На Дзяды згадалі жаўнераў Самааховы. Актывісты БНП наведалі магілы ў Глыбокім і Ракаве
“Тут спачываюць сыны Беларусі загінуўшыя 23.VIII.1942 ад рукі бандытаў”, — такі надпіс, выкананы лацінкай, упрыгожвае старое надмагілле ў Ракаве. Гэта групавое пахаванне хлопцаў, якія ішлі дабравольцамі ў Беларускі Корпус Самааховы, але былі забітыя савецкімі партызанамі.
Надмагілле ў Ракаве
Надмагілле ў Ракаве
Іншае падобнае пахаванне знаходзіцца ў Глыбокім і належыць Уладзіміру Жызнеўскаму — жаўнеру Самааховы, забітаму партызанамі 4 лістапада 1943 года. Помнікі з’яўляюцца цікавымі сведчаннямі эпохі, падчас якой на Беларусі фактычна палыхала грамадзянская вайна.
Надмагілле ў Гдыбокім
Абедзве магілы прыбралі і ўшанавалі актывісты Беларускай Нацыянальнай Памяці — арганізацыі, якая па ўсім свеце расшуквае магілы беларускіх патрыётаў, а таксама займаецца зборам інфармацыі па гісторыі нацыянальнага руху.
Нагадаем, што Беларускі Корпус Самааховы быў спробай стварэння нацыянальнага войска ва ўмовах нямецкай акупацыі. Ініцыятарам і галоўным камісарам БКС з’яўляўся Іван Ермачэнка, кіраўніком афіцэрскіх курсаў — Францішак Кушаль. Вялікая колькасць жаўнераў БКС пасля патрапілі ў Беларускую Краёвую Абарону, пасля якой, адпаведна, у савецкія лагеры альбо ў эміграцыю на Захад.
Фота — БНП