На нарадзе АБСЕ праваабаронцы распавялі пра сітуацыю ў Беларусі перад парламенцкімі выбарамі
У межах Нарады па выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння БДІПЧ АБСЕ адбылася дыскусія «Грамадзянская супольнасць і правы чалавека ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў».

Дыскусія “Грамадзянская супольнасць і правы чалавека ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў”. Фота Сержука Семянюка
Яе арганізатарамі выступілі Асамблея НДА Беларусі, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend і Камітэт “Салідарнасць”. Падчас мерапрыемства беларускія праваабаронцы распавялі пра сітуацыю ў краіне ў галіне мірных сходаў, свабоды асацыяцый і пра ход парламенцкай выбарчай кампаніі.
Юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў распавёў пра агульны кантэкст, у якім зараз праходзіць выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ён нагадаў, што шматлікія рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і беларускіх праваабаронцаў па ўнясенні зменаў у Выбарчы кодэкс не былі прынятыя да ўвагі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” на сайд-івэнце прадстаўляла Наталля Сацункевіч, якая з’яўляецца доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары”. Наталля распавяла пра вынікі першых двух этапаў выбарчай кампаніі: пра фарміраванне акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісій і пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Асобную ўвагу праваабаронца надала таму, як зараз праходзяць пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты. А таксама таму, як камісіі выкарыстоўваюць выбарчы падыход пры вынясенні папярэджанняў ініцыятыўным групам.

Дыскусія “Грамадзянская супольнасць і правы чалавека ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў”. Фота Сержука Семянюка
Яшчэ адной тэмай, якая прагучала на сайд-івэнце, сталі змены ў беларускае заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы. Наталля Сацункевіч адначыла, што па меркаванні праваабаронцаў, гэтыя змены ніяк не паспрыялі паляпшэнню сітуацыі з мірнымі сходамі. Акрамя таго, праваабронца распавяла пра антыэкстрэмісцкае заканадаўства, якое таксама зведала змены ў гэтым годзе, і прэзентавала даклад “Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека”.
Дырэктарка “Цэнтру прававой трансфармацыі” Вольга Смалянка зрабіла агляд сітуацыі са свабодай асацыяцый у Беларусі, у прыватнасці пра змены заканадаўства, датычныя дзейнасці некамерцыйных арганізацый.
Напрыканцы дыскусіі Юрый Чавусаў распавёў пра падрыхтоўку Універсальнага перыядычнага агляду, які будзе прадстаўлены ў траўні наступнага года ў Савеце па правах чалавека ААН.
Таксама, як адзначае Наталля Сацункевіч, беларускія праваабаронцы асобна сустрэліся са спецдакладчыцай ААН па Беларусі Анаіс Марын.
“У нас атрымалася сустрэцца асобна з Анаіс Марын і яе асістэнткай. Мы каля дзвюх гадзін абмяркоўвалі беларускія кейсы ў галіне правоў чалавека. Яна задавала пытанні, мы адказвалі. У тым ліку мы данеслі інфармацыю пра супольную пазіцыю праваабаронцаў адносна крымінайльнай справы Дзмітрыя Паліенкі, распавялі пра адкладзены суд над ім”.

Вольга Смалянка (Lawtrend), Наталля Сацункевіч (ПЦ "Вясна") і спецдакладчыца па Беларусі Анаіс Марын. Фота Вольгі Саламатавай
У Варшаве з 16 па 27 верасня БДІПЧ АБСЕ праводзіць Нараду па выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння. Гэта найбуйнейшая агульнаеўрапейская штогадовая канферэнцыя па правах чалавека.
spring96.org