На ветразях 12 умоў

На ветразях 12 умоў, сфармуляваных Еўрасаюзам, паімчыцца Беларусь да свабодных і справядлівых выбараў. Спачатку мясцовых, а потым і прэзідэнцкіх. Тое, пра што так доўга марыла апазіцыя, урэшце мае адбыцца. Па абяцанню кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі.



3a20f62a0af1aa152670bab3c602feed.gif

Менавіта так можна зразумець яго заявы на нарадзе, прысвечанай удасканаленню выбарчага заканадаўства, што адбылася 10 лістапада пры ўдзеле старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. Алергіі на гэтыя ўмовы, якіх 12 ці 15, высвятляецца, няма. Ужо бліжэйшым часам іх, аказваецца, можна спакойна прыняць. Ну і, вядома ж, выбары “павінны быць сумленнымі, справядлівымі і адкрытымі.
Калі выпусціць з-пад увагі кантэкст і сыходзіць з літары гэтых заяваў, то іх можна ўспрыняць як старт на сапраўдную дэмакратызацыю палітычнай сістэмы Беларусі. Бо 12 умоў — гэта не што іншае, як пералік менавіта дэмакратычных рэформ, першая з якіх якраз і патрабуе забяспечыць свабодныя і справядлівыя выбары. З чаго, уласна кажучы, і пачынаецца дэмакратыя.
Але сапраўдны сэнс паслання А. Лукашэнкі якраз хаваецца ў кантэксце. Ветразі тыя будуць шыцца беларускімі шаўцамі, з беларускага матэрыялу і па шматкроць апрабаваных лякалах. Адна справа, калі курс на рэформы абвяшчае лідэр дэмакратычнай краіны. Тут усім ясна, што гэта курс вядучай на той момант палітычнай сілы, з адпаведнай адказнасцю пад публічным кантролем грамадства.
І зусім іншая — калі новы курс на перамены абвяшчае аўтарытарны лідэр, у руках якога сканцэнтравана ўся паўната ўлады. Гэта можа быць эмацыйны ўсплёск без працягу. Можа быць тактычны ход дзеля дасягнення зусім іншых мэтаў. І толькі зрэдку — заява на сапраўдныя рэформы існуючай сістэмы. Як тое было з рэформамі Аляксандра ІІ на пераўтварэнне Расіі з абсалютнай манархіі ў канстытуцыйную. Ці, апошні па часе прыклад, з Перабудовай Гарбачова.
Хацелася б верыць, але беларускі палітычны кантэкст не дае падстаў на спадзяванні, што 10 лістапада быў дадзены старт на сапраўдныя рэформы, прынамсі выбарчай сістэмы. Выразна праглядаецца менавіта тактычны разлік. Пачынаючы з даты: заявы прагучалі за 10 дзён да разгляду Еўрасаюзам пытання аб прыпыненні санкцый. І, на што звярнуў увагу аналітык “Радыё “Свабода Юры Дракахруст, неўзабаве пасля таго, як Міжнародны валютны фонд упершыню станоўча выказаўся адносна магчымасці выдзялення Беларусі новага крэдыту stand-by пасля завяршэння ў красавіку 2010 года дзейнай праграмы. Рэжыму вельмі патрэбны адмена санкцый і крэдыты. Калі яшчэ там выбары, а грошы патрэбны сёння, каб зняць небяспеку сацыяльнага абвалу з непрадказальным сцэнарам развіцця і наступстваў.
Да таго ж, прамінуў ужо год ад пачатку дыялога. 12 умоў — даўно не навіна. І яшчэ ў маі яны былі ахарактарызаваны А. Лукашэнкам як “наіўныя і непрымальныя, скіраваныя выключна на тое, каб “зламаць выбарчае заканадаўства, зламаць заканадаўства пра СМІ, усё зламаць, распусціць і гэтак далей.
Таму і не наглядалася пэўных заўважных крокаў па іх выкананні. Перамены ў рыторыцы і лёгкія саступкі ў палітычнай практыцы з боку ўладаў за мінулы год цяжка прыняць за манеўры вярхоўнага рэфарматара з мэтай прытушыць супраціў кансерватараў з уласнага атачэння.
З кантэксту вынікае і тэкст. Пасланне А. Лукашэнкі ад 10 лістапада зроблена пад знешнепалітычным ціскам: “ЕС, Расія, ЗША нам намякаюць на тое, што нешта недзе трэба падкарэктаваць . Гэта пасланне — “два ў адным: Еўропе і ўласнай наменклатуры. Еўропе: умовы выканаем. Сваім: усё застанецца пад нашым кантролем. Ключавыя словы: “Галоўнае, каб усе змены адпавядалі літары і духу нашай Канстытуцыі. Цудоўныя словы з абсалютнай адпаведнасцю лексікону прававой дзяржавы. Але з істотнымі беларускімі нюансамі.
Па-першае, удакладніў А. Лукашэнка, няма аніякай неабходнасці правядзення яшчэ аднаго рэферэндуму па зменах Канстытуцыі. Гэта азначае, што ніякіх паправак на абмежаванне правоў дзеючага прэзідэнта вылучацца бясконцую колькасць разоў быць не можа. Ці не ёсць гэта знакам намеру А. Лукашэнкі ісці на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін? І адначасова сігналам-перасцярогай новым магчымым марынічам і казуліным?
Па-другое, лібералізацыя, папярэдзіў прэзідэнт, не павінна прывесці да палітычных беспарадкаў і анархіі падчас будучых выбарчых кампаній. Адпаведным чынам, каб не страціць нідзе і ніяк поўнага кантролю за ходам і вынікамі выбараў, адслупавана і тэрыторыя змен выбарчага працэсу. Кандыдатаў на прэзідэнты можа быць шмат. Ім будзе дазволена ствараць свае фонды — хай трацяцца. У выбарчыя камісіі могуць дапусціць пэўную колькасць прадстаўнікоў ад партый і грамадскіх арганізацый. Усё гэта кантралюемае.
А вось тое, што можа выйсці з-пад кантролю і паўплываць на вынікі — жорстка рэгламентавана. У прыватнасці, арганізацыя наглядання без вызначэння яго канкрэтнага фармату цалкам аддаецца на волю мясцовых уладаў. А значыць, і на адказнасць перад цэнтрам, які ні ў чым не вінаваты. Правядзенне масавых мерапрыемстваў вяртаецца ў рамкі паведамляльнай працэдуры, але жорстка абмяжоўваецца дакладна вызначаным месцам. Кожнай акрузе — свой маленькі Бангалор.
Як выглядае з агучаных прапаноў, новая мадэль выбараў, па задуме яе архітэктараў, павінна стаць прымальнай для Еўропы як адпавядаючая дэмакратычным стандартам і адначасова застацца па-ранейшаму цалкам падкантрольнай уладам. Хаця, па пэўных параметрах, мадэль гэта больш складаная і рызыкоўная для наменклатуры. Чым завершыцца вымушаны эксперымент?