На расійскай граніцы беларуса папярэдзілі, каб не ездзіў ва Украіну і Грузію
Чытач «Нашай Нівы» Яўген Малахоўскі расказаў адразу пра дзве амаль аналагічныя гісторыі, якія адбыліся з ім пры перасячэнні расійска-фінскай і нарвежска-расійскай граніц.

Яўген Малахоўскі. Фота «Укантакце»
«У гэтыя краіны я ехаў на машыне. Цяжкасці ўзніклі на граніцы Расія-Фінляндыя, прапускны пункт Вяртсіля з боку РФ. Падчас перасячэння граніцы пагранічніца доўга правярала пашпарт. Справа ў тым, што я быў у Грузіі за апошнія гады некалькі разоў, быў і ва Украіне», — кажа Яўген.
«Далей яна пачала цікавіцца, а з якімі гэта мэтамі я наведваў Грузію і Украіну? А далей выдала прыкладна такое: «каб пазбегнуць праблем на расійскай граніцы, вам трэба адмовіцца ад наведвання Грузіі і Украіны».
Пасля гэтага мне паведамілі, што мая машына «выклікае падазрэнні» і што яна будзе праверана. У выніку я правёў у боксе больш за 2 гадзіны, машыну перарылі цалкам, праверылі ўсе асабістыя рэчы, залезлі нават у трусы і банкаўскія карткі», — дадаў Яўген.
Таксама ён сцвярджае, што расійскія пагранічнікі ўчынілі дробную шкоду і залілі пашпарт фарбай.

Плямы, як сцвярджае Яўген, з'явіліся пасля таго, як расійскія пагранічнікі вярнулі пашпарт. «Гэта не вялікая бяда, але такое першы раз. Патлумачылі ўсё «выпадковасцю», — кажа ён.
Прыкладна такая ж гісторыя з даглядам павышанай пільнасці адбылася і на нарвежска-расійскай граніцы.
«Дапытваліся, што я рабіў ва Украіне і Грузіі, мае адказы супрацоўнік адразу ж перадаваў па рацыі. Зноў распранулі да трусоў», — рэзюмаваў ён.
«Наша Ніва» адрасавала пытанне ў Пагранічнае ўпраўленне ФСБ па Рэспубліцы Карэлія, дзе адбыліся гэтыя сітуацыі.
«Гэта прыватныя выпадкі ў рамках правядзення дагляду і пашпартнага кантролю. Беларусы перасякаюць граніцу незалежна ад таго, штампы якіх краін стаяць у пашпарце. Галоўнае — каб дакументы былі ў парадку, і чалавек не быў у вышуку і не меў забароны на выезд», — патлумачылі там.