«Рыхтуецца да калоніі, вучыцца гуляць у нарды». Апеляцыя журналіста Ігара Карнея адхіленая

Ігар Карней аспрэчваў рашэнне суддзі Мінскага гарадскога суда Сяргея Кацэра, які асудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу памерам 20 тысяч рублёў. Вярхоўны суд падтрымаў вырак суда першай інстанцыі, дзе журналіст быў прызнаны  вінаватым паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

karnej_5.jpg

Разгляду апеляцыйнай скаргі журналіст чакаў у магілёўскім СІЗА, што месціцца ў тамтэйшай турме № 4, распавядае БАЖ. Неўзабаве яго этапуюць на месца адбывання прысуджанага тэрміну зняволення.

Пра ўмовы ўтрымання журналіста вядома няшмат. «На здароўе не скардзіцца. Харчаванне сярэдняе, вагі не набярэш, але руху не хапае, таму не схуднеў. Скардзіцца толькі на цыгарэтны дым у камеры. Камера разлічаная на 18 чалавек, з іх, акрамя яго, толькі адзін не курыць. Праз гэта наскрозь прапах нікацінам», — паведаміла «Свабодзе» сваячка Ігара Карнея.

У Ігара Карнея чатыры дачкі. У канцы траўня адна з дачок журналіста скончыла навучанне ў прэстыжным універсітэце ў ЗША. Але, паводле сваякоў журналіста, ён гэтай важнай для сям’і навіны яшчэ ня ведае.

«Праз інтэрнэт онлайн назіралі цырымонію ўганараваньня магістраў універсітэту, але бацька не мае такой магчымасці. Замест гэтага адукоўвае сукамернікаў, бо большасць не тое што ўніверсітэтаў, школы не заканчвалі. Размаўляе з імі на беларускай мове. Наракае на беднасць турэмнай бібліятэкі, але адзначае, што ўсё ж ёсць шмат беларускай класікі. Чытае Рыгора Барадуліна, Пімена Панчанку, Янку Купалу. Настрой бадзёры, нягледзячы на ўмовы. Рыхтуецца да калоніі — вучыцца гуляць у нарды. Кажа, што там гэта прыдасца», — расказала пра Ігара Карнея суразмоўца.

За кратамі Ігар Карней знаходзіцца ўжо амаль 11 месяцаў: журналіста-фрылансера затрымалі пасля ператрусу ў ягонай кватэры 17 ліпеня 2023 года. Падчас ператрусу сілавікі забралі камп’ютар і іншыя лічбавыя носьбіты інфармацыі, а сваякам спачатку абвясцілі, што ён затрыманы на 10 сутак. Аднак праз некалькі дзён Карнею было прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне, і з ІЧУ на Акрэсціна яго перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Мінску.


Глядзіце таксама

Пра тое, што стала нагодай для затрымання і ў чым канкрэтна звінавацілі журналіста, стала вядома толькі пасля пачатку судовага разбору. Тады афіцыйныя СМІ напісалі, што прычынай стала супрацоўніцтва Карнея з грамадскай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Праваабарончая журналісцкая арганізацыя ў 2021 годзе была пазбаўленая юрыдычнага статусу Вярхоўным судом на патрабаванне Мінюста, а на пачатку 2023 года абвешчаная рашэннем КДБ «экстрэмісцкім фарміраваннем».

1 студзеня 2024 года Ігару Карнею споўнілася 56 гадоў, гэтую дату ён сустрэў у зняволенні. Журналістыкай Ігар зацікавіўся яшчэ ў школе, потым паступіў на журфак Белдзяржуніверсітэта, у студэнцкія гады стаў адным з заснавальнікаў моладзевай аршанскай незалежнай газеты «Лидер». Пазней друкаваўся ў газетах «Знамя юности», «Чырвоная змена», «Комсомольская правда», з 1991 года працаваў у газеце «Звязда».

У 1994–2000 гадах быў карэспандэнтам незалежнага штотыднёвіка «Свободные новости». У 2000 годзе прыйшоў на «Радыё Свабода», але сышоў адтуль, калі рэдакцыя рэлакавалася ў замежжа. У апошнія гады захапіўся краязнаўствам і блогерствам — пісаў артыкулы для краязнаўчага сайта «Крэва.Трэвел».

Сёлета 25 сакавіка беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Карнея палітычным вязнем.