На Хэлоўін таемна перапахавалі Сталіна

У ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада 1961 года ў СССР цела Сталіна вынеслі з Маўзалея. У аббітую фанерай магілу афіцэры апусцілі труну. Нехта кінуў жменю зямлі, як належыць паводле хрысціянскага звычаю.  



1446399893_940273359.jpeg

31 кастрычніка адзначаюць Хэлоўін — Halloween — ноч перад Днём усіх святых. У ЗША дзеці апранаюць касцюмы пачвараў і ходзяць па суседскіх хатах, выпрошваюць прысмакі. Таксама ладзяцца маскарады, а ў акно выстаўляецца пусты гарбуз з выразанымі вачыма і ротам і свечкай унутры, каб адпудзіць духаў.

У апошнія гады свята, надзвычай папулярнае ў ЗША, вярнулася ў Еўропу і на постсавецкую прастору, зрэшты, Хэлоўін таксама адзначаюць і ў некаторых азіяцкіх краінах.

Кажуць, што Хэлоўіну не менш за дзве тысячы гадоў. Вытокі гэта супярэчлівае свята бярэ з кельцкай культуры. У кельтаў існавалі выразна пазначаныя чатыры «пачаткі часоў года». Самайн паказваў на прыход зімы і адзначаўся 31 кастрычніка.

У 7 стагоддзі Папа Баніфацый IV, імкнучыся адцягнуць народ ад паганскіх звычаяў, зацвердзіў 1 лістапада Днём усіх святых. Пазней 2 лістапада пачало звязвацца з Днём усіх душаў — калі паміналі усіх памерлых. Аднак традыцыі захаваліся ў народнай памяці, і перамагчы іх да канца так і не атрымалася.


180145.jpg



Зрэшты, у Савецкім Саюзе час змрочнага пераходу да замовага сна-смерці прыроды таксама звязаны з не самымі вясёлымі датамі. 29 кастрычніка — Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў засценках мінскай турмы НКУС былі расстраляныя больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Сярод забітых былі пісьменнікі, паэты, навукоўцы, грамадскія і палітычныя дзеячы, журналісты — Платон Галавач, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Валерый Маракоў, Васіль Сташэўскі, Міхаіл Камыш і многія іншыя. Месцы іх пахаванняў дагэтуль не вядомыя.

Сёння ж, 31 кастрычніка, сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікаў СІЗА і турмаў. 31 кастрычніка 1963 года Калегіяй міністэрства аховы грамадскага парадку было прынята рашэнне аб стварэнні следчых ізалятараў (СІЗА), як новага віду ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы. Гэтая дата стала асновай для вызначэння прафесійнага свята — Дня работнікаў СІЗА і турмаў, якое ў Расіі адзначаюць да гэтага часу. Мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму прафесійнаму святу, — падказвае сайт www.calend.ru — як правіла, уключаюць урачыстыя сходы для работнікаў, узнагароджанне граматамі і сувенірамі, абвяшчэнне падзяк. Таксама праходзяць сустрэчы з работнікамі-ветэранамі.

У ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада, калі ў ЗША весела адзначалі Хэлоўін, у 1961 годзе ў СССР таемна перапахавалі Сталіна. Пад прыкрыццём да падрыхтоўкі параду 7 лістапада, увечары 31 кастрычніка праходы на Чырвоную плошчу былі перакрытыя, пасля чаго вайскоўцы пачалі капаць яму пад пахаванне. Цела Сталіна вынеслі з Маўзалея. У аббітую фанерай магілу афіцэры апусцілі труну. Нехта кінуў жменю зямлі, як належыць паводле хрысціянскага звычаю. Магілу закапалі. Зверху паклалі пліту з белага мармуру з надпісам: «Сталін Іосіф Вісарыёнавіч 1879–1953». Потым яна яшчэ доўга служыла надмагіллем, пакуль ў 1970 годзе не быў пастаўлены бюст.