«Нам трэба пачуць адно аднаго». Ціханоўская заклікае да ўдзелу ў канферэнцыі «Новая Беларусь»

«Мы зможам разам, шчыра і адкрыта ацаніць усе выклікі, з якімі сутыкаемся на нашым шляху, прааналізаваць памылкі».

Святлана Ціханоўская. Фота: Facebook

Святлана Ціханоўская. Фота: Facebook

3-4 жніўня ў Вільні пройдзе трэцяя канферэнцыя «Новая Беларусь».

Паводле Святланы Ціханоўскай, галоўная мэта мерапрыемства – «сабраць беларускія дэмакратычныя сілы, актывістаў і актывістак, грамадскія і культурніцкія ініцыятывы, дыяспару на адной пляцоўцы, каб абмеркаваць стратэгічныя прыярытэты дэмакратычнага руху на 2025 год, актуалізаваць выклікі супольнасці і разам знайсці шляхі іх вырашэння».

Святлана Ціханоўская: «Нашая салідарнасць – гэта тая каштоўнасць, якую мы захоўваем у сабе, не гледзячы на намаганні рэжыму аддаліць нас адно ад аднаго. І вельмі важна, каб такія мерапрыемствы, як канферэнцыя «Новая Беларусь» працягвалі заставацца пляцоўкамі для камунікацыі, якія нас аб’ядноўваць.

Я спадзяюся, што падчас івэнту мы не толькі адрэфлексуем мінулыя выклікі і памылкі, але і адшукаем у дыскусіях супольнае разуменне таго, у якім кірунку працаваць беларускай дэмакратычнай супольнасці».

Загэгістравацца для ўдзелу ў Канферэнцыі можна тут.

Глядзіце таксама

Раней, анансуючы мерапрыемства, палітык заяўляла:

«На Канферэнцыі Новай Беларусі мы зможам разам, шчыра і адкрыта ацаніць усе выклікі, з якімі сутыкаемся на нашым шляху, прааналізаваць памылкі. Абмеркаваць, што хвалюе беларусаў і беларусак, якія кожны дзень праходзяць праз шматлікія выпрабаванні. Нам трэба пачуць адно аднаго, нават калі здаецца, што цяжка прыйсці да агульнага разумення. Толькі сумеснымі намаганнямі мы можам дамагчыся поспеху».

Як нагадвае «Позірк», на першай канферэнцыі «Новая Беларусь» 8–9 жніўня 2022 года Ціханоўская абвясціла аб стварэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), які яна цяпер узначальвае, і прызначыла яго першых прадстаўнікоў.

На другім форуме 6 жніўня 2023 года ў Варшаве палітык зрабіла пэўныя кадравыя змены ў АПК, прадэкларавала імкненне дэмсіл дамагчыся ўступлення Беларусі ў Еўрасаюз.

Абодва разы канферэнцыя перарывалася праз інфармацыю пра пагрозы.