На месцы Dreamland — Парк народнага адзінства

На месцы закрытага «Дрымлэнда» ў раёне сталічнай вуліцы Арлоўскай будуюць Парк народнага адзінства. 

park_0.jpg

Згодна з архітэктурна-планіровачнай канцэпцыяй запраектаванага парку, цэнтральную частку тэрыторыі зойме ландшафтная кампазіцыя «Беларусь», паведамляе выданне «Беларусы і рынак».

Прэзентацыю паркуна сваім сайце размясціла адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска.

Як паведамляецца, тэрыторыя парку складзе каля 16,2 га, і ён размесціцца на месцы існуючага парку «Дрымлэнд».

Галоўны ўваход у парк «Народнага адзінства» прапануецца акцэнтаваць урачыстым парталам і інтэрактыўнай кампазіцыяй «Беларусь». Згодна з архітэктурна-планіровачнай канцэпцыяй запраектаванага парку, цэнтральную частку тэрыторыі зойме ландшафтная кампазіцыя «Беларусь».

Існуючыя збудаванні парку «Дрымлэнд» будуць дэмантаваныя, але не цалкам — частка збудаванняў падлягае рэканструкцыі для новага функцыянальнага прызначэння і выкарыстання. 

Былы парк Dreamland. Фота з сайта aquaparkgo.ru

Былы парк Dreamland. Фота з сайта aquaparkgo.ru

У адным з будынкаў прапануецца размясціць інфармацыйны цэнтр і пункт хуткага харчавання.

Некаторыя будынкі — такія, як грамадская прыбіральня, захаваюць сваё функцыянальнае прызначэнне.

На вызваленай тэрыторыі ўваходнай зоны Парку прапануецца арганізаваць плошчу для дзяржаўных мерапрыемстваў. Архітэктурная канцэпцыя ўключае тры планіровачныя варыянты арганізацыі плошчы: два варыянты з пліткавым брукаваннем да 9300 кв.м і варыянт з уладкаваннем рэгулярнага партэра са стрыжанага хмызняку, газона, кветак і фармованых дрэў, з плошчай брукавання 6600 кв. м.

У паўночна-заходняй частцы парку праектам прадугледжана: дзіцячая пляцоўка з гульнявымі комплексамі, захаванне існуючай пляцоўкі для валейбола, зона адпачынку з альтанкамі.

Праектам прапануецца максімальна захаваць існуючыя зялёныя насаджэнні. На тэрыторыі парку прадугледжваюцца месцы для стварэння ганаровых алей.

Абрысы ў плане цэнтральнай часткі паўторыць контур карты Беларусі, а ўнутры будуць створаны рэчышчы рэк, контуры азёр і зялёныя масівы запаведных месцаў. Рэчышчы рэк прапануецца выканаць у выглядзе сухіх ручаёў з ужываннем геарашоткі і засыпаннем жвірам фракцыяй 40-100 мм, пасадкай уздоўж “берагоў” дэкаратыўнай расліннасці ў выглядзе чароту (вейнік, кавыль), вышэй па адхонах — лугавых траў і кветак. Межы тэрыторыі абласцей прапануецца пазначыць стрыжаным хмызняком.

Архітэктурна-планіровачнай канцэпцыяй прадугледжваецца размяшчэнне макетаў (мініяцюр будынкаў і збудаванняў з палімерных і натуральных матэрыялаў у маштабе 1:25) самых значных славутасцяў кожнай вобласці Беларусі і горада Мінска. У перспектыве кампазіцыя «Беларусь» будзе дапаўняцца новымі збудаваннямі (макетамі) гістарычных і іншых вядомых славутасцяў Беларусі.

На ўмоўных месцах размяшчэння кожнага абласнога цэнтра і горада Мінска прапануецца ўстанавіць электронныя інфааб'екты, дзе наведвальнікі змогуць праслухаць і прачытаць інфармацыю аб гісторыі, дасягненнях і перспектывах развіцця гарадоў і краіны ў цэлым.