«Дыктатары разумеюць толькі мову сілы». Латушка — пра адказ Польшчы на забойства жаўнера

У Польшчы разгарнулася дыскусія: ці маюць права польскія вайскоўцы адказваць на агрэсію нелегальных мігрантаў, якая стварае непасрэдную пагрозу іх жыццю і здароўю?

Фота wgospodarce.pl

Фота wgospodarce.pl

Нагодай для дыскусіі стала смерць вайскоўца, якога паранілі нелегальныя мігранты 28 траўня ў раёне вёскі Дубічы-Цэркэўне. Памежнік закрыў сваім шчытом пралом у пяціметровым плоце, праз які спрабавала перабрацца група з прыкладна 50 мігрантаў, і адзін з іх ударыў яго нажом. 6 чэрвеня памежнік памёр у шпіталі Варшавы.

Поўную адказнасць за злачынствы, якія здзяйсняюцца на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, нясе рэжым Лукашэнкі, які з 2021 года штучна арганізуе патокі нелегальных мігрантаў і накіроўвае іх на заходнія межы краіны.

Чым можа адказаць Еўрапейскі саюз на гібрыдную вайну з боку рэжыму Лукашэнкі?

— Дыктатары разумеюць толькі мову сілы. І Польшча, нашы суседзі, Еўрапейскі саюз павінны прадэманстраваць Лукашэнку, што яны мацнейшыя за дыктатара, што яны здольныя супрацьстаяць агрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі, — цытуе кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушку bgmedia.site са спасылкай на ютуб-канал палітыка.

Прасцей сказаць, чым зрабіць. Як супрацьстаяць, якія інструменты ёсць у Еўрасаюза?

— Перш за ўсё, трэба прызнаць, што гэтая дзейнасць з'яўляецца арганізаванай злачыннай дзейнасцю, а на чале міжнароднай арганізаванай злачыннай групоўкі знаходзіцца дыктатар Лукашэнка.

Наступныя крокі, якія могуць распачаць Беларускія суседзі па Еўрасаюзе.

— Закрыццё аднаго або ўсіх чыгуначных пунктаў пропуску, праз якія ажыццяўляецца транзіт тавараў у інтарэсах рэжыму Лукашэнкі і Расіі, якія вядуць агрэсію супраць Украіны. Гэта можа быць вельмі магутным ударам па эканамічных магчымасцях рэжыму Лукашэнкі садзейнічаць агрэсіі, садзейнічаць вайне. Гэтыя дзеянні прывядуць да таго, што Кітай уключыцца ў вырашэнне гэтай сітуацыі і, магчыма, прымусіць рэжым Лукашэнкі адмовіцца ад працягу гібрыднай вайны, якая доўжыцца цягам некалькіх гадоў, — мяркуе экс-дыпламат.

Дый сама Польшча мае ўнікальны інструмент уздзеяння на рэжым Лукашэнкі:

— Гэта нацыянальныя санкцыі. Мы настойваем на тым, каб еўрапейскія санкцыі былі больш магутнымі, маштабнымі і сістэмнымі. Але Польшча магла б прымяніць санкцыі нацыянальнага ўзроўню і ўвесці ў санкцыйны спіс досыць вялікую колькасць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, адказных за атаку нелегальных мігрантаў на мяжу Польшчы. У тым ліку ўвесці эканамічныя нацыянальныя санкцыі: гэтым інструментам Польшча карысталася, і важна было б падумаць, каб выкарыстаць гэты інструмент яшчэ раз.


Глядзіце таксама

Павел Латушка дапускае, што смерць аднаго польскага вайскоўца, раненні іншых памежнікаў прывядуць да таго, што ЕС усё ж такі прыме санкцыйны пакет, які гарманізуе санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі з санкцыямі супраць РФ:

— Менавіта на розніцы санкцыйнай палітыкі рэжым Лукашэнкі зарабляе грошы, а таксама дапамагае Расіі прадаўжаць вайну ва Украіне.

Экс-дыпламат мяркуе, што польскія банкі маглі б перакрыць магчымасці правядзення транзакцый, якія забяспечваюць фінансаванне экспартна-імпартных аперацый у інтарэсах рэжыму Лукашэнкі і РФ.

— І тут мы вельмі выразна падзяляем пазіцыю: беларусы не павінны пацярпець. Калі закрываюць рахункі беларусаў, але не закрываюць магчымасці ажыццяўляць фінансавыя транзакцыі ў інтарэсах рэжыму Лукашэнкі і РФ, тады надыходзіць абсурдная сітуацыя, — адзначае Латушка.

Яшчэ адным інструментам ўздзеяння з'яўляецца права.

— На жаль, Лукашэнка валодае функцыянальным імунітэтам, і нацыянальная юрысдыкцыя Польшчы не можа быць выкарыстаная, каб абвясціць яго ў вышук. Але ў вышук могуць быць абвешчаныя яго падначаленыя: прадстаўнікі Памежнага камітэта, АСАМ — спецслужбы, якая выкарыстоўваецца для дэстабілізацыі сітуацыі на мяжы, іншых сілавых структур, мясцовых уладаў. І тут ордэры на міжнародны вышук і на арышт могуць быць выдадзеныя польскай пракуратурай. Гэта таксама можа стаць адным з інструментаў уздзеяння на рэжым Лукашэнкі.

Цяжка ўявіць сабе, што Польшча, Літва ці Латвія арганізуюць нелегальную атаку ў адказ на Беларусь, немагчыма ўявіць, што суседзі па Еўрасаюзе выкарыстоўваюць F-16 або «Леапарды» ў барацьбе супраць нелегальнай міграцыі. Праблему трэба вырашаць прававымі метадамі.

— У нас ёсць магчымасць прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх сірот з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. Матэрыялы ўжо знаходзяцца ў Міжнародным крымінальным судзе, і на іх падставе можа быць выдадзены ордэр на арышт Лукашэнкі.

Дзеянні рэжыму Лукашэнкі ўнутры Беларусі таксама могуць стаць прадметам разгляду ў Міжнародным крымінальным судзе — за злачынствы супраць чалавечнасці:

— Вынікам тэрору стала дэпартацыі не менш за 300 тысяч беларусаў у сумежныя дзяржавы, у тым ліку і на тэрыторыю Польшчы. І вось за гэтыя злачынствы можа быць выдадзены ордэр на арышт Лукашэнкі. І тут магчыма лабіраванне і адвакатаванне з боку суседніх дзяржаў, у тым ліку Польшчы, — мяркуе Латушка.

Пералічаныя дзеянні ляжаць фактычна на паверхні.

— Тут вельмі важна размежаваць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ. Чаго дамагаецца рэжым Лукашэнкі? Каб палякі пачалі негатыўна ставіцца да беларусаў, каб палякі ўспрымалі беларусаў як праціўнікаў. Гэтага дапусціць нельга, — рэзюмаваў Павел Латушка.