У палоне рэжыму. Як і за што ў Беларусі пераследуюць замежных грамадзян
Заходнія краіны актыўна заклікаюць сваіх грамадзян устрымацца ад паездак у Беларусь, але гэта не заўсёды спрацоўвае. А беларускія спецслужбы актыўна раскручваюць справы аб «агентурнай дзейнасці» і «шпіянажы».
![img_2814_logo_1.jpg img_2814_logo_1.jpg](/img/v1/images/img_2814_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Рызыкі быць затрыманымі для грамадзян ЕС здаюцца крыху вышэй, чым для грамадзян Беларусі. Трэба разумець, што да тых, хто прыязджае, асабліва, з тых краін, якія беларускія ўлады лічаць "варожымі", павышаная ўвага», — лічыць праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук.
Праваабаронцам вядома пра двух грамадзян Латвіі і трох грамадзян Польшчы, асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачанняў у Беларусі. А 3 чэрвеня ў Мінску пачаўся яшчэ адзін закрыты суд — над грамадзянкай Літвы Аленай Раманаўскіене. Што вядома пра крымінальныя справы супраць грамадзян краін ЕС? Разбіралася «Deutsche Welle».
МЗС Літвы: няма падстаў меркаваць, што абвінавачанні абгрунтаваныя
59-гадовую Алену Раманаўскіене ў Беларусі абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасці» (арт.358-1 Крымінальнага кодэкса). Раманаўскіене — ураджэнка Мінска, працавала ў санаторыі «Беларусь» у літоўскім Друскінінкаі, у 2023 годзе балатавалася ў гарадскі савет, паведаміў літоўскі партал 15min.lt . Паводле звестак беларускіх СМІ, 3 чэрвеня ў Мінску пачаўся закрыты суд па яе справе, жанчыне пагражае да сямі гадоў калоніі. Афіцыйнай інфармацыі пра суд не было.
Алена не адзіная грамадзянка гэтай Літвы, якая трапіла пад пераслед у Беларусі. «У нас ёсць інфармацыя пра некалькіх літоўскіх грамадзян, якія затрыманы і/або адбываюць пакаранне ў Беларусі, — паведамілі DW у МЗС Літвы. — У нас няма падстаў меркаваць, што абвінавачанні беларускіх уладаў на адрас грамадзян Літвы абгрунтаваныя».
Глядзіце таксама
![Сілавікі хочуць увесці ў Беларусі кантроль за замежнымі грамадзянамі Паліцэйская дзяржава прапануе замежнікам пагуляць у рулетку](/img/v1/images/_belarus_zyccjo_armija_milicyja_vaennyja_fota_novy_czas_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У ведамстве расказалі, што затрыманым аказваецца консульская дапамога, а таксама адзначылі, што грамадзянам Літвы настойліва рэкамендуюць не ездзіць у Беларусь, «дзе яны могуць быць незаконна затрыманыя, падвергнутыя сфабрыкаваным абвінавачанням і/або дапытаныя беларускімі органамі бяспекі».
«Арыштоўваюць з мэтай аказання палітычнага ціску на Латвію»
Міністэрства замежных спраў Латвіі таксама перасцерагае сваіх грамадзян ад паездак у Беларусь. Паводле звестак ведамства, у 2024 годзе ў Беларусі быў затрыманы адзін грамадзянін Латвіі, у 2023-м — 15, у 2022-м — 13. «Частка згаданых выпадкаў звязаная з рэальнымі парушэннямі закона, але другую частку варта разглядаць як палітычна матываваныя выпадкі, калі людзей арыштоўваюць з мэтай аказання палітычнага ціску на Латвію», — лічаць у МЗС краіны.
У ведамстве адзначылі, што беларускія ўлады «са спазненнем і не ў поўнай меры рэалізуюць права латвійскага консульскага прадстаўніцтва на абарону інтарэсаў грамадзян Латвіі», часам і зусім не адказваюць на запыты. «Бываюць таксама выпадкі, калі латвійскі бок не атрымлівае дазволу на наведванне затрыманых грамадзян. Абмен інфармацыяй па гэтых пытаннях ідзе вельмі павольна, кантралюецца ўладамі рэжыму і з'яўляецца няпоўным», — удакладняюць у МЗС.
У ведамстве не сталі каментаваць DW асобныя выпадкі затрымання грамадзян Латвіі ў Беларусі.
Грамадзянка Латвіі адбывае тэрмін у гомельскай калоніі
Між тым, беларускім праваабаронцам вядома пра дзве палітычна матываваныя крымінальныя справы ў дачыненні да грамадзян гэтай краіны.
Восенню 2023 года ў Беларусі судзілі грамадзянку Латвіі Алу Сакаленка. У прапагандысцкім фільме агенцтва тэленавін «Контрвыведка. Аперацыі беларускага КДБ супраць спецслужбаў Захаду і Украіны», які выйшаў у снежні 2022 года, паведамлялася, што яна «па заданні латвійскіх спецслужб рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала даныя, стварала кампраметуючыя сітуацыі, якія потым і служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі».
На асабістай старонцы ў Facebook Алы Сакаленка пазначана, што жанчына жыла ў Рызе, працавала страхавым агентам.
У Беларусі Сакаленка абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці» (арт.358-1 КК). Дзіяна Пінчук кажа, што тэрмін, да якога прысудзілі грамадзянку Латвіі, праваабаронцам невядомы, але ёсць інфармацыя, што жанчына адбывае тэрмін у гомельскай калоніі.
Грамадзяніна Латвіі прысудзілі да чатырох гадоў
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у сакавіку 2022 года ў Беларусі быў затрыманы 43-гадовы грамадзянін Латвіі Дзмітрый Міхайлаўс. Мужчына быў часова зарэгістраваны ў Мінскай вобласці.
Глядзіце таксама
![Латвія вельмі раіць сваім грамадзянам не ездзіць у Беларусь Спецслужбы Латвіі заклікаюць грамадзян не ездзіць у Беларусь і РФ — ёсць рызыка вярбоўкі](/img/v1/images/granica_15_09_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Яго абвінавацілі ў «закліках да санкцый» (арт.361 КК), «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК), «распальванні варожасці (арт.130 КК). Як тады паведамляла МЗС Латвіі, у Міхайлаўса праверылі тэлефон, і «ўладам не спадабаліся паведамленні, якія асуджаюць рэжым Лукашэнкі».
30 снежня 2022 года Міхайлаўса прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Міхайлаўса і Сакаленка палітвязнямі.
За што ў Беларусі судзілі грамадзян Польшчы?
Першым грамадзянінам Польшчы, прызнаным у Беларусі палітвязнем, стаў Ежы Жывалеўскі. 22 сакавіка 2023 года яго прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі па абвінавачваннях у «агентурнай дзейнасці» (арт.358-1 КК). Суд быў закрытым.
Вядома, што Жывалеўскі родам з польскага Падляшша, ажаніўся з беларускай, жыў у Гродне, займаўся гандлем.
За «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж» (арт.358-1 і арт.358 КК) летам 2023 у Брэсце таксама судзілі Томаша Бярозу. Праваабаронцы мяркуюць, што ён з'яўляецца грамадзянінам Польшчы. Які прысуд вынеслі мужчыну, ім невядома.
Яшчэ аднаго грамадзяніна Польшчы Роберта Тампалу, які жыў у Беларусі з 1990-х гадоў, судзілі за «абразу Лукашэнкі» (арт.368 КК) і «абразу прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК). 17 красавіка 2023 года яго прысудзілі да трох гадоў зняволення.
DW папрасіла МЗС Польшчы пракаментаваць гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, але на момант публікацыі адказу не атрымала.
Крымінальныя справы супраць грамадзян ЕС разглядаюцца ў закрытым рэжыме
Колькасць затрыманых па палітычных матывах грамадзян ЕС можа быць большай, чым вядома праваабаронцам, адзначае Дзіяна Пінчук. У асноўным іх пераследуюць за «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж». Такія справы звычайна разглядаюцца ў судзе ў закрытым рэжыме і знаходзяцца пад грыфам сакрэтнасці.
Глядзіце таксама
![Сітуацыя наконт правоў чалавека ў Беларусі пагаршаецца: Новы даклад ААН ААН: Рэпрэсіі і ўнутры Беларусі, і за яе межамі ўзмацняюцца](/img/v1/images/img_2196_1_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Акрамя гэтага, у адвакатаў, сведак, сваякоў бяруць падпіскі аб неразгалошванні, а перадача любой інфармацыі незалежным СМІ або праваабаронцам, нават пра стан здароўя зняволенага ў турме, цяпер пагражае турэмным тэрмінам за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"», — гаворыць Пінчук.
Паводле слоў праваабаронцы, часта адзінымі крыніцамі інфармацыі становяцца «прапагандысцкія фільмы і прэс-рэлізы афіцыйных ведамстваў». Часам праваабаронцы даведваюцца пра грамадзян краін ЕС ад іх сукамернікаў і былых зняволеных у калоніях.
Замежнікі, адзначае Пінчук, часта застаюцца без неабходнай ім падтрымкі ў месцах зняволення, асабліва калі гаворка ідзе пра адбыванне тэрміну ў калоніі, дзе перадачы дазволеныя толькі ад сваякоў. «Часта ў затрыманых няма сваякоў у краіне, якія маглі б ім перадаць перадачы з неабходнымі рэчамі, сродкамі асабістай гігіены, лекамі і вітамінамі», — кажа праваабаронца.