Вольга Івашына: «Нашае каханне толькі ўзмацняецца»
Сёння наш калега, палітзняволены журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын сустракае за кратамі 45-ты дзень народзінаў. За прафесійную дзейнасць рэжым прысудзіў яму 13 гадоў і 1 месяц турмы. Мы паразмаўлялі з жонкай Дзяніса Вольгай пра пачуцці, якія яе ахопліваюць у гэты дзень, а таксама пра апошнія навіны ад мужа.
![Дзяніс Івашын і Вольга Івашына. Фота Facebook / Volha Ivashyna Дзяніс Івашын і Вольга Івашына. Фота Facebook / Volha Ivashyna](/img/v1/images/447627407_7605873716157836_905177755542745894_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1717666133&w=528)
Дзяніс Івашын і Вольга Івашына. Фота Facebook / Volha Ivashyna
— Вольга, вось ужо два тыдні вы не атрымліваеце ад Дзяніса лістоў. Гэта самы доўгі падобны перапынак у вашай камунікацыі?
— Быў і трошкі даўжэйшы перапынак – недзе з месяц, яшчэ да судзілішча. Тады КДБ проста забараніла нам перапіску.
А зараз я нават не ведаю, што і думаць. Мы дамаўляліся, што ён піша раз на тыдзень — ці да мяне, ці да маці, каб мы ведалі, што ўсё добра. Таму, калі ліст да нас не даходзіць, значыць, штосьці здарылася. А што – мы пакуль не ведаем.
— Вядома што некаторых палітвязняў трымаюць у стане інкамунікады, то бок забароны на камунікацыю. Ці ёсць засцярогі, што рэжым мог зладзіць падобнае і для Дзяніса?
— З тэрарыстамі можна чакаць чаго заўгодна, канешне. Не хацелася б, каб так было.
— Вольга, з-за кратаў Дзяніс прысвячае вам надзвычай кранальныя радкі. Скажыце, што вы адчуваеце, калі разумееце, што палымянае прызнанне каханага мужчыны было напісанае ў такім страшным месцы?
— Думаю, гэта светлыя моманты, калі ў яго атрымліваецца выйсці з тых сценаў у нейкі метафізічны свет, падумаць пра прыемнае. Безумоўна, я пастаянна адчуваю сувязь з Дзянісам, нават праз краты.
![З ліста Дзяніса Івашына да жонкі Вольгі: "Я магу й прызнаюся табе ў каханьні! У тым, што нясьцерпна, невыказальна моцна, апантана й зацята, усёабдымна кахаю цябе! Гэта напаўняе мяне суцэльным шчасьцем, удасканальвае, кшталцуе маю натуру, робіць мяне паўнавартаснаю асобаю. Гартуе мяне на маім фізычным шляху — ўмацоўвае мяне падчас гэтай своеасаблівай Пілігрымкі, Адысэі да цябе". Фота Facebook / Volha Ivashyna З ліста Дзяніса Івашына да жонкі Вольгі: "Я магу й прызнаюся табе ў каханьні! У тым, што нясьцерпна, невыказальна моцна, апантана й зацята, усёабдымна кахаю цябе! Гэта напаўняе мяне суцэльным шчасьцем, удасканальвае, кшталцуе маю натуру, робіць мяне паўнавартаснаю асобаю. Гартуе мяне на маім фізычным шляху — ўмацоўвае мяне падчас гэтай своеасаблівай Пілігрымкі, Адысэі да цябе". Фота Facebook / Volha Ivashyna](/img/v1/images/447402582_7601059746639233_7769541284465273701_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1717666133&w=528)
З ліста Дзяніса Івашына да жонкі Вольгі: "Я магу й прызнаюся табе ў каханьні! У тым, што нясьцерпна, невыказальна моцна, апантана й зацята, усёабдымна кахаю цябе! Гэта напаўняе мяне суцэльным шчасьцем, удасканальвае, кшталцуе маю натуру, робіць мяне паўнавартаснаю асобаю. Гартуе мяне на маім фізычным шляху — ўмацоўвае мяне падчас гэтай своеасаблівай Пілігрымкі, Адысэі да цябе". Фота Facebook / Volha Ivashyna
— Беларускія пары, падзеленыя кратамі, вельмі па-рознаму праходзяць праз гэтае выпрабаванне. А як агулам зняволенне Дзяніса ўплывае на вашыя стасункі?
— Нашае каханне толькі ўзмацняецца. Не ведаю, як гэта магчыма, але так.
— Як вы лічыце, калі Дзяніс выйдзе на волю, між вамі будзе ўсё гэтак жа, як і раней, ці адносіны ўсё ж будуць іншымі?
— Вядома, мы самі будзем ужо іншымі, прайшоўшы праз такія выпрабаванні. Але горш не будзе, адназначна.
— Што новага вы даведаліся пра свайго мужа за час яго зняволення?
— Прынамсі тое, што ён умее пісаць вершы. Раней Дзяніс казаў, што нешта пісаў у падлеткавым узросце (у прынцыпе, напэўна, як і большасць людзей). Але менавіта зараз у яго пачалі атрымлівацца больш сур’ёзныя рэчы. За кратамі шмат вольнага часу, шмат думак, і гэтыя думкі трэба кудысьці змяшчаць. Дзяніс піша шмат патрыятычных вершаў, піша пра свабоду, пра Беларусь… Ну і пра каханне трошкі.
— Мы ведаем, што Дзяніс сядзіць у вельмі страшных умовах. Нягледзячы на гэта, ён піша вам: «Маральна-баявы стан на вышыні!». Адкуль у ім гэтая незламанасць?
— Дзяніс заўсёды быў моцным чалавекам. Яго не зрушыш з таго шляху, на які ён стаў, гэта проста немагчыма.
— Вы таксама робіце гераічную справу, калі кожны дзень нагадваеце свету пра свайго мужа. Скажыце, а што дапамагае вам? Адкуль вы бярэце моц?
— Каб я сама ведала. Проста пакуль не ўвойдзеш у гэтае выпрабаванне, не будзеш ведаць, чаго ты сам варты. Мне часам кажуць, што я моцны чалавек. Які ж я моцны чалавек? Не, гэта не праўда. Але, як аказалася, вытрымаць магу сапраўды шмат. Часам сама дзіўлюся гэтаму. У той жа час, у мяне проста няма выбару.
А што дапамагае трымацца і мне, і бацькам Дзяніса – дык гэта сам Дзяніс. Ён сапраўды вельмі моцны.
![Дзяніс Івашын і Вольга Івашына. Фота Facebook / Volha Ivashyna Дзяніс Івашын і Вольга Івашына. Фота Facebook / Volha Ivashyna](/img/v1/images/132552858_3543035559108359_6914905287760677010_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзяніс Івашын і Вольга Івашына. Фота Facebook / Volha Ivashyna
— Чаму для вас застаецца важным штодня пісаць пра Дзяніса? Як вы лічыце, ці дапамагае гэта яму за кратамі?
— Мы з бацькамі Дзяніса прынялі для сябе адпаведнае рашэнне. Лічым, неабходна, каб пра яго не забывалі, каб яго імя заўжды гучала. Мы хочам кантраляваць працэс, наколькі гэта магчыма, і адразу біць у званы, калі адбываецца нешта не тое.
Маўчаць няма сэнсу – такая наша выснова. Калі нічога не рабіць, не казаць, дык хутка пра Дзяніса забудуцца. Для нас вельмі страшная гісторыя Алеся Пушкіна, пра якога замаўчалі пра нейкі перыяд – і потым напісалі ўжо толькі пра смерць.
Глядзіце таксама
![Лепшыя цытаты Алеся Пушкіна Алесь Пушкін: «Мы прэцэдэнт для нашай краіны. Нас можна задзьмуць у адзін момант, як свечку»](/img/v1/images/359701813_6323514441050797_1665146543278678084_n.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Нядаўна праваабаронца Леанід Судаленка падчас інтэрв’ю сказаў мне, што палітвязням сёння варта спадзявацца толькі на сябе і сваіх блізкіх. Скажыце, вы згодная з такім меркаваннем? З кім альбо з чым вы звязваеце лепшыя спадзяванні на вызваленне Дзяніса?
— Па вялікім рахунку з Леанідам я згодная. Так і ёсць. Дэмакратычныя сілы не ў стане, не маюць ані сродкаў, ані магчымасцяў, каб неяк паўплываць на вызваленне беларускіх палітвязняў.
Адзінае што можа быць сапраўднай сілай, на маю думку — гэта аб’яднанне сваякоў палітвязняў. Калі б такое аб'яданне налічвала некалькі тысячаў людзей, яно сапраўды было б магутнай прадстаўнічай сілай, якая нястомна транслюе адну і тую ж думку. Пакуль мы разрозненыя – мы нічога не можам.
Я лічу, што нам патрэбнае аб’яднанне, але дзеля гэтага патрэбныя супольныя каштоўнасці, прынцыпы – з гэтым у нас вялікія праблемы.
Таму, сыходзячы з таго, што мы маем, сапраўды кожнаму са сваякоў палітвязняў варта спадзявацца толькі на сябе, на нейкія свае кантакты.
Глядзіце таксама
![Леанід Судаленка: Беларускім палітвязням трэба спадзявацца выключна на сябе і сваіх блізкіх Леанід Судаленка: «Беларускім палітвязням трэба берагчы, наколькі магчыма, здароўе, спадзявацца выключна на сябе і сваіх блізкіх»](/img/v1/images/438059894_8102931196402344_7124596035276678552_n.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1716279149&w=660)
— Раней вы казалі, што адзіны шанец для беларускіх палітвязняў – перамога Украіны ў вайне. Вы і сёння прытрымліваецеся гэтай думкі?
— Так, але ў тым сэнсе, што калі Украіна не пераможа – у нас увогуле ніякіх шанцаў. Але для нас шмат што залежыць ад таго, у якім стане Расія скончыць гэтую вайну. Калі яна будзе дастаткова моцнай, каб утрымліваць ва ўладзе Лукашэнку, то і сама па сабе перамога Украіны не дапаможа.
— А наколькі Дзяніс, паводле вашых адчуванняў, абазнаны ў тым, што сёння адбываецца ў свеце?
— Паколькі ён выпісвае сабе прэсу, хай сабе ідэалагічную, у прынцыпе, разумее сітуацыю, хаця б агульна. Але Дзяніс дакладна не ведае, напрыклад, што адбываліся нейкія выбары ў Каардынацыйную раду. Ды і няма сэнсу яму ведаць, бо на ягонае перабыванне ў турме пакуль што гэта ніяк не ўплывае.
— Сёння – чацвёртыя народзіны, якія Дзяніс сустракае ў зняволенні. Распавядзіце, як вы праводзіце дзень народзінаў каханага апошнія некалькі гадоў? Якія пачуцці вас ахопліваюць?
— Бывае па-рознаму. Калі я яшчэ была ў Беларусі, дык нешта гатавала ў гэты дзень для бацькоў Дзяніса. А ўжо тут – няма сэнсу, няма для каго.
Звычайна проста праглядаю фотаздымкі або гляджу фільм, які мы разам глядзелі. Ці проста гуляю па горадзе ў сваіх думках.
Калі Дзяніс быў на волі, у дзень народзінаў мы заўжды збіралі сяброў, сустракаліся з бацькамі, быў торт і свечкі – усё як трэба.
![Дзяніс Івашын. Фота Facebook / Volha Ivashyna Дзяніс Івашын. Фота Facebook / Volha Ivashyna](/img/v1/images/445725817_8027528623978140_4791120789386695891_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1717666133&w=528)
Дзяніс Івашын. Фота Facebook / Volha Ivashyna
— Што б вы хацелі сказаць мужу ў дзень народзінаў, калі б між вамі не было ні цэнзараў, ні кратаў?
— Гэта складанае пытанне. Вядома, хачу пажадаць хутчэйшага ўз’яднання нашай сям’і. Што яшчэ магу яму сказаць? Толькі прызнацца ў каханні.