Хронікі рэпрэсій. Сужыцель-ябацька здаў пенсіянерку, і яе асудзілі за «абразу Лукашэнкі»
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 6 чэрвеня.
У судзе Аршанскага раёна і Оршы 4 чэрвеня разгледжаная крымінальная справа палітзняволенага Сяргея Гняўко. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК), прычым паўторна. Справу разглядала суддзя Юлія Вяршыніна.
Першы раз Сяргея асудзілі па гэтым жа артыкуле ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Мінска 5 траўня. Прысуд невядомы, аднак у большасці выпадкаў за абразу Лукашэнкі людзей пазбаўляюць волі.
Па сукупнасці прысудаў да прызначанага пакарання суд часткова далучыў неадбытае пакаранне па папярэднім прысудзе і канчаткова прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска да 2,5 года «хатняй хіміі» прысудзілі начальніка аддзела перавозак аднаго
з дзяржаўных прадпрыемстваў Васіля Лася. Яго прызналі вінаватым за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе паводле ч.
1 арт. 342 КК. Справу разглядала суддзя Юлія Блізнюк.
Паводле матэрыялаў справы мужчына прыняў удзел у Маршы свабоды, «парушаў грамадскі парадак, замінаў працы гарадскога транспарту, не рэагаваў на заклікі спыніць супрацьпраўныя дзеянні».
У судзе Лідскага раёна вынесены прысуд жыхарцы пасёлка Бердаўка пенсіянерцы Таццяне Чэкель, якую абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мішуроў.
Паводле матэрыялаў следства, Таццяна «наўмысна і публічна выказала фразу, якая ўтрымлівае негатыўную ацэнку Аляксандра Лукашэнкі, выяўленую ў непрыстойнай абразлівай форме». Гэтую фразу пачуў сужыцель жанчыны і здаў яе «органам». У прысутнасці міліцэйскага патруля жанчына, якая была нападпітку, нібыта працягвала абражаць Лукашэнку.
Суд прызнаў пенсіянерку вінаватай і прызначыў ёй два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У Мінскім гарадскім судзе 6 чэрвеня пачаўся працэс за ахвяраванні над 56-гадовым айцішнікам Анатолем Валадзько.
Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай
дзейнасці) і арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). Мужчыне пагражае да 12
гадоў зняволення. Справу разглядае Алена
Ананіч.
Паводле сукамерніка, які цяпер на волі, Анатоль адмовіўся выплочваць «ахвяраванні», якія супрацоўнікі КДБ пад пагрозамі прапаноўваюць выплаціць тым, хто рабіў данаты. Наогул мужчына не прызнаў сваёй віны. Сукамернік Валадзько сцвярджае, што гэта паслужыла прычынай далейшага пераследу — адміністрацыйнага і крымінальнага.
Сілавікі апублікавалі «пакаяльнае відэа» са спеваком Сашам Нэма. На ім ён «просіць прабачэння» за тое, што ў 2020-ым годзе ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Сцвярджаецца, што спявак сам прыйшоў да іх, але фактаў не прыводзіцца. Вядома, што цяпер спявак на волі.
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Андрэя
Прылуцкага, экстрадыцыі якога з Расіі дамагалася беларуская пракуратура. 41-гадоваму мужчыну інкрымінаваны арт.
364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў
унутраных спраў). Яго заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва
Упраўленне СК па Мінскай вобласці.
Андрэй Прылуцкі працаваў на «Беларуськаліі» і далучыўся да страйку з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі ды новых выбараў. Пад пагрозай арышту ён уцёк у Расію, адкуль збіраўся ляцець ва Украіну, але быў затрыманы ў Санкт-Пецярбурскім аэрапорце. Мужчына амаль 6 месяцаў правёў у СІЗА, адкуль пазней выйшаў на волю. Пасля гэтага пакінуў Расію.
За ўдзел у пратэстах і сувязь з «Чорнай кнігай Беларусі» затрыманы мужчына — сілавікі пішуць, што ён нібыта «навязваў сыну дэструктыўныю ідыялогію». На відэа затрыманы «прызнаецца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога», абразлівых каментарах пра прыхільнікаў улады і вайны ва Украіне. Таксама яго абвінавацілі ў тым, што ён дасылаў праекту Nexta паведамленні пра перасоўванне расійскіх войскаў у Беларусі, а праекту «Чорная Кніга Беларусі» — інфармацыю пра супрацоўніка ДАІ.
У Беларусі +9 новых палітвязняў. Гэта Віктар
Новікаў, Канстанцін Каляга, Эрык Каласоўскі, Іван Пацко,
Аляксандр Лаўрушчык, Іван Дрык, Павел Сергіеня, Дзмітрый
Філіповіч, Арцём Лапіч. Агулам у спісах «Вясны» цяпер 1400 палітычных зняволеных, але, вядома, насамрэч
іх значна болей.