Стрыжак: Зафіксаваны першы выпадак пазбаўлення актывіста беларускага грамадзянства
Зафіксаваны першы выпадак пазбаўлення актывіста беларускага грамадзянства. Пра гэта паведаміў сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак. Ён не стаў называць імя беларуса з меркаванняў бяспекі, але распавёў некаторыя падрабязнасці.
«Маем першае пазбаўленне грамадзянства за грамадска-палітычны актывізм. Новая рэпрэсіўная практыка, якую мы доўга чакалі», — напісаў Андрэй Стрыжак на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
У каментары «Люстэрку» кіраўнік фонду адмовіўся называць імя пазбаўленага грамадзянства з меркаванняў бяспекі, але распавёў, што грамадзянства той атрымаў пасля распаду Савецкага Саюза.
«У 1991 годзе, пасля развалу СССР, мы ўсе сталі беларусамі, аўтаматычна атрымаўшы грамадзянства Беларусі. Гэта тычылася і тых, хто нарадзіўся ў БССР, і тых, хто жыў доўгі час на яе тэрыторыі. У сувязі з тым, што рашэнні прымаліся аўтаматычна, не заўсёды ўлічваліся нейкія нюансы — прапіска, роднасныя сувязі, месца нараджэння і гэтак далей», — растлумачыў Андрэй Стрыжак.
Паводле яго слоў, падставай для пазбаўлення грамадзянства актывіста сталі якраз тыя самыя «нюансы». Улады палічылі, што адзін з іх з'яўляецца дастатковай падставай для пазбаўлення грамадзянства Рэспублікі Беларусь.
Чалавек даведаўся пра пазбаўленне яго грамадзянства з паведамлення беларускіх органаў.
Паводле наяўнай інфармацыі, ён знаходзіцца ў бяспецы.
Таксама варта адзначыць, што ў 2010 годзе беларускага грамадзянства быў пазбаўлены журналіст Павел Шарамет. Афіцыйнай прычынай стала наяўнасць у яго другога грамадзянства — расійскага.
Пасля падзей 2020 году рэжым Лукашэнкі прыдумвае ўсё новыя спосабы нашкодзіць сваім апанентам. Калі тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, можно проста кінуць за краты, сфабрыкаваўшы «палітычную» крымінальную справу, то з эмігрантамі даводзіцца займацца рэпрэсіўным вынаходніцтвам.
У тых, хто з’ехаў за мяжу, забіраюць права падоўжыць пашпарт, канфіскую маёмасць, ім прысуджаюць завочна вялікія тэрміны, рэпрэсуюць сваякоў. Адна з апошніх навацый — шматлікія крымінальныя справы толькі за тое, што людзі ўдзельнічаюць за мяжой у акцыях салідарнасці.
Пагрозы пазбаўлення грамадзянства таксама неаднаразова агучваліся рэжымам. У мінулым годзе ўлады нават прынялі закон, згодна з якім пры пэўных умовах магчымае забраць у чалавека беларускі пашпарт.
Летась 1 жніўня падчас наведвання Камянецкага раёна Лукашэнка якраз выказаўся на гэтю тэму. Ён заявіў, што пазбаўляць грамадзянства трэба толькі тых «ворагаў, якія змагаюцца супраць сваёй роднай краіны». «Роднай краінай» лукашэнкаўцы звычайна называюць уласную ўладу.
Што да згаданага закона, то ён дапускае пазбаўленне грамадзянства ў выпадку наяўнасці прысуду, які пацвярджае ўдзел гэтай асобы ў «экстрэмісцкай дзейнасці» або прычыненне ім «цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі», калі такая асоба знаходзіцца за яе межамі.
Акрамя таго, пазбаўляць грамадзянства змогуць тых асоб, хто паступіў на вайсковую службу, у паліцыю, органы бяспекі, юстыцыі ці іншыя дзяржорганы замежнай дзяржавы. Тут адразу прыгадваюцца добраахвотнікі палка Каліноўскага, якія абараняюць Украіну ад расійскай агрэсіі.
Зрэшты за мінулы год да практыкі пазбаўлення
грамадзянства рэжым Лукашэнкі яшчэ не звяртаўся. Магчыма, цяпер такі час
надышоў.