Рыгор Кастусёў: Лібералізацыі не адбылося

Арганізацыі, якія ўваходзяць у кампанію назірання «Права выбару», лічаць, што ў Беларусі за мінулыя два гады не адбылося пазітыўных змен у бок дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і выбарчага працэсу. 

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Па гэтай прычыне кампанія выступае супраць надання беларускай дэлегацыі статусу спецыяльна запрошанага ў Парламенцкую асамблею Рады Еўропы.
Як адзначае старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, ужо на першым этапе выбараў улады паказалі, што лібералізацыі не адбылося:
– Мы ўжо бачым, што пры фармаванні тэрытарыяльных акруговых камісій адбыліся парушэнні беларускага заканадаўства. Прадстаўнікі палітычных арганізацый, якія ўваходзяць у кампанію „Права выбару”, амаль не прадстаўлены ў тэрытарыяльных і акруговых камісіях, або прадстаўлены па самаму мінімуму, меней чым Партыя БНФ у 2016 годзе. Гэта адназначна кажа пра тое, што выбарчая кампанія зноўку будзе праведзена па сцэнарыю мінулых кампаній, або нават больш жорсткаму сцэнарыю па прызначэнню дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Як дадаў Рыгор Кастусёў, арганізацыі, што ўваходзяць у кампанію назірання «Права выбару», у тым ліку і Партыя БНФ лічаць, што акрамя дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства Беларусь павінна на роўных умовах з іншымі краінамі ўваходзіць у ПАРЭ паўнапраўным сябрам пасля выканання абавязковых для гэтага ўмоваў, уключна з мараторыем на смяротнае пакаранне і прызнаннем вяршэнства Еўрапейскага суду па правах чалавека.
racyja.com