Хронікі рэпрэсій за 7 чэрвеня: чарговая спецвытворчасць і новыя «экстрэмісты»
Галоўнае з навін пра пераслед унутры Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1303 дні, Дзяніс — 1183.
***
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якую два тыдні таму змясцілі ў СІЗА замест вызвалення з калоніі, знаходзіцца «у вельмі цяжкім псіхалагічным стане». Пра гэта піша «Радыё Свабода» паводле слоў яе мужа Андрэя Шарэнды.
Нейкая неназваная ім крыніца бачылася з Палінай у гомельскім СІЗА і перадала яму свежую інфармацыю пра яе стан:
– З добрых навін — што Паліна жывая, з дрэнных — што яе стан у псіхалагічным сэнсе вельмі і вельмі складаны, цяжкі. Яе працягваюць мучыць, фактычна катаваць. Як яшчэ гэта назваць, калі зноў не вызвалілі, хоць тэрмін скончыўся, а закінулі ў следчы ізалятар і будуць зноў судзіць? Толькі катаваннем. І на сваякоў таксама маральна ціснуць.
Паводле звестак Андрэя Шарэнды, сваякі Паліны спрабавалі перадаць ёй харчовую перадачу, але яе не прынялі.
– Зноў прычына, што нібыта ёй ужо нехта перадаў 30 кілаграмаў прадуктаў — норму на месяц. Гэтым разам невядомыя «добразычліўцы» прынеслі ёй мех старой морквы. Яблыкаў яшчэ няма, як рабілі летась, дык цяпер «дораць» моркву. Здзекуюцца з Паліны і яе сваякоў. Гэта яўна спланаваная, заказаная наверсе правакацыя, якой яны мэтанакіравана дабіваюць невінаватага чалавека.
Маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк была першапачаткова асуджаная на два гады пазбаўлення волі. Потым яе яшчэ двойчы пакаралі па арт.411 Крымінальнага кодэкса за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Такім чынам, агульны тэрмін склаў ужо 4 цалкам адбытыя гады пазбаўлення волі.
Увесь гэты час жанчына падвяргалася моцнаму псіхалагічнаму ціску і спагнанням у калоніях ПК-4 і ПК-24. Таксама з'яўляліся паведамленні, што яе збівалі ў калоніі.
Пэўны час таму праўладныя каналы апублікавалі «інтэрв'ю» з Палінай. У ім яна сказала, што напісала прашэнне аб памілаванні і спадзяецца на станоўчы вынік. Але спадзяванні не спраўдзіліся: у дзень заканчэння тэрміну яе зноў затрымалі і завялі новую крымінальную справу.
***
У Бярозаўцы затрымалі назіральніцу за выбарамі 2020 года Гражыну Гетка. Гэта адбылося 5 чэрвеня, паведаміў ТГ-канал «Задержания, суды в Лиде».
Гэта ўжо другое затрыманне жанчыны за гэты год. Напрыканцы зімы ёй прызначылі 25 сутак арышту.
***
17 траўня суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў Алену Нядбальскую, Паўла і Уладзіміра Джэжэраў да 3 гадоў «хатняй хіміі» паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на прысуд у «банку судовых пастаноў». Вядома пра гэта стала праз 3 тыдні.
Паводле абвінавачання, у 2020 годзе яны ўдзельнічаў у трох акцыях пратэсту, адзін з братоў — у яшчэ адной. У судзе ўсе яны прызналі віну.
Да суду адзін з братоў утрымліваўся ў СІЗА. Нядбальская і іншы брат былі пад закладам у 12 тысяч рублёў.
***
Асуджанага на 15 гадоў і 9 месяцаў анархіста Акіхіра Гаеўскага-Ханаду змясцілі ў ПКТ на 4 месяцы, паведамляе «АЧК-Беларусь».
Анархіста судзілі ў рамках справы «Рэвалюцыйнага дзеяння». Дзесяцярых анархістаў абвінавачвалі па дзесяці артыкулах, сярод якіх — «стварэнне і ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч.ч.1, 2 арт.285 КК), «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» (ч.ч.1, 3 арт.361-1 КК) і іншыя.
Паводле версіі следства, з 2005 па 2020 год неўстаноўленыя асобы пры ўдзеле анархіста Аляксандра Францкевіча і праваабаронцы Марфы Рабковай аб'ядналі «шэраг арганізаваных злачынных груп»: «Рэвалюцыйнае дзеянне», «Народная самаабарона» і «Революційна дія». Гэтыя аб'яднанні, як сцвярджала абвінавачванне, увайшлі ў склад «міжнароднай злачыннай арганізацыі» ў якасці яе структурных падраздзяленняў.
***
Сілавікі затрымалі беларуса за каментары ў сацсетках. Відэа з мужчынам з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, піша «Зеркало».
Затрыманага прымусілі сказаць, што ён трапіў на відэа падчас пратэстаў 2020 года. Таксама ён нібыта пакідаў у сацсетках каментары, «абразлівыя ў дачыненні да людзей іншага меркавання і афіцыйных асоб», і напісаў у бот «Чорнай кнігі Беларусі» з пажаданнем поспеху.
Сілавікам таксама не спадабалася, як мужчына адгукаўся пра «кіраўнікоў Саюзнай дзяржавы»: ён ім жадаў, каб яны «ў апошні шлях пайшлі».
***
За ўдзел у пратэстах і сувязь з ЧКБ затрыманы яшчэ адзін мужчына, паведамляе «Вясна».
На «пакаяльным відэа» ад 6 чэрвеня затрыманы «прызнаецца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога», абразлівых каментарах пра прыхільнікаў улады і вайны ва Украіне. Таксама яго абвінавацілі ў тым, што ён дасылаў праекту «Nexta» паведамленні пра перасоўванне расійскіх войск у Беларусі, а праекту «Чорная кніга Беларусі» — інфармацыю пра супрацоўніка ДАІ.
Мужчыну таксама прымусілі сказаць, што ён «навязваў свайму сыну дэструктыўныю ідыялогію».
***
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Андрэя Прылуцкага, экстрадыцыі якога з Расіі дамагалася беларуская пракуратура, паведамляюць праваабаронцы. Пра гэта стала вядома 6 чэрвеня.
41-гадоваму Андрэю інкрымінаваны арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Яго заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва ўпраўленне СК па Мінскай вобласці.
Андрэй Прылуцкі працаваў на «Беларуськаліі» і далучыўся да страйку з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў. Пад пагрозай арышту ён уцёк у Расію, адкуль збіраўся ляцець ва Украіну, але быў затрыманы ў санкт-пецярбургскім аэрапорце. Мужчына амаль 6 месяцаў правёў у СІЗА, адкуль пазней выйшаў на волю.
***
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 15 чалавек — цяпер у ім 4134 прозвішчы.
7 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі журналіста-фрылансера з Палесся Аляксандра Ігнацюка і велаактывістку з Гомеля Святлану Кароль.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 491 дзень, Максіма Знака — 486 дзён, Мікалая Статкевіча — 482 дні, Ігара Лосіка — 474 дні, Віктара Бабарыкі — 411 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 341 дзень, Уладзіміра Гундара — 308 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1401 палітвязень.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1561 чалавек. Сярод іх — 187 жанчын і 2 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.