У меркаванай магіле Віктара Каліноўскага знайшлі парэшткі чалавека

У Свіслачы на магіле Віктара Каліноўскага, брата кіраўніка паўстання 1863-64-х гадоў Кастуся Каліноўскага, прайшоў трэці дзень раскопак.

20190709_110135_1.jpg

Як паведаміў назіральнік ад грамадскасці Юры Глебік, пасля працэдуры эксгумацыі экспертамі будзе вызначана, мужчынскія гэта парэшткі ці жаночыя.
– Знайшлі парэшткі чалавека ў гэтай магіле. Пакуль яго паціху дастаюць, ачышчаюць ад зямлі. Дакументуюць парэшткі. Будуць спрабаваць узяць нейкія часткі на ідэнтыфікацыю. Затым будуць вызначаць: мужчына ці жанчына. Калі мужчына, то будуць браць на экспертызу.
Назіральнік ад грамадскасці – мясцовы свіслацкі грамадска-палітычны актывіст Юрась Глебік пільна сочыць за працэсам. Гэтая магіла ёсць месцам ушанавання памяці паўстанцаў і ўсіх герояў палеглых за Беларусь, за што ўлады штогод пераследуюць і караюць удзельнікаў гэтага знакавага для беларусаў мерапрыемства.
Дакладнае месца пахавання Віктара Каліноўскага вызначыць цяжка. Дакладна вядома, што яго пахавалі на свіслацкіх могілках. Аднак, з 1862 года прайшло шмат часу, не раз разбуралася і перабудоўвалася капліца, якая побач магілы, адбываліся новыя пахаванні. Парэшткі брата Кастуся Каліноўскага могуць знаходзіцца як непасрэдна пад помнікам-крыжам, так і ў радыусе ад аднаго да пяці, а то і больш метраў. 
Паводле racyja.com