Затрыманы ўчора гамяльчанін Юрый Рубцоў асуджаны на трое сутак арышту
Затрыманы пасля мітынгу ў Курапатах гамяльчанін Юрый Рубцоў асуджаны на трое сутак арышту. Суд Савецкага раёна Мінска 4 лістапада прызнаў яго вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (артыкул 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Рашэнне абвясціў суддзя Дзмітрый Паўлючэнка.
Пяцідзесяцідвухгадовы Юрый Рубцоў, член незалежнага прафсаюза РЭП (прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці), прыехаў у Мінск з Гомеля спецыяльна для ўдзелу ў акцыі з нагоды дня памяці продкаў Дзяды 3 лістапада. Падчас акцыі ён быў апрануты ў майку, спераду на якой было напісана "Лукашэнка, сыходзь", ззаду — "Чатыры разы прэзідэнт — не! Гэта не прэзідэнт, а цар-самазванец!". Перад пачаткам шэсця супрацоўнікі міліцыі рэкамендавалі Рубцову зняць майку, каб пазбегнуць інцыдэнтаў, аднак ён адмовіўся гэта зрабіць і спаслаўся на тое, што законаў, якія забаранялі б насіць такое адзенне, у Беларусі няма.
Гамяльчаніна затрымалі хутка пасля мітынгу недалёка ад урочышча Курапаты на вачах у журналістаў — чацвёра чалавек у цывільным пасадзілі яго ў мікрааўтобус і павезлі. Спроба грамадскага
актывіста Максіма Вінярскага высветліць, на якой падставе затрымліваюць удзельніка акцыі, не мелі поспеху.
Падчас сённяшняга працэсу адвакат Юрыя Рубцова звярнуў увагу суддзі на памылкі пры складанні пратакола, у прыватнасці, на адсутнасць подпісу самога затрыманага.
Былі заслуханыя паказанні сведак. Сведкі абвінавачвання, супрацоўнікі органаў унутраных спраў Пеляпейка і Герман, сцвярджалі, што пры затрыманні Рубцову было паказанае службовае пасведчанне,
але ён аказваў супраціўленне. У сваю чаргу сведкі абароны заявілі, што ў момант затрымання супрацоўнікі міліцыі былі апранутыя ў цывільнае, не паказалі службовых пасведчанняў і не растлумачылі
прычыну затрымання, якое, да таго ж, праводзілася ў грубай форме.
Аднак суддзя Паўлючэнка палічыў паказанні сведак абвінавачвання праўдзівымі, вычарпальнымі, якія не супярэчаць адно аднаму, а таму — праўдзівымі. Разам з тым паказанні сведак абароны ў
пастанове суда прызнаныя непраўдзівымі на той падставе, што яны супярэчаць паказанням сведак абвінавачвання.
Суддзя таксама ўказаў, што супрацоўнікі міліцыі неаднаразова рэкамендавалі Рубцову зняць майку, бо яе публічная дэманстрацыя "магла выклікаць негатыўныя наступствы", але той не
адрэагаваў. Апрача таго, у пастанове суда зазначана, што пры затрыманні Рубцоў "штурхаўся, вырываўся і хапаў за адзенне" супрацоўнікаў міліцыі.
Пасля таго як рашэнне суда было абвешчанае, сведка абароны Максім Вінярскі двойчы крыкнуў: "Ганьба суду!".
Сам Рубцоў заявіў, што чакаў такога рашэння суда, якое, на яго думку, прынятае з мэтай запалохвання грамадства.
Характэрна, што ў судзе абвінавачваны быў апрануты ў тую ж самую майку.
Арцём Шрайбман, БелаПАН