Напярэдадні крызісу

«Беларускі эканамічны цуд» пакрысе падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння. Чым далей мы ўзбіраліся на надзьмутую расійскімі датацыямі вышыню, тым больш балюча будзе падаць. Асабліва балюча гэта будзе для тых, хто шчыра верыў у нашу «стабільнасць» і высокі эканамічны рост, які дагэтуль дэкларуецца з высокіх трыбунаў.  



img_9366.jpg

Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь правяло на тыдні аўкцыён па продажы валютных дзяржаўных аблігацый 105 выпуску ў надзеі знайсці 100 мільёнаў долараў, неабходных для абслугоўвання знешняга доўгу краіны, у тым ліку і крэдыту ў 1 мільярд долараў, прадастаўленага Ашчадным банкам «Беларуськалію» пад гарантыі ўрада «сінявокай». Вынікі не радуюць: валюты ў краіне няма. Паводле дадзеных ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», было зарэгістравана 5 здзелак на суму 22,51 мільёна долараў, што складае менш за чвэрць заяўленага аб’ёму. Мяркуючы па ўсім, у бліжэйшы час Мінфін РБ, правёўшы працу з дзяржбанкамі, страхавымі і іншымі кампаніямі, абвесціць аб даразмяшчэнні дадзенага выпуску. Аднак адбудзецца гэта толькі ў наступным месяцы, што не дазволіць уладам часткова прыкрыць зніжэнне золатавалютных рэзерваў у верасні.

Спадзявацца на «традыцыйны» для Беларусі прыход валютных паступленняў у краіну не выпадае. Выручка Беларусі ад экспарту нафтапрадуктаў у студзені-ліпені 2013 знізілася на 2,912 мільярда долараў, альбо на 29,9% у параўнанні са студзенем-ліпенем 2012 года, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. За 7 месяцаў бягучага года на экспарт было пастаўлена 8,994 мільёна тон нафтапрадуктаў, што на 22,1% менш, чым за аналагічны перыяд 2013 года. Экспарт у краіны па-за СНД знізіўся на 28,9% і склаў 6,159 мільёна тон, у грашовым выражэнні аб’ём экспарту ўпаў на 37,4%.

Значнае зніжэнне выручкі тлумачыцца як скарачэннем фізічных аб’ёмаў экспарту, так і зніжэннем экспартных коштаў. Зразумела, бо «разбаўляльна-растваральная афёра» скончылася. У святле таго, што Расія скароціць нам у 4-м квартале пастаўкі нафты, разлічваць на павелічэнне экспарту нафтапрадуктаў таксама не прыходзіцца — нам проста не будзе з чаго гэтыя нафтапрадукты рабіць.

На калій таксама спадзявацца не трэба. Беларусь ужо знізіла вытворчасць калійных угнаенняў у студзені-жніўні 2013 на 11,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года да 3196,7 тысячы тон у пераліку на актыўнае рэчыва. У жніўні вытворчасць калію склала 215,4 тысячы тон, што на 48% менш, чым у ліпені, і на 50,3% менш, чым у жніўні 2012 года, паведамляе той жа Белстат. І тут таксама не прадбачыцца нічога лепшага. «Беларуськалій» нават вымушаны быў спыніць два з чатырох сваіх руднікоў на «планавы рамонт».

Не прадаецца і экспартная прадукцыя. Нават Мясніковіч адзначыў, што ў Беларусі не паляпшаюцца тэндэнцыі па аб’ёмах вытворчасці і рэалізацыі, а таксама запасах гатовай прадукцыі.

А нам трэба валюта, каб расплачвацца па крэдытах. Калі валюты не будзе — краіна можа аб’явіць дэфолт, то бок немагчымасць разлічыцца па знешніх займах.

Але не толькі дзяржава зараз знаходзіцца ў складаным становішчы. Людзі, асабліва тыя, якія глядзяць БТ з іх рэгулярнай канстатацыяй «квітнеючай Беларусі», таксама адчулі гэтае «квітненне» ў сваіх кішэнях. Найперш гэта тычыцца тых, хто набраў рублёвых крэдытаў.

Згодна паведамленню Нацбанка, праблемная запазычанасць па рублёвых крэдытах вырасла за студзень-жнівень на 79,1% да 208,3 мільярда беларускіх рублёў. Нягледзячы на гэта, банкі працягваюць нарошчваць аб’ём выдадзеных фізічным асобам крэдытаў у нацыянальнай валюце. На 1 верасня 2013 года аб’ём крэдытаў склаў 48,195 трыльёна рублёў, павялічыўшыся на 23,6% з пачатку года.

Між тым, запазычанасць па валютных крэдытах зніжаецца: рэшта такой запазычанасці знізілася на 28,4% за 8 месяцаў бягучага года да 98,7 мільёна долараў на 1 верасня 2013 года (з 2009 года дзейнічае забарона на валютнае крэдытаванне фізічных асоб). Праблемная валютная запазычанасць склала 15,5 мільёна долараў, знізіўшыся на 18,8% з пачатку года.

То бок, валютныя крэдыты паціху-патроху аддаюцца, чаго не скажаш пра рублёвыя. Альбо насельніцтва чакае дэвальвацыі, каб хутка пагасіць свае пазыкі «патаннеўшымі» грашыма, альбо на прадпрыемствах перасталі павышаць заробак. У святле таго, што кошты растуць рэгулярна, грамадзяне проста не разлічылі свае фінансавыя магчымасці, набраўшы крэдытаў больш, чым яны могуць аддаць.

А насельніцтва чакаюць яшчэ горшыя часы. Мы шмат пісалі пра тое, што імклівае падражанне паліва напачатку верасня выкліча і іншыя наступствы. Гэтага доўга чакаць не прышлося. Нягледзячы на тое, што ў сакавіку мінскія ўлады адмовіліся ад планаў павышэння платы за праезд, зараз яны вымушаныя вярнуцца да гэтай ініцыятывы. Намеснік дырэктара ГП «Мінсктранс» Ірына Якубоўская паведаміла, што дакумент аб падвышэнні кошту праезду з 1 кастрычніка на 500 рублёў да 2,5 тысяч рублёў пададзены на ўзгадненне. Гэта выклікана ростам коштаў на паліва.

Як вядома, рост кошту праезду ў Мінску аўтаматычна цягне за сабой адпаведнае павышэнне коштаў і ў рэгіёнах. Так што салодка не будзе нікому.

Збегчы ад эканамічнага крызісу, набываючы больш якасныя і больш танныя тавары за мяжой, пакуль што можна. Але хутка будзе нельга. І не толькі з-за таго, што наш любімы ўрад абмяркоўвае ініцыятыву не менш любімага Аляксандра Рыгоравіча пра выязную пошліну «100 баксаў на рыла». Нядбайная свінячая гаспадарка з яе афрыканскай чумой таксама ўносіць свае карэктывы ў сітуацыю.

Украіна ўвяла часовыя абмежаванні ў працы пунктаў спрошчанага пропуску на мяжы з Беларуссю. Па інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, у сувязі з санітарна-карантыннымі мерапрыемствамі з 20 гадзінаў 25 верасня 2013 года ў спрошчаных пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу Украіны і Беларусі часова забаронены рух транспарту.

Пропуск грамадзян у гэтай катэгорыі пунктаў пропуску будзе ажыццяўляцца ўкраінскім бокам толькі ў пешым парадку, усе транспартныя сродкі (у тым ліку матацыклы і ровары) будуць перанакіроўвацца на бліжэйшыя міждзяржаўныя і міжнародныя пункты пропуску для правядзення неабходных відаў кантролю.

Збегчы ад крызісу не атрымаецца.