Добрых навінаў пра «пашпарт новай Беларусі» пакуль няма

Узоры «пашпарта новай Беларусі» пакуль не гатовыя, паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка 6 чэрвеня на сустрэчы з беларускай дыяспарай у Любліне, піша «Позірк».

Фота: Анатоль Лябедзька / «Радыё Свабода» / Facebook / svaboda.org

Фота: Анатоль Лябедзька / «Радыё Свабода» / Facebook / svaboda.org

«Займаецца гэтым [прадстаўнік па міжнародных справах] Валерый Георгіевіч Кавалеўскі ў [Аб’яднаным пераходным] кабінеце, — сказаў ён. — Аўтаномна даволі, так, імкнецца нас не дапускаць да гэтай тэмы».

Праект прайшоў «усе з пункту гледжання ўзгаднення працэдуры» у Еўракамісіі, ён па бяспецы адпавядае стандартам замежных пашпартоў, дадаў Латушка.

«Я прысутнічаў на гэтым пасяджэнні кантактнай групы «Беларусь — ЕС» у Брусэлі, дзе намеснік дырэктара дэпартамента па пытаннях міграцыі пацвердзіў гэта. І пры гэтым сказаў, што Еўрапейская камісія не можа прыняць рашэнне аб прызнанні гэтага дакумента, бо гэта не з’яўляецца кампетэнцыяй ЕС. Гэта з’яўляецца выключнай кампетэнцыяй нацыянальных урадаў», — дадаў палітык.

Папярэднюю згоду на прызнанне дакументаў выказалі дзве краіны «і нават былі гатовыя прадаставіць краінавы код», сцвярджае ён.

«Пакуль гэта, шчыра, падвісае. Падвісае з пункту гледжання [таго, што] няма ўзору – раз, падвісае з пункту гледжання прызнання», — падкрэсліў экс-дыпламат.

Глядзіце таксама

Паводле Латушкі, ён абмяркоўваў пытанне прызнання дакумента з адным з намеснікаў міністра ўнутраных спраў Польшчы: «Ён сказаў мне: «Маё прыватнае меркаванне — я не лічу гэта рэальным». 

Змяніць такое стаўленне могуць факты прызнання яго іншымі краінамі, лічыць Латушка.

Аб праекце «пашпарта Новай Беларусі» стала вядома ў лютым 2023 года.

4 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы.

У сакавіку 2024 года АПК паведаміў аб завяршэнні стварэння «пашпартнага цэнтра» і фарміравання «каманды прафесіяналаў», якая будзе займацца праектам.

Тады ж было заяўлена аб затрымцы прыбыцця «спецыяльных матэрыялаў» для вырабу першых 500 узораў гэтага дакумента.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы ацэньвае інфармацыю, якая з’явілася ў СМІ, аб сувязях з Мінскам літоўскай фірмы па вырабе пашпартоў «Гарсу Пасаўліс», паведаміў 3 чэрвеня сайт Verslo žinios (“Дзелавыя навіны”) са спасылкай на інфармацыю ДДБ.

28 траўня Беларускі расследацыйны цэнтр апублікаваў даследаванне «Пашпарт новай Беларусі» і стары «кашалёк» Лукашэнкі. Як кампанія-распрацоўшчык дакумента звязана з Віктарам Шаўцовым». Журналісты БРЦ сцвярджаюць, што літоўскае прадпрыемства звязанае з блізкім да Лукашэнкі бізнэсменам, а геральдычную раду Аб’яднанага пераходнага кабінета ўзначальвае былы супрацоўнік беларускага МУС.

29 траўня Кавалеўскі заявіў, што «кожны падрадчык і партнёр праекта «пашпарта новай Беларусі» пройдзе праверку».