таго, што гэта на свіслацкіх могілках, побач з касцёлам. Крыж і камень з ягонай магілы знайшлі свіслацкія краязнаўцы ў пачатку 1990-х гадоў. Надмагілле аднаўлялі ў прыкладным месцы за свае сродкі актывісты са Свіслачы і Горадні.
Парэшткі 18 паўстанцаў 1863–1864 гадоў знайшлі ў Вільні пасля апоўзню 2016 году. Асобу Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікавалі. Аднак няма генетычнага пацверджання, бо не атрымалася знайсці жывых нашчадкаў па мужчынскай лініі.
«Дапамагло антрапалагічнае даследаванне і параўнанне чэрапа з прыжыццёвым фатаздымкам. І хоць сумневаў, што гэта ён, практычна не застаецца, было б добра працягнуць працу, узяўшы ДНК ягонага брата Віктара, пахаванага ў Свіслачы», — казаў раней Свабодзе археолаг і супрацоўнік Нацыянальнага музея гісторыі Літвы Гіціс Грыжас.
Знойдзеныя парэшткі паўстанцаў плануюць перапахаваць на могілках Роса ў Вільні. Мемарыяльныя ўрачыстасці маюць прайсці акурат пад дзень ушанавання памерлых продкаў Дзяды, 2 лістапада 2019 году.
![Могілкі Роса ў Вільні Могілкі Роса ў Вільні](/img/v1/images/e2c44671_f9e7_4da4_94a2_885d63fa3af3_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Могілкі Роса ў Вільні